Ад 10 да 16 жніўня праходзіў традыцыйны сямейны роварны паход па Міншчыне, Гродзеншчыне і Віцебшчыне. Група ў складзе 12 чалавек – жыхароў Маладзечна, Мінска і Гродна – праехала 310 кіламетраў за сем дзён. Самаму старэйшаму ўдзельніку, Вячаславу Жураўлёву, было 75 год, самаму маладому, Мацвею Самсановічу, – 16. Уражаннямі ад паходу падзяліўся арганізатар Сяргей Бялкоў.

Ад Маладзечна да Крулеўшчыны

– Наш маршрут прайшоў праз Маладзечна, вёску Заброддзе на Вілейшчыне, Смаргонь, Свір, Камаі, Паставы, Варапаева, вёскі Гута, Казлоўшчына, Парыж. Былі мы на крыніцы Грамякі, у Глыбокім і на возеры Белым. Скончыўся паход на станцыі Крулеўшчына. Там мы селі на цягнік Полацк-Маладзечна і даехалі дадому, – расказвае Сяргей Бялкоў.

Рамонт.

У Камаях арганістка Алена Ваўжук зладзіла турыстам экскурсію па кканцэрт арганнай музыкі са спевамі. Некаторыя ўдзельнікі групы ўпершыню пачулі арган. У крыніцы Грамякі кожны ахвотны мог акунуцца. Праўда, такіх знайшлося няшмат. Нават у спякотныя дні тэмпература вады тут не вышэй за восем градусаў.

Мой суразмоўца, ураджэнец Віцебшчыны, адзначыў, што на яго радзіме ёсць шмат чыстых азёраў.

Калі заехалі на Віцебшчыну, маршрут планавалі такім чынам, каб раніцай маглі купацца ў адным возеры, а ўвечары – у другім.

 

Як абраць месца для начоўкі

Месца для начоўкі выбіраюць бяспечнае, з чыстай пітной вадой і дровамі. Турысты практыкуюць спыняцца ля аграсядзіб і вёсак, бо не заўсёды вядома, ці ёсць забарона на наведванне лясоў. Гаспадары сядзіб звычайна не супраць, калі турысты размяшчаюцца ў іх на сотках.

Заброддзе. Барыс Цітовіч ладзіць экскурсію.

На некаторых месцах, напрыклад, на возеры Белым, турысты спыняюцца ўжо каля 20 гадоў, таму добра яго ведаюць. Калі ж абіраць месца для начлегу па карце, могуць быць сюрпрызы, сцвярджае суразмоўца. Па яго назіраннях, цяпер прырода вельмі хутка мяняецца. Азёры апошнія 20-30 год зарастаюць, забалочваюцца.

Сняданне, абед і вячэру турысты, часцей за ўсё, гатуюць самі. Радзей могуць зазірнуць у кавярню ці набыць батон з малаком.

А самы важны ў ровары – багажнік

Традыцыя сямейных паходаў у Маладзечне закладзеная ад пачатку 1990-х.

– Яшчэ калі мае дзеці былі малыя, мы ездзіліў паходы некалькімі сем’ямі. Дзеці выраслі, але традыцыя засталася. Пра паходы турысты даведваюцца дзякуючы клубу «Пілігрым», клічуць сваіх знаёмых з іншых гарадоў, – расказвае Сяргей Бялкоў.

Падчас падрыхтоўкі да паходу вызначаюць ролю кожнага ўдзельніка. Сёлета Ганна Будзько адказвала за харчаванне. Яе муж Віталь быў фатографам. А з рамонтным майстрам Юрыем Самсановічам турысты не хваляваліся за тэхнічны стан сваіх ровараў.

Матвей – самы малады ўдзельнік пахода.

Роварны паход – самы лёгкі на сёння, лічыць мой суразмоўца. Бо ўвесь груз – на багажніку:

– Для турыста трэба абавязкова мець ровар з багажнікам. А да яго – спецыяльны роварны заплечнік. Звярніце ўвагу, 90 працэнтаў ровараў сёння – без багажніка. Гэта прагулачны варыянт, але не турыстычны.

Білет на цягнік: на ровар даражэйшы, чым на гаспадара

Пытаюся, ці лёгка ў Беларусі раварыстам ехаць у цягніку. Па словах Сяргея Бялкова, асаблівых праблем няма:

– Беларускія цягнікі ў нас пакуль без абсталяваных месцаў. Але ж набываем два білеты – на ровар і на сябе.

Цікава тое, што білет для ровара каштуе даражэй, чым для мяне, пенсіянера.

На думку суразмоўцы, паход – гэта магчымасць праверыць побытавыя навыкі, паглядзець, як ты зможаш быць на прыродзе.

Турысты на “Эйфелевай вежы” ў вёсцы Парыж.

– Ведаю выпадак, калі студэнты-трэцякурснікі, 20-гадовыя хлопцы з Мінска, прыехалі на станцыю Зялёнае з замарынаваным шашлыком і пасля дажджу не змаглі развесці касцёр. Так з шашлыком дамоў і паехалі, – дзеліцца турыст.

Маладзечанец Віталь Будзько: Асабліва запомнілася Заброддзе

Падзяліцца ўражаннямі ад першага ў жыцці роварнага паходу мы папрасілі і маладзечанца Віталя Будзько. Да турызму яго далучыла жонка Ганна.

– Канешне, часам нялёгка круціліся педалі пад горку. Але не было мэты паставіць нейкі рэкорд. На маршруце – шмат яркіх аб’ектаў. Найбольш запомніўся музей Цітовічаў пад адкрытым небам у Заброддзі на Вілейшчыне. Гістарычныя або краязнаўчыя музеі ёсць у любой мясцовасці, але ў Заброддзі музей вельмі своеасаблівы…

…Па словах удзельнікаў паходу, турысты ўжо чакаюць новага сезона, каб чарговым летнім ранкам зноў увасобіць сваю даўнюю традыцыю – выпіць кубак кавы ў… возеры.

Фотаздымкі Віталя Будзько.

• Текст доступен на языке: Русский