Вольга ідзе на суд. Фота аўтара.

Учора, 7 верасня, у Вілейскім раённым судзе было пасяджэнне па справе Вольгі Шостак. Вольгу судзілі па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Па рашэнні суда, Вольга павінна заплаціць штраф – 20 базавых велічынь. Гэта 540 рублёў.

Суддзя на пасяджэнні – Таццяна Борыс, абаронца – Андрэй Барташэвіч.

Вольга – педагог, працуе метадыстам у Вілейскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яна мама дваіх непаўнагадовых дзяцей.

У судзе Вольга і яе абаронца размаўлялі па-беларуску. Весці пасяджэнне на беларускай мове папрасілі ў хадатайніцтве і суддзю. Аднак суддзя хадатайніцтва не задаволіла.

Іншае хадатайніцтва – далучыць да справы шматлікія дыпломы і падзякі розных узроўняў, што атрымала Вольга за чатыры гады, задаволілі.

– Гэтыя дыпломы сведчаць пра тое, што я -сумленная, законапаслухмяная грамадзянка, шмат рабіла для таго, каб праславіць родную Вілейшчыну. Апошнія некалькі год я кіравала праектам «Планета навуковых цудаў». Я і мае вучні маем мноства дыпломаў і лістоў падзякі. Дзякуючы нашай дзейнасці Вілейка атрымлівала спонсарскую дапамогу, у Цэнтры дадатковай адукацыі з’явіўся стэм-клас і 3D-прынтар.

Вольга таксама адзначыла, што ў 2019 годзе атрымала Ганаровую грамату ад упраўлення адукацыі, спорту і турызму. А ў сакавіку 2020 года яе кандыдатуру прапанавалі на Дошку гонару гэтай установы.

– Я заўсёды ішла насустрэч уладам і выступала за дыялог, – падсумавала Вольга.

Па словах Вольгі, Дошку гонару яна сфатаграфавала сабе на памяць. І не думала, што здымак мусіць выкарыстоўваць у судзе. Фота Вольгі – другое справа ў апошнім радзе.

Суддзя агучыла пратакол, згодна з якім 24 жніўня, ад 19.00 да 20.30, Шостак прыняла ўдзел у несанкцыянаваным мітыгну побач з плошчай Свабоды без дазволу на гэта райвыканкама.

Вольга не пагадзілася з пратаколам. Яна згадала артыкулы 2, 3, 4, 7, 33, 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сказала, што кіруючыся гэтымі артыкуламі, хацела правесці сустрэчу з вілейчукамі 24 жніўня ў 19.00. У гэты ж дзень начальнік міліцыі Вілейкі Аляксандр Бяндасаў сказаў ёй, што трэба перавесці сустрэчу ў прававое поле – гэта значыць, атрымаць дазвол Вілейскага райвыканкама на правядзенне сходу жыхароў.

Уладзімір Шостак (на першым плане) прыйшоў падтрымаць жонку.

– Я ў той жа дзень пайшла ў выканкам і напісала гэтую паперу. Адказ мне аддалі ў 18.55. Аказваецца, такі запыт трэба падаваць за 15 дзён і гэта платная паслуга. Я пайшла на плошчу, дзе ўжо сабраліся людзі і дала ім пачытаць дакумент. Хвілін праз 20 пачалі разыходзіцца. Я і некалькі чалавек пайшлі ў бок плошчы Свабоды. Па дарозе абмяркоўвалі, як запрасіць на сустрэчу дэпутата Ірыну Супрановіч. Асабістых меркаванняў я не выказвала, уладу не абражала.

Сказала, што Вілейскі край – гэта дыямент. І абыходзіцца з ім трэба па-гаспадарску. Раней, калі я хваліла Вілейшчыну, мне не давалі штрафаў.

Суддзя запыталася ў Вольгі, ці ведала яна пра Закон аб масавых мерапрыемствах. Жанчына адказала, што асабліва не ведала, бо кіруецца асноўным законам – Канстытуцыяй.

На думку Вольгі, дзіўна, што Канстытуцыя кажа пра свабоду сходаў і мітынгаў, а ў іншых актах (Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.01.2019 №49, «РГ») пішуць пра тое, што за такія мерапрыемствы, аказваецца, трэба плаціць.

Вольга таксама спаслалася на 112 артыкул Канстытуцыі, знодна з якім суды дзейнічаюць на аснове Канстытуцыі і нарматыўных актаў, якія адпавядаюць ёй. Калі падчас разгляду канкрэтнай справы суд бачыць неадпаведнасць нарматыўнага акта Канстытуцыі, то ставіць пытанне аб прызнанні яго неканстытуцыйным.

Абаронца Андрэй Барташэвіч звярнуў увагу на тое, што сустрэча, праведзеная 24 жніўня, мітынгам не была. Яго падабаронная не збірала людзей спецыяльна, не вызначала месца, не абараняла падчас сустрэчы асабістыя інтарэсы.

Сведкам па справе выступіў супрацоўнік Вілейскага РАУС Аляксандр Пушкарэвіч. Па яго словах, 1 верасня ён атрымаў ад кіраўніцтва заданне праманіторыць ютуб-канал «Вилейка для жизни»:

– Я заўважыў відэазапіс, зроблены на плошчы 24 жніўня. Убачыў там прыкметы правапарушэння. Напісаў пра гэта рапарт свайму начальніку.

Абаронца:

– Чаму вы палічылі Шостак парушальніцай?

Сведка:

– Яна не проста стаяла моўчкі, як большасць людзей. Доўга гутарыла, выказвала перакананні. Што канкрэтна гаварыла, не памятаю.

Абаронца:

– Чаму вы палічылі дадзенае мерапрыемства масавым?

Сведка:

– Там былі бел-чырвона-белыя сцягі.

Абаронца:

– Для вас крытэрый масавага мерапрыемства – бел-чырвона-белы сцяг? Які дакумент пацвярджае гэта?

Сведка:

– Я гэтага не казаў.

Абаронца:

– Як вы вызначылі, што людзі спецыяльна прыйшлі? Можа, яны выпадкова сабраліся?

Сведка:

– Гэта не было падобна на выпадковасць. Далейшай праверкі я не праводзіў. Склаў рапарт і перадаў кіраўніцтву. І ўсё.

Падтрымка.

Суд вывучыў пісьмовыя дакументы па справе, прагледзеў стрым з мерапрыемства 24 жніўня.

Пастанавілі на Вольгу Шостак накласці штраф у памеры 20 базавых – 540 рублёў.

Пасля суда мы пагутарылі з Вольгай.

– Ці чакалі вы такога прыгавору?

– Ведала дакладна, што будзе штраф. Але спадзявалася на меншую суму. Усё ж я законапаслухмяная грамадзянка. Гэты быў мой першы суд.

– У зале суда было шмат людзей. Хто прыйшоў вас падтрымаць?

– Звычайныя неабыякавыя вілейчукі, з якімі я пазнаёмілася гэтым летам, калі яшчэ мірныя акцыі былі дазволеныя. Былі таксама і знаёмыя настаўнікі. Дзякуй землякам за падтрымку.

– Ці будзеце вы абскарджваць прыгавор?

– Абавязкова. Я не лічу сябе вінаватай. Я шукала і шукаю дыялогу паміж дэпутатамі і выбаршчыкамі. Лічу, што праўда і сумленне павінны перамагчы.

• Текст доступен на языке: Русский