Дырэктар маладзечанскай гімназіі №6 Ала Ярашэвіч падала ў суд на Паліну Ганецкую, якая працавала назіральнікам на выбарчым участку ў гэтай школе. У гімназіі размяшчаўся Елгаўскі выбарчы ўчастак №10.

Ярашэвіч заявіла, што Ганецкая абразіла яе ў гімназіі 10 жніўня, на наступны дзень пасля выбараў. Пасяджэнне па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні прайшло 4 верасня. Справу разглядала суддзя Іна Каханоўская.

Паліне 31 год, яна працуе сацыяльным работнікам па доглядзе за інвалідам другой групы, гадуе 12-гадовую дачку.

Паводле пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, здарэнне адбылося каля 10:20 у панядзелак, 10 жніўня ў гімназіі №6. Ганецкая «наўмысна абразіла Ярашэвіч непрыстойнымі словамі ў непрыстойнай форме, чым прынізіла гонар і годнасць Ярашэвіч». Ганецкая віну не прызнавала.

Ала Ярашэвіч – дырэктар гімназіі №6. Ганецкую ведае таму, што тая была назіральнікам на выбарчым участку ў гімназіі. Ярашэвіч была на гэтым участку старшынёй выбарчай камісіі.

Паліна Ганецкая.

Канфлікт: версія Ярашэвіч

На судзе дырэктар гімназіі расказала сваю версію падзей 10 жніўня. Ад 8 раніцы яна прыступіла да працы ў якасці дырэктара гімназіі. Пасля 10 гадзін пачула крыкі і гучную размову на калідоры. Выйшла ў фае, убачыла там Ганецкую. Тая спыталася, дзе пратаколы вынікаў галасавання. Яны ўжо былі знятыя. Пратакол быў вывешаны ад раніцы, яго знялі каля 10 гадзін.

– Патлумачыла, што мы ўжо не выбарчая камісія, а гімназіі №6. Яна абразіла мяне. Мне 60 год, і ў такім узросце я ўпершыню перажываю такое! Зайшла ў кабінет, выпіла таблеткі ад ціску. Я адпрацавала 40 год педагогам, у тым ліку 10 год дырэктарам, ніколі і з нічыіх вуснаў не чула абразаў. Прытым што мае дзеці старэйшыя за гэту дзяўчыну.

Пры канфлікце прысутнічала вахцёр Тамара Мікуліч, сакратар гімназіі Ірына Садоўская. Ганецкая папрасіла Ярашэвіч паведаміць, якую фразу яна вымавіла. Дырэктар па распараджэнні суддзі напісала яе на паперы. Абаронца Ганецкай задаў пытанне, у што яго падабаронная была апранутая ў той дзень. Дырэктар адказала, што не памятае. Сказала, што калі маральна саспела, то і напісала заяву ў міліцыю:

– Я не заслужыла таго, каб дзяўчына, удвая маладзейшая за мяне, так зняважыла без ніякіх падстаў. Я ёй нічога кепскага не зрабіла. Стварылі ўсе ўмовы для іх працы.

Канфлікт: версія Ганецкай

– Канфліктаў да 10 жніўня ў нас не было. Толькі была размова пра тое, што колькасць запісаных людзей у мяне была меншая, у іх большая на 12 чалавек. Ала Іванаўна папрасіла выправіць дадзеныя ў маёй запісной кніжцы, каб не ствараць праблем у далейшым. Я выправіла. Пасля 20 гадзін мы ў якасці незалежных назіральнікаў папрасіліся ў кабінет. Нас папрасілі выйсці. Мы прачакалі да 12 гадзін ночы, каб азнаёміцца з пратаколам. Раніцай 10 жніўня я пайшла, каб азнаёміцца з пратаколам. Не ўбачыла пратакол на дзвярах школы, зайшла ўнутр. Вахцёр сказала, што пратаколы знялі каля 10 раніцы, яна іх бачыла, але не сфатаграфавала.

Вахцёр параіла звярнуцца з пытаннем да дырэктара. Ярашэвіч выйшла з кабінета. Па словах Паліны, яна задала пытанне пра пратакол.

– Нейкага ўцямнага адказу я не атрымала. Спыталася, як мне азнаёміцца з дадзенымі. У адказ мне – мы ўсё знялі, мы не выбарчая камісія, а звычайная школа. Пра пратакол пыталася разы чатыры, і размова перайшла на павышаны тон з абодвух бакоў. Калі сыходзіла, я сказала Але Іванаўне, што будзем падаваць на яе скаргі. У адказ – падавайце, рабіце, што хочаце. У гэты момант яна ішла ў кабінет. У спіну я кінула «Чаму вы ўвогуле можаце навучыць нашых дзяцей?». Развярнулася і моцна грукнула дзвярыма. Яна выбегла за мной і нешта крыкнула ў след. Што, не пачула, таму што набірала па тэлефоне сяброўку.

Ганецкая сказала, што словы, якія ёй ставіць у віну Ярашэвіч, яна не казала.

Суд задаў Ганецкай пытанне, калі яна не казала абразаў, для чаго дырэктару яе агаворваць. Жанчына разважала, што дырэктара маглі запалохаць магчымыя скаргі, пра якія назіральнік казала. Штуршком магло быць вывешванне дыпломаў і грамат з рознымі допісамі на варотах школы.

Паліна дадала, у што яна была апранутая ў той дзень – чорная майка, белыя штаны, абгорнутая ў бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняй.

Сведкі

У якасці сведкаў па справе выступілі падначаленыя пацярпелай – сакратар гімназіі і вахцёр.

Сакратар Садоўская сказала, што паклікала дырэктара і пайшла да сябе ў кабінет. У час канфлікту была ў кабінеце, але ўсё чула. Ганецкая размаўляла на павышаных танах, у канцы сказала непрыстойныя словы. І што пасля яна гэта пытанне з дырэктарам не абмяркоўвала.

Вахцёр Мікуліч чула гутарку паміж жанчынамі. З яе слоў, Ганецкая пыталася, якімі былі вынікі пратакола. На што Ала Іванаўна адказала, што не памятае. Пасля чаго Ганецкая выказала абразу і пайшла.

Суд высветліў, што ў холе гімназіі вядзецца відэаназіранне і запатрабаваў запісы, якія паказваюць разглядаемы канфлікт. Дырэктар гімназіі аддала суду відэазапісы з дзвюх камер. Яны запісваюць толькі відэа, без гуку. Было заўважна, што Паліна была абгорнутая ў сцяг.

Суд задаў бакам пытанне, ці хацелі б яны прымірыцца. Ганецкая сказала, што гатова прымірыцца. Пацярпелая сказала, што варыянт магчымы. Бакі ўзялі час на перамовы.

Прымірэнне

Пасля абмеркавання Ярашэвіч сказала суду:

– Я гатова прабачыць чалавеку, калі больш гэтых інсінуацый не будзе. Я ішла сюды агрэсіўна настроеная, але прыгадала выраз «Крыўдзіцца – па-чалавечы, прабачаць – па-боску». Толькі з-за таго, што яна гадуе маленькае дзіця, гатова ёй дараваць, калі яна папросіць прабачэння.

Ганецкая пагадзілася.

Суд пастанавіў вызваліць Паліну Ганецкую ад адміністрацыйнай адказнасці і спыніць у яе адносінах вытворчасць па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў сувязі з прымірэннем пацярпелай з асобай, у адносінах да якой вёўся адміністрацыйны працэс.

Паліна Ганецкая падзялілася пасля суда:

– Я за мірнае ўрэгуляванне. Было відавочна, што пагражае максімальны штраф. Гэта справа не вартая тых грошай. Аддаць іх, каб пацешыць самалюбства, не вельмі хацелася. Яшчэ зачапіла несправядлівасць. Яны ж бачылі, што мы чакаем пратакол, дык чаму было не сказаць, што будзе з васьмі раніцы вісець?

Атрымліваецца, са мной як выбаршчыкам не лічацца. А мой жа голас важны!

Ала Ярашэвіч таксама пракаментавала вынік суда:

– Я стала ўдавой у 32 гады, выгадавала дваіх дзяцей. Калі даведалася, што ў дзяўчыны ёсць дзіця, якое гадуе адна, гэта мяне кранула. І толькі гэта дало падставу, каб ёй прабачыць.

Думаю, будзе ўрок на будучыню – за кожнае слова трэба трымаць адказ.

Хаця калі ішла сюды, вельмі патрабавальна ставілася да сітуацыі. Я ведаю, што такое спачуванне. І што ў некаторых сітуацыях людзям трэба прабачаць.