1 Верасня у пятай школе. Фота Яўгеніі Прыгодзіч.

У школах Маладзечна Дзень ведаў прайшоў па-рознаму. У многіх установах адукацыі на ўрачыстасці дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі.

Мама першакласніка з СШ №2 расказвае:

– Ад гэтага дня дваістыя ўражанні. З аднаго боку, хацелася свята для дзіцяці. З іншага, відавочная нацягнутасць паміж бацькамі і адміністрацыяй. На ўрачыстасці на вуліцы былі першакласнікі, дырэктар, некаторыя педагогі, бацькі.

Звычайна на лінейках дораць кнігу нібыта ў якасць падарунка ад Аляксандра Лукашэнкі, «Мая Радзіма – Беларусь». Нам не дарылі.

дзеці пайшлі ў клас, і на першы ўрок бацькоў у школу не пусцілі, сказалі, што ў 18 гадзін бацькоўскі сход. Бацькоў у школу будуць пускаць толькі першыя два тыдні ў сувязі эпідэміялагічнай абстаноўкай. Так, гэта для бяспекі дзяцей, але ў той жа час першакласнікі зусім маленькія, і ім спатрэбіцца дапамога бацькоў. Што тычыцца выбараў, то на ўчастку ў 2 школе, лічу, пратакол напісалі па-чалавечы. Хаця ўпэўненасці ў тых лічбах няма.

У СШ №5 для дзяцей правялі свята 1 Верасня. Першакласнікаў і 11-класнікаў павіншавалі, зладзілі невялікую праграму, і дзеці пайшлі на ўрокі. Часткі з урачыстым узняццем дзяржаўнага сцяга і праслухоўвання гімна не было.

Мама першакласніка гімназіі №7 сказала, што акрамя гімна і падняцця дзяржаўнага сцяга на свяце не было нічога ідэалагічнага. На ўроку дарылі кнігу «ад прэзідэнта», ад якой жадаючыя маглі адмовіцца. Атмасфера свята была.

Маці другакласніка гімназіі-каледжа мастацтваў сказала, што на ўрачыстасці не было намёкаў на палітыку або ідэалогію. Усё зладзілі хутка і па тэме школы. А пасля выступлення дырэктара амаль ніхто не апладыраваў.

У школу №14 пайшло сем першых класаў. Дзяцей сабралі ў актавай зале. Іх віншавала дырэктар Каліна Капуцкая, паказалі некалькі музычных і харэаграфічных нумароў. Пра ідэалогію, сцяг і гімн нічога не казалі. Крыху расказалі пра вучобу. Маці першакласніка заўважыла, што амаль усе дзеці былі з кветкамі. У тым ліку і яе дзіця – таму што іх першая настаўніца ў выбарчай камісіі не ўдзельнічала.