Проста зараз адбываецца анлайн прэс-канферэнцыя Каардынацыйнага савета для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ.

На пытанні журналістаў адказваюць Павел Латушка, Марыя Калеснікава і Максім Знак.

У гарадах Беларусі стыхійна фарміруюцца ініцыятыўныя групы. Яны займаюцца пытаннямі, якія прапануе Каардынацыйны савет, напрыклад, адкліканне дэпутатаў. Але іх дзеянні часта дэцэнтралізаваныя, падтрымкі ад КС на месцах не адчуваюць. Журналісты пацікавіліся, ці ёсць механізм камунікацыі з саветам у рэгіянальных ініцыятыў.

Спікеры паведамілі, што сёння мае адбыцца пашыранае пасяджэнне Каардынацыйнага савета, дзе пытанне ўзаемадзеяння з рэгіёнамі будзе абмяркоўвацца. Разам з тым, як адзначыў Павел Латушка, ініцыятывы ў рэгіёнах — гэта выдатна, пры гэтым КС не будзе навязваць сваю павестку, бо абстаноўка ў кожным з рэгіёнаў мае свае асаблівасці.

Але КС гатовы аказваць прававую дапамогу ініцыятывам, якія звяртаюцца на гарачую лінію савета.

Таксама прадстаўнікі Каардынацыйнага савета расказалі, што ў пашыраным складзе на сёння ўжо больш за чатыры тысячы сяброў і нагадалі, што далучыцца да яго могуць ахвотныя, якія адпавядаюць і падзяляюць ідэі рэгламенту.

У бліжэйшы час запусцяць электронную платформу, з дапамогай якой сябры пашыранага складу змогуць дзяліцца ініцыятывамі і аб’ядноўвацца ў рабочыя групы па вырашэнні тых ці іншых пытанняў у межах рэгламенту КС з дапамогай мадэратараў і сяброў асноўнага складу Каардынацыйнага савета.