8 верасня выбаршчыкі Маладзечанскай выбарчай сельскай акругі №73 сустрэліся з дэпутатам Алегам Семенчуком. Выбаршчыкі паразмаўлялі з ім пра прэзідэнцкія выбары і гвалтоўныя разгоны мірных пратэстаў.

Сустрэча без прэсы, толькі з шасцю выбаршчыкамі

У Маладзечанскую выбарчую сельскую акругу №73 уваходзіць Валожынскі раён, Радашкавічы і ўсе сельскія Саветы, а таксама маладзечанскі раён Залінейны. Дэпутатам гэтай акругі з’яўляецца Алег Семянчук.

Уладзімір Крот.

Аб сустрэчы з дэпутатам Нацыянальнага сходу Семенчуком дамаўляўся жыхар Краснага Уладзімір Крот. Па яго словах, сустрэцца масава з усімі ахвотнымі Семянчук не пажадаў, дамовіліся на сустрэчу толькі з шасцю выбаршчыкамі, якія прадстаўлялі розныя населеныя пункты акругі.

Таксама на мерапрыемства не запрасілі прадстаўнікоў прэсы. Першапачаткова ініцыятарамі сустрэчы сталі жыхары Краснага. Яны сустрэліся са старшынёй Красненскага сельскага Савета дэпутатаў Валянцінай Кісель, і ўжо пасля яе захацелі сустрэцца з дэпутатам Нацыянальнага сходу, якім з’яўляецца Семянчук.

На пачатку сустрэчы дэпутат і выбаршчыкі абгаварылі рэгламент, колькі часу будуць выказвацца выступоўцы. На сустрэчу дэпутат выдзеліў толькі адну гадзіну. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі Краснага Уладзімір Крот і Ганна Верацейка, Яўген Сімалацар з Радашкавічаў, Раман Гардзяюк з Ракава, Ілля Сеннікаў з Чысці і прадстаўнік маладзечанскага Залінейнага раёна Андрэй Мацевіч.

З чым ішлі выбаршчыкі на сустрэчу

Выбаршчыкі падалі зварот да дэпутата, у якім прапісалі тры галоўныя пункты.

Па-першае, яны даручылі дэпутату Семенчуку накіраваць дэпутацкія звароты ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт для высвятлення прычын неўзбуджэння крымінальных спраў па фактах гібелі ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў і фактах катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі, як пры іх затрыманні, так і ў перыяд зняволення ва ўстановах праваахоўнай сістэмы.

Па-другое, ініцыяваць стварэнне ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дэпутацкай камісіі для аб’ектыўнага расследавання і прававой ацэнкі фактаў гвалту падчас акцый пратэсту; разгледзець факты супрацьпраўных дзеянняў як пратэстоўцаў, так і супрацоўнікаў МУС і іншых сілавых структур.

Па-трэцяе, ініцыяваць унясенне змяненняў у заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Пра што атрымалася паразмаўляць з Семенчуком

Жыхар Радашкавічаў Яўген Сімалацар стаў першым выступоўцам.

– Думаю, што ўсе згодныя, што ў краіне адбываецца сацыяльна-палітычны крызіс. Ужо бачныя эканамічныя наступствы гэтага крызісу, яго трэба вырашаць. Чым больш крызіс зацягваецца, тым больш буйнымі будуць яго наступствы.

Сімалацар задаваў Семенчуку пытанні пра магчымыя выпадкі фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Мінску, а таксама пра ўжыванне гвалту з боку праваахоўных органаў у паслявыбарны перыяд. Адной з просьбаў Сімалацара была просьба накіраваць дэпутацкі зварот у сілавыя ведамствы – Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт – каб высветліць, на якім этапе знаходзяцца расследаванні ўжывання гвалту супраць пратэстоўцаў на тэрыторыі выбарчай акругі.

Семянчук пачаў адказ з выбараў. Ён адзначыў, што галасаваў датэрмінова і за дзеючага прэзідэнта. Семянчук упэўнены ў перамозе Лукашэнкі.

– Вы кажаце пра парушэнні, але я як дэпутат не магу праверыць гэтыя выпадкі. Ніколі не ўдзельнічаў у выбарчых камісіях, але не магу паверыць, што там фальсіфікавалі. Я веру людзям. Ёсць органы, якія гэтым павіны займацца і расследаваць.

Семянчук дадаў, што не прымае гвалту, не пераносіць падман і хлусню.

– Я цікавіўся, што адбываецца па Маладзечанскім раёне: сёння ідуць следчыя мерапрыемствы. Тыя, хто перавысіў паўнамоцтвы, аказваў гвалт, правакаваў, павінны быць пакараныя, з усіх бакоў.

Раман Гардзяюк з Ракава ў Валожынскім раёне распавядаў пра працу незалежных назіральнікаў, якія былі вымушаныя сядзець на прыступках каля выбарчых участкаў. Падзяліўся шматлікімі назіраннямі па ўчастках на выбарах на Валожыншчыне. Таксама дадаў, што ўсіх зніклых падчас пратэстаў у Валожынскім раёне знайшлі.

– Усё выглядае так, што ўлада змяняе чарговасць разглядання спраў. Разглядаюцца толькі справы пра несанкцыяніраваныя масавыя мерапрыемствы, а вось дзе справы пра збіццё і катаванні людзей? – задаўся пытаннем Гардзяюк.

Яўген Сімалацар, Андрэй Мацэвіч, Уладзімір Крот, Ганна Верацейка.
Яўген Сімалацар перад сустрэчай з дэпутатам.

Семянчук адказаў, што не ўпэўнены, што на тэрыторыі рэгіёна ёсць дакладна зафіксаваныя факты ўжывання гвалту. Ганна Верацейка патлумачыла, што ў яе шмат знаёмых пацярпелі пасля пратэстаў, але яны не хочуць прыходзіць на сустрэчы з дэпутатамі.

– Яны баяцца, сварацца на мяне. Кажуць, што я проста не была там, дзе былі яны, – распавяла Ганна.

– А можа яны не прыходзяць па іншай прычыне? Можа таму, што яны самі правакавалі, – адказаў Семянчук.

Ілля Сеннікаў і Раман Гардзяюк.

Дэпутату Семенчуку паказалі відэа збіцця сілавікамі людзей у Лебедзеве 12 жніўня. Тады жыхары вёскі ішлі падаваць зварот да старшыні сельвыканкама Тамары Дудзіч, аднак на шляху да яе іх збілі супрацоўнікі АМАПа. Пасля прадстаўнікі выбаршчыкаў выбарчай акругі №73 паказалі відэа з Маладзечанскага РАУС, на якім затрыманых людзей збіваюць супрацоўнікі ў форме.Рэальнасць відэа пацвердзілі ва УУС Мінаблвыканкама. Семянчук адказаў, што не ведае ўсіх фактаў, трэба дэталёва ва ўсім разбірацца.

– Пры затрыманні могуць выкарыстоўваць сілавыя метады. Бо невядома, што ў злачынцаў у руках. Аднак гэта не значыць, што пасля затрымання павінна быць збіццё. Я разумею вашу боль, – адказаў дэпутат.

У Семенчука запыталіся, ці пацвярджае, што падчас разгону ўжывалі гвалт. Адказаў, што пацвярджаюць гэта прадстаўнікі выбаршчыкаў відэазапісамі, а не ён.

– Я там не прысутнічаў, не бачыў. Бачу, што вы мне паказваеце, як б’юць дубінкай. Тут павінны дэталёва разабрацца органы. Вы кажаце пра парушэнні правоў з боку сілавых органаў, але Следчы камітэт і Генпракуратура не зацікаўленыя бакі, яны павінны высветліць.

Прадстаўнікі выбаршчыкаў выбарчай акругі прапанавалі сустрэцца дэпутату з астатнімі выбаршчыкамі ў пашыраным складзе. Семянчук адказаў, што не бачыць у гэтым неабходнасці.

Раман Гардзяюк.

Прадстаўнікі выбаршчыкаў сказалі, што і далей збіраюцца працаваць з дэпутатамі, накіроўваць запыты і па магчымасці сустракацца з імі. «РГ» запыталася ва ўдзельнікаў гутаркі з дэпутатам, якія ўражанні пакінула сустрэча.

Раман Гардзяюк:
– Адкрытага дыялогу з дэпутатам не атрымалася. Ён трымаўся меркавання, што гвалт быў з боку пратэстоўцаў. Казаў, што былі людзі з судзімасцямі сярод дэманстрантаў. У вачах чыноўніка ініцыятывы не было.

Яўген Сімалацар:
– Ён выказаў пункт гледжання на гэту сітуацыю. Быў гатовы абмяркоўваць гвалт і фальсіфікацыі, але не іх прычыну. Па маім уражанні, ён быў разгублены і не гатовы разумець тыя прычыны. Мы можам займацца імітацыяй дзейнасці: пісаць скаргі, а яны будуць даваць адпіскі, але гэта не рашэнне.

Андрэй Мацевіч:
– Хацелі зразумець, ці бачыць улада той крызіс у краіне. Зразумець, ці бачыць гэта дэпутат. Дэпутат адказваў, што бачыць гэта і трэба нешта вырашаць, але ніякіх шляхоў для вырашэння не прапанаваў.

Уладзімір Крот і Ганна Верацейка.

З такім жа пытаннем звярнуліся да дэпутата Семенчука. Яго памочніца Луцыя Арловіч заявіла, што дэпутат ніякіх размоў па тэлефоне не праводзіць.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский