На пляцоўцы гуртка "Жывая планета" можна было пагуляць з вялікім слімаком.

У суботу, 5 верасня, у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Вілейцы прэзентавалі дзейнасць гурткоў, якія будуць тут працаваць у гэтым навучальным годзе.

Цэнтр месціцца па адрасе Савецкая, 54 – у будынку, які памятае настаўніка і  мастака Уладзілава Страмінскага і вучня Яўгена Скурко (будучага паэта Максіма Танка). Канцэрт і работу пляцовак планавалі зладзіць на вуліцы, аднак восеньсвае пахмурнае надвор’е крыху змяніла планы.

На мерапрыемства запрасілі вучняў вілейскіх школ – патэнцыйных наведнікаў гурткоў. На канцэрце ў актавай зале выступіў дзіцячы вакальны гурт «Званочкі», гледачам прапанавалі гульні і загадкі. А педагогі па вакалу і фартэп’яна расказалі пра свае гурткі:

– Тых, хто хоча навучыцца прыгожа спяваць і даведацца, што такое сальфеджыа, запрашаю ў вакальную студыю «Канфеці». Наша студыя яшчэ маладая, ёй чатыры гады. Аднак мы з маімі вучнямі ўжо маем перамогі ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, часта выступаем на гарадскіх святах, – адзначыла кіраўнік вакальнай студыі Дыяна Рагозіна.

Гледачы.

Пасля дзеці рушылі ў спартыўную залу, дзе работнкі цэнтра – педагогі дадатковай адукацыі – прадстаўлялі гурткі. Тут жа працавалі фотазоны.

На пляцоўцы «Жывая планета» можна было паглядзець і пагладзіць хамяка, марскую свінку і слімака.

А самыя смелыя садзілі на далоні вялізных прусакоў.

Пляцоўка па акцёрскім майстэрстве дала магчымаць адчуць сябе на сцэне – паказаць жырафа і змяю, радасць і здзіўленне.

На адной з фотазон.
На адной з выстаў.

Мастацкія гурткі падрыхтавалі некалькі выстаў, зладзілі майстар-клас па вырабе бранзалетаў з паперы. А на пляцоўцы тэхнічнай творчасці прадэманстравалі, якія машыны на пульце кіравання можна сабраць самастойна.

На пляцоўцы гуртка “Тэхнічная творчасць”.

– Нашы гурткі бясплатныя. Дзяцей запісваем на працягу ўсяго навучальнага года. У рамках тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі, мы зладзілі сённяшнюю прэзентацыю. Мерапрыемствы будуць на працягу ўсяго тыдня, да 12 верасня. У буднія дні ад 8.00 да 17.00, а ў выхадныя ад 10.00 да 13.30 дзеці могуць прыйсці адны, могуць з бацькамі, каб даведацца пра нашы гурткі і клубы, – расказала дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Рыжэвіч.

Белы і чырвоны – спрадвечныя беларускія колеры.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский