Валанцёр і актывіст з Маладзечна Канстанцін Чыкалаў. Фота Настассі Уткінай.

Расказваем пра валанцёра Канстанціна Чыкалава, які арганізаваў у Маладзечне рух дапамогі пацярпелым на мітынгах

У першыя дні пасля выбараў менавіта Канстанцін стаяў каля Маладзечанскага райаддзела міліцыі і збіраў інфармацыю пра тых, каго затрымлівалі па палітычных прычынах. Ён арганізаваў ініцыятыву by_help Molo, якая дапамагае пацярпелым псіхалагічна, юрыдычна і матэрыяльна.

Мы папрасілі Канстанціна расказаць пра тое, як адбылося стварэнне ініцыятывы, якой аказалася гэта праца і што прывяло яго да такой ідэі.

Выбары сталі выклікам для ўсіх

– Я сам быў затрыманы ў 2006 годзе, адбыў 10 сутак на Акрэсціна. Тады нікога так не збівалі, як сёлета. І калі былі затрыманні іншых, мы з сябрамі стараліся дапамагаць.

Ініцыятыву па Маладзечне стварыў 10 жніўня, калі заўважыў, што пасля 9 адбыліся жорсткія затрыманні. Стварыў суполку ў тэлеграме. У першыя дні пад РАУС я дзяжурыў адзін, каб сустрэцца з роднымі затрыманых. Каб паспець паразмаўляць з тымі, каго выпускалі, прапанаваць дапамогу. Ведаю людзей, якія гатовыя дапамагаць, і сам меў досвед працы валанцёрам. Так што запусціць ініцыятыву не было складана.

Пасля далучыліся і іншыя валанцёры – людзі, якія працавалі бясплатна. Тады ўжо складалі графік дзяжурства.

Мне вельмі падабаецца, што Беларусь пачала мяняцца. Пачаліся салідарныя дзеянні, так шмат узаемадапамогі. Многія з тых, хто бачыў гвалт міліцыі, не могуць заставацца простымі назіральнікамі. Дапамагалі арганізаваць транспарт, зрабіць перадачу, дапамагчы медыцынскімі паслугамі.

Агулам пасля палітычных мерапрыемстваў у Маладзечне затрымалі больш за 250 чалавек. І недзе палова з іх не выйшла з намі на кантакт. Некаторых звезлі ў іншыя гарады, яны выходзілі і не ведалі пра нашу суполку. Да ініцыятывы далучыліся праваабаронцы, гатовая бясплатна дапамагчы юрыдычная кансультацыя №2.

Многія выйшлі з псіхалагічным прыгнётам. Некаторым патрэбная была дапамога, каб скласці скаргу ў Следчы камітэт на беззаконныя дзеянні сілавікоў. Спадзяюся, усе гэтыя справы будуць разглядацца ў будучым справядлівым судом.

Аднаго мужчыну шпіталізавалі пасля збіцця сілавікамі. Абяцалі лячэнне да верасня, а пасля падачы скаргі ў Следчы камітэт вырашылі, што яго можна выпісваць. Нават пасля ўсяго гэтага дзяржаўныя органы не прызнаюць свае дзеянні, і нават працягваюць ціск.

Аказваць псіхалагічную дапамогу далучыліся многія арганізацыі па Маладзечанскім раёне. Па гэтым пытанні можна звярнуцца ці да нас, ці адразу да іх.

Але і псіхолагі ўпершыню сутыкаюцца з такімі праблемамі. Так што для спецыялістаў гэта таксама выклік. У Мінску праводзілі трэнінг, каб хутка навучыць спецыялістаў.

Некаторыя выходзілі і ні з кім не размаўлялі

Былі такія выпадкі, калі людзі выходзілі з ізалятара часовага ўтрымання і нават з намі, валанцёрамі, не размаўлялі. Іх там настолькі запужалі, што баяцца абскарджваць свае прыгаворы. Да таго ж ім давядзецца вярнуцца і даседжваць свае суткі. Людзі псіхалагічна і так няўстойлівыя, а яшчэ разумеюць, што ў любы момант іх могуць забраць туды. Таму вельмі-вельмі важна ўсім пацярпелым звярнуцца да нас ці любой іншай ініцыятывы, якая аказвае псіхалагічную дапамогу. Калі гэта кінуць, могуць быць больш сур’ёзныя наступствы.

Многім людзям пашкодзілі, напрыклад, мабільныя тэлефоны, і набыць сабе новы для многіх складана. Таму мы арганізавалі збор сродкаў, каб дапамагаць у тым ліку з матэрыяльнымі рэчамі.

У некаторых затрыманых выбітыя зубы. Спадзяюся, у горадзе знойдуцца стаматалагічныя цэнтры, якія гатовыя ім дапамагаць.

Гісторыі затрыманых не могуць не ўразіць. Сярод іх былі людзі, якія прыехалі з вёсак, якія былі нязгодныя з тым, што адбываецца, што іх галасы скралі. Выйшлі на мірны мітынг, каб іх пачулі. З сям’ёй аднаго з іх сустрэліся каля міліцыі. Чалавек відаць, што вельмі мяккі і добры, а яго брат у ізалятары. Мяне кранула, як ён перажываў за брата, кожны дзень прыходзіў і даведваўся, як ён. Былі выпадкі, калі людзям не казалі праўду пра тое, дзе знаходзіліся іх родныя. За гэта было адначасова і крыўдна, і злосна – ну як так можна ставіцца? Людзі прыйшлі даведацца пра сваіх родных, іх стан, дзе яны, а ім нават такую інфармацыю не даюць, а калі і даюць, яна непраўдзівая.

Калі людзі выходзілі і расказвалі пра тое, што адбывалася за агароджай міліцыі, гэта моцна ўражвае. Мне было вельмі складана эмацыйна бачыць усё гэта. Часам было складана стрымліваць слёзы. Сярод затрыманых былі і знаёмыя.

Міліцыя пайшла на кантакт з намі адзін раз. 11 жніўня далі спіс затрыманых за 9 і 10 жніўня.

11 ці 12 жніўня мы бачылі, што ў спісе ёсць дзяўчаты, яны расказвалі, што іх таксама збівалі. Але ёсць яшчэ каля дзесяці дзяўчат, якія не выйшлі з намі на сувязь. Пасля мы зразумелі, што некаторых людзей выпускалі ноччу, калі валанцёры не дзяжурылі. Магчыма, гэта рабілі наўмысна, каб мы з імі не сустрэліся, не маглі распытаць, што з імі адбывалася, сфатаграфаваць.

Для нас важна, каб людзі, якія былі затрыманыя, звярталіся па дапамогу – юрыдычную, матэрыяльную і псіхалагічную. Нашы рэсурсы не бясконцыя, але мы гатовы дапамагаць. І самі затрыманыя, і іх блізкія цягам месяца могуць спраўляцца самастойна з псіхічным станам. Але ёсць верагоднасць развіцця посттраўматычнага сіндрома, які можа ў іх праявіцца, і вывесці з яго будзе больш складана. Таму пацярпелым варта тэрмінова звяртацца па дапамогу.

Калі вас або вашых сваякоў затрымалі за ўдзел у палітычных мерапрыемствах, ёсць людзі, якія гатовыя вам дапамагчы. Каб атрымаць псіхалагічную, юрыдычную або матэрыяльную дапамогу, звярніцеся ў тэлеграм-суполку by­­_help Molo.

Канстанцін Чыкалаў на Камчатцы. Фота забяспечанае Канстанцінам Чыкалам.

Актывізм пачаўся з экалогіі

Мы папрасілі Канстаніцна падрабязней расказаць пра тое, як ён прыйшоў да актывізму. Аказалася, што ўсё пачалося з любові да прыроды. Маладзечанец Канстанцін Чыкалаў – адзін з заснавальнікаў грамадскай арганізацыі «Багна».

Ад 2012 года займаліся абаронай беларускіх балот, ад 2014 года займаемся абаронай дзікай прыроды. Асаблівай увагай надзяляюць тыя тэрыторыі і віды, якія маюць каштоўнасць і важныя для захавання.

– Я ўсё жыццё быў актыўным. Са школы цягнула да экалогіі, абароны прыроды. Вучыўся на хіміка-біялагічным кірунку ў гімназіі №10. Калі ў старэйшых класах запрасілі перад класам расказаць, кім мараць стаць, агучыў, што хачу стаць абаронцам прыроды. Заўсёды любіў вандраваць, бавіць час у лесе, заўсёды быў з прыродай. Тата працуе доктарам, мама – бібліятэкарам. Так што я заўсёды чытаў часопісы «Вокруг света», GEO, National Geographic.

Пасля школы пайшоў вучыцца ва ўніверсітэт імя Сахарава на медыка-біялагічную справу. Спадзяваўся атрымаць патрэбныя веды, але на справе аказалася, што гэта зусім не тое, што цікавіла. Убачыў, што памыліўся з выбарам.

Сустрэў валанцёрскую праграму, дзе прапаноўвалі на год паехаць на Камчатку і працаваць у прыродным парку. Менавіта гэта мяне заўсёды вабіла. Даслаў дакументы, і мяне прынялі. Той час 2010-2011 быў для мяне неверагодным. У Беларусі тады таксама было шмат падзей. Сачыў праз інтэрнэт і перажываў за краіну.

Праца на Камчатцы была разнастайная. Займаліся навуковай дзейнасцю, сачылі за птушкамі, жывёламі. Адзначалі іх, лічылі ў дзікай прыродзе, пракладалі маршруты, каб весці навуковыя назіранні за прыродай. Дапамагалі рамантаваць і будаваць турыстычную інфраструктуру для прыродных паркаў.

Два месяцы я пражыў у дзікай прыродзе ў паляўнічым доме. Там жыў, назіраў за прыродай, запісваў з’явы.

Баранілі месца нерасту ласося ад браканьераў. Былі заўсёды без зброі, хаця там было шмат мядзведзяў. На маё шчасце, небяспечных выпадкаў з мядзведзямі не было. Неяк за адзін дзень сустрэлі 11 мядзведзяў, яны заўсёды збягалі. Для мяне сустрэць дзікую жывёліну ў прыродзе – заўсёды шчасце і нешта незвычайнае.

Была небяспечная сітуацыя зімой. Дарог на Камчатцы няма, а часам трэба даехаць у аддаленае месца. Часта ездзілі па прыродным парку з інспектарамі, якія там працавалі. Выязджаем, і раптам пачынаецца бура. Перастаеш бачыць, куды едзеш, губляешся. Адзіны варыянт – рушыць па навігатары, але ж ты не бачыш, што наперадзе. Было, што ў снегаходзе заселі ў полі. Трэба было пазмагацца, каб не застацца там, у тундры, на ноч.

Калі вярнуўся, яшчэ доўга ўсё гэта перажываў, часта прыгадваю Камчатку ў размовах з сябрамі. У многіх ёсць мара туды паехаць. Мне самому хацелася б туды вярнуцца.

Абараняў балоты

Калі вярнуўся ў Беларусь, даведаўся, што тут ёсць праблема з балотамі. Працягваюць праводзіць асушэнні, і акурат у межах прыродных тэрыторый, што па законе забаронена. Атрымліваецца, дзяржаўныя органы заплюшчылі вочы на статус тэрыторый і гатовы былі адрэзаць кавалак, каб аддаць пад здабычу торфу.

Мы сабраліся ініцыятывай, арганізавалі нацыянальную кампанію «У абарону беларускіх балот», нават атрымалі ўзнагароды за дзейнасць. За час працы арганізацыі ўдалося захаваць чатыры балоты. Мы дамагліся таго, каб удзельнічаць у распрацоўцы закона «Аб ахове і выкарыстанні балот», у выніку чаго магчыма захаваць усе некранутыя балоты. А торф здабываюць з балот, якія былі раней асушаныя. Іх трэба ці забалочваць, ці спачатку выбраць торф, і ўжо пасля гэтага ўзнаўляць.

Экалогія і палітыка

У нашай дзейнасці мы сутыкаліся з праблемамі, калі працавалі з дзяржаўнымі ўстановамі. Калі мы толькі пачыналі супрацоўніцтва з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, яно вырашала нашмат больш пытанняў. Хацелася б больш смелых крокаў з іх боку, а не адмоўчвання.

Зразумеў, што гэта прэзідэнцкая кампанія будзе іншай, калі да яе далучыліся людзі, раней зусім далёкія ад палітыкі. Прыход гэтых людзей стаў промнем святла, і гэта моцна натхніла на новыя крокі, быць смелым і рашучым.

рэгіён

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (уключаючы рэгіён).

Прыйшла ў актывізм, каб уплываць і змяняць

Актывізм – гэта змяняць свет вакол да лепшага

Галоўнае ў актывізме – знайсці аднадумцаў