Маладзечанцы на экскурсіі. Фота Аксаны Ярашонак.

У апошні дзень лета экскурсаводы-валанцёры Іна Высоцкая і Ірына Багамолава правялі экскурсію па Маладзечне. Сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Былі сем’і з дзецьмі.

На Цэнтральнай плошчы прыгадалі, што 1944-1960 гадах была Маладзечанская вобласць. Менавіта для абласнога цэнтра і будавалася плошча. У будынках у цэнтры горада павінна была размясціцца абласная адміністрацыя. У часы Маладзечанскай вобласці з’явіўся абласны драмтэатр і тэатр лялек «Батлейка».

Экскурсаводы нагадалі, што на месцы сённяшняга фантана «Папараць-кветка» падчас кіравання горадам Генадзя Карпенкі ўсталявалі помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі». У 2011 годзе помнік перанеслі на кут парка ў Зялёны гарадок.

– А ў 2013 годзе гарадскія ўлады прыбралі помнік з вачэй у глыбіню парка, дзе ён стаіць і цяпер, – нагадала Іна Высоцкая.

Ля Мінскага абласнога краязнаўчага музея згадалі гісторыка, навукоўца і пісьменніка Генадзя Каханоўскага. Прыйшлі да думкі, што гэта чалавек, мемарыяльная дошка ў гонар якога павінна з’явіцца ў горадзе, як і дошка ў гонар Генадзя Карпенкі.

Дзякуючы Генадзю Каханоўскаму, які быў спачатку супрацоўнікам, а потым дырэктарам музея, у фондах ёсць шмат каштоўных артэфактаў, у тым ліку знакаміты слуцкі пояс. Каханоўскі адкрыў і фальварак Ракуцёўшчына як месца адпачынку паэта Максіма Багдановіча.

З-за сваёй пазіцыі навукоўцу не заўсёды было лёгка працаваць у савецкія часы. Так, адну з сабраных ім экспазіцый аб’явілі антысавецкай, хацелі прыбраць яго з пасады. Але заступіліся вядомыя беларускія пісьменнікі, у тым ліку Янка Брыль.

Ля музея прыгадалі Генадзя Каханоўскага

Тут жа, са слоў экскурсаводаў удзельнікі экскурсіі даведаліся, што на месцы вядомага Шталага-342 у Маладзечне быў дулаг – перасыльны лагер часоў Другой сусветнай.

Будынак з гісторыяй каля вакзала.

Будынак, дзе цяпер вісіць гэтая мемарыяльная дошка, узводзілі прыкладна ў адзін час з Лібава-Роменскай чыгункай (канец 19-пачатак 20 стагоддзяў). Спачатку пабудавалі два паверхі, пазней дабудоўвалі трэці.

Мемарыяльная дошка адсылае нас да падзей Першай сусветнай. Дарэчы, у 10 арміі Заходняга фронту, Савет якой месціўся ў гэтым будынку, служыў інтэндантам будучы тэатральны дзеяч Ігнат Буйніцкі. Штаб гэтай арміі, па словах экскурсаводаў, месціўся ў раёне цяперашняй Бухаўшчыны.

Экскурсаводы расказваюць пра жанчыну-вайскоўца Першай сусветнай Марыю Бачкарову.

Удзельнікі экскурсіі наведалі таксама вакзал, памятны знак у гонар гісторыка Міколы Ермаловіча, пабылі ля дома, дзе жыла Ядвіга Раздзялоўская і даведаліся пра жыццё і творчасць мастачкі.

На працягу ўсёй экскурсіі ўдзельнікаў суправаджала міліцыйская машына. Экскурсаводы адзначылі, што першы раз працуюць пад наглядам міліцыі.

Калі ўдзельнікі экскурсіі прыпыніліся на Цэнтральнай плошчы, да іх пад’ехала міліцыйская машына.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский