Пра гэта нам паведамілі жыхары горада.
– 25 жніўня мы зладзілі акцыю у памяць пра Мікіту Крыўцова. Думалі, дзе зрабіць народны мемарыял: на цэнтральнай плошчы ці ля помніка Вільяны. Усё ж вырашылі, што лепш з Вільянай, чым з Леніным. Тым больш, даведаліся, што Вільяна – абаронца нябожчыкаў, – расказвае віляйчанка Алеся.

Гараджане прынеслі партрэт, са свечак выклалі імя «Мікіта», паставілі некалькі лампадак. Шмат хто прыносіў чырвоныя і белыя кветкі. Ужо пасля 25 жніўня людзі часам падыходзілі вечарамі да помніка, запальвалі лампадкі.

– Учора раніцай, 2 верасня, бачыла, што мемарыял быў на месцы. А калі ехала ля 18.00, фотаздымка ўжо не было, жывыя, незасохлыя яшчэ кветкі тырчалі са сметніцы, там жа была і пабітая лампадка, – кажа Алеся.
Нагадаем, што дэманстранта, фаната ФК «Маладзечна» Мікіту Крыўцова пахавалі ў Маладзечне 25 жніўня. 9 жніўня мужчына быў на акцыі пратэсту ў Маладзечне.

Мікіта не выходзіў на сувязь з роднымі ад 11 жніўня. Апошні раз яго бачылі раніцай 12 жніўня. У Мікіты засталася 5-гадовая дачка. Цела мужчыны знайшлі 22 жніўня ў лесе Партызанскага раёна Мінска.
Фота з суполкі Это Вилейка, Детка.
• Текст доступен на языке: Русский