Фота Настассі Уткінай.

Маладзечанец Дзмітры Бялоў расказаў пра тое, якім быў для яго вечар 10 жніўня. На мужчыну напалі ў двары за былым магазінам «Елгава» Там стаяў яго аўтамабіль.

– Прыкладна ў 21:30 прыехаў сюды. У доме па Хмяльніцкага жывуць мае бацькі. Збіраліся гэтым вечарам сустрэцца з былымі аднакласнікамі. Пайшоў у магазін, купіў цыгарэты, квас. Каля аўтобуснага прыпынку сустрэў былога свайго кіраўніка з завода металаканструкцый. Ён з жонкай прагульваўся, вось мы разам глядзелі з боку на тое, што адбываецца. Даносіўся голас супрацоўніка аховы парадку, каб разышліся. Моладзь хадзіла туды-сюды, усё было бяскрыўдна. У нейкі момант натоўп пабег. Убачылі, што па баку каля гімназіі №6 рушыць група сілавікоў у камуфляжы, са шлемамі, дубінкамі, сабакамі.

Сілавікі параўняліся з «Рублёўскім», сталі фарсіраваць агароджу, перайшлі на бег і пабеглі да натоўпу, які стаяў каля «Рублёўскага». У кагосьці з людзей быў сцяг. Мы зразумелі, што сітуацыя напружваецца, каб не было непрыемнасці, вырашылі разысціся. Яны пайшлі ў бок дому, я завярнуў у двор да машыны. Закурыў, папіў квасу. Пасядзеў у машыне хвілін дзесяць.

Здаецца, сітуацыя супакоілася, людзі ходзяць. Выйшаў. Хвілін 15 патаптаўся каля дома, сустрэў знаёмага, разгаварыліся. Нейкія хлопцы спрабавалі ламануць рэкламны шчыт. Зрабіў ім заўвагу. Я не супраць акцый, маніфестацый, але ж навошта вандалізмам займацца.

Вярнуўся ў машыну, завёў рухавік, уключыў святло, сядзеў курыў. Якраз збіраўся з’язджаць. Праз праём паміж дамамі ламануўся натоўп. Зразумеў, што пачаўся другі этап штурму. Народ рынуўся ўрассыпную па двары. Людзі з бліжэйшых пад’ездаў не заставаліся ў баку – хтосьці трымаў дзверы ў пад’езд, хтосьці клікаў забягаць, некаторыя падтрымлівалі з балконаў. Раз бегаюць людзі, я ж не паеду. Думаю, пачакаю, калі разбягуцца. Следам за імі бяжыць натоўп праваахоўнікаў. Форма цёмная, штаны з вузкімі лампасамі, не ведаю, ці гэта АМАП. Частка пабегла за натоўпам пратэстуючых.

Чалавек 8-10 акружылі маю машыну, ніхто не назваўся, выламалі дзверы з боку кіроўцы. Пачалі крычаць «Глушы машыну, што ты тут свеціш!». Пытаюся, а што здарылася, я ж у сваёй машыне, нікога не чапаю. Спрабаваў штосьці патлумачыць. Ніхто мяне не слухаў, пасыпаўся град удараў на машыну. Дакладна бачыў у праёме дзвярэй чатыры сілуэты. Двое білі дубінкамі, спрабаваў абараніцца, даставалася ў асноўным па левай руцэ і назе. Адзін спрабаваў трапіць у галаву, зарадзіў у левае брыво. Ад чацвертага прыляцела каленам у рэбры – два тыдні ні чхануць, ні кашлянуць. Раздзерлі на мне майку, залілі левы бок, шыю, грудзі пярцовым балонам.

Паловай правага вока, куды яшчэ не зацёк перац, яшчэ нешта бачыў. Спрабавалі вырваць мяне з машыны, я нешта крычаў.

У мяне білет БРСМ-аўца, быў кіраўніком пярвічкі ў гімназіі №10, у свой час прымаў актыўны ўдзел. Калі працаваў на заводзе металаканструкцый па лініі БРСМ, ездзілі на пасадкі дрэў, суботнікі, розныя акцыі. Я падаваўся ў шэрагі грамадскіх дружыннікаў, нам давалі пасведчанні. Нашым абавязкам было садзейнічаць органам правапарадку ў выпадку нестандартных сітуацый. Я пра гэта крычаў, спрабаваў патлумачыць, хто я, але ніхто не слухаў.

Разумею, што калі яны мяне дастануць, то на мне жывога месца не застанецца. Інстынктыўна завёў машыну, уключыў заднюю перадачу. У цемры было складана разабраць, хто вакол аўтамабіля. Здаў да бацькоўскага пад’езда. Праз разбітае лабавое шкло бачыў сілуэты, за мной гналіся. Была думка толькі не ўрэзацца ў аўтамабілі на паркоўцы або сметніцу. Даехаў да бацькоўскага пад’езда, развярнуўся і паехаў уздоўж парку. І паехаў да знаёмых, з якімі і збіраліся сустрэцца гэтым вечарам, пазваніў брату.

Ён дапамог машыну зачыніць, сцягнуць з мяне рэшткі майкі. Аднакласніца вынесла вады, дапамагала трымацца ў прытомнасці да трох гадзін ночы. Разоў 20 ці 30 схадзіў у ледзяны душ, каб змыць з сябе перац. Пякло неверагодна. Спрабавалі і малаком, і смятанай, і кефірам, растворам соды. Інтэрнэт ледзь працаваў, шукалі метады барацьбы з пярцоўкай.

Абклалі цела нарэзанымі агуркамі – знайшлі параду праз ледзь працуючы сігнал. І толькі ў тры ночы змог неяк легчы.

Сябры сфатаграфавалі Бялова ў ноч з 10 на 11 жніўня.

Знаёмы сказаў звяртацца ў пракуратуру. У пракуратуры параілі напрамкі звярнуцца ў Следчы камітэт. Там следчы склаў пратакол, накіравалі на здымак, бо балелі рэбры. Доктар сказаў, што моцны ўдар, як аблегчыць стан. Узялі аналіз на алкаголь. Медэкспертыза зафіксавала ўдары на руцэ, назе, удар рэбраў.

У машыне разбілі лабавое шкло, цалкам разляцелася шкло над багажнікам, выламаныя дзверы з боку кіроўцы. Калі збягаў ад сілавікоў, ратуючы жыццё, не змог нават яе толкам зачыніць. Разбітая фара, шмат адмецін ад дубінак на корпусе. 15 удараў дубінкамі было дакладна.

Прыйшла папера са Следчага камітэта, што следчыя дзеянні працягваюць да 10 верасня.

Калі вы або вашы блізкія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў або былі затрыманыя 9-13 жніўня, калі ласка, звяжыцеся з рэдакцыяй па адрасе: regionnews@rh.by.

• Текст доступен на языке: Русский