Фота J★МОРС.

Пра адмену канцэрта паведаміў гурт, адпаведная аб’ява размешчаная каля касы.

Палац культуры накіраваў зварот прадпрыемству, з якім заключалі дагавор аб правядзенні канцэрта 15 студзеня. Зварот датаваны 9 верасня.

У звароце адзначана: «У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя аб абмежаванні правядзення мерапрыемстваў, на падставе вашых зваротаў, канцэрт пераносіўся, што адбілася на продажы білетаў…

Да цяперашняга часу эпідэміялагічная абстаноўка не стабілізавалася, што ўплывае на рэалізацыю білетаў і, адпаведна, на рэнтабельнасць праекта.

Акрамя таго, у апошні час грамадзяне вяртаюць білеты ў сувязі з неспрыяльнымі прагназуемымі ўмовамі надвор’я.

Улічваючы вышэйсказанае, праводзіць мерапрыемства лічым немэтазгодным. Прапануем вам падпісаць пагадненне аб скасаванні дамовы або разгледзець пытанне аб пераносе мерапрыемства.»

У афіцыйнай суполцы гурта скрын зварота суправаджаецца наступным допісам:

«Мы да апошняга спадзяваліся, што не давядзецца рабіць такі пост. Яшчэ ўчора вечарам мы ладзілі рэпетыцыю і рыхтаваліся сустрэцца з вамі на сённяшнім канцэрце ў Амфітэатры. Але ў лісце змешчаныя прычыны, па якіх сённяшні канцэрт у Маладзечне не адбудзецца.

Адміністрацыя літаральна за суткі да канцэрта ўсвядоміла складанасць эпідэміялагічнай сітуацыі ў горадзе. Высновы рабіце самі. Скажам толькі, што ні разу за дзесяцігоддзі нашай гастрольнай дзейнасці канцэрты не адмянялі за суткі па Ўказаных прычынах.

Мы зрабілі ўсё магчымае, каб новая дата канцэрта была вядомая ўжо сёння. І яна ёсць – 11 снежня 2020 года.»