9 верасня ў Маладзечне адбылася акцыя салідарнасці, а пасля яе затрымалі пяць чалавек.

Акцыя пачалася ў 19 гадзін ля касцёла па вуліцы Вялікі Гасцінец.

Людзі прыйшлі на акцыю з шарыкамі, плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Супрацоўнікі міліцыі хутка з’явіліся ля дэманастрантаў пасля таго, як міма людзей праехала «Лада» з двума міліцыянерамі.

Спачатку міліцыянеры праехаліся ў службовым аўто насупраць людзей. У ім міліцыянер у мегафон паведаміў дэманстрантам, што яны з’яўляюцца ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемствы, а іх дзеянні незаконныя. У гэты час яшчэ адзін супрацоўнік здымаў людзей на відэакамеру.

Праз нейкі час чацвёра міліцыянераў павольна прайшліся праз ланцуг дэманстрантаў. Толькі адзін з супрацоўнікаў здымаў на камеру кожнага з людзей, якія стаялі ля касцёла. У 19:50 прыйшлі яшчэ тры міліцыянеры, адзін з іх таксама пачаў здымаць на камеру дэманстрантаў.

Некаторыя ўдзельнікі акцыі ўключылі ліхтарыкі на тэлефонах, на вуліцы значна пацямнела. У хуткім часе акцыя завяршылася. Яна доўжылася не больш за гадзіну.

Частка дэманстрантаў стала разыходзіцца: людзі пайшлі ў розныя бакі ад Чырвонага касцёла.

Каля 20:10 на паркоўцы ля Тройкі міліцыянер затрымаў мужчыну з бел-чырвона-белым сцягам. Мужчына паспеў паведаміць сваё імя — Алег Цітарэнка.

У гэты ж час на паркоўцы Тройкі знаходзіцца начальнік РАУС Вадзім Прыгара. Разам з ім таксама быў начальнік аховы грамадскага парадку Руслан Мікульскі.

Пасля затрымання Цітарэнкі да Прыгары падыйшлі жанчыны і прасілі патлумачыць, чаму міліцыянеры затрымалі чалавека са сцягам. Прыгара запрасіў на размову жанчыну, аднак разам з ёй пайшлі і іншыя. Пасля тую жанчыну спыніць экіпаж ДАІ і суправодзіць да РАУС, дзе на яе складуць некалькі пратаколаў па артыкуле 23.34 КоАП.

Начальнік РАУС Вадзім Прыгара.

Людзі на паркоўцы паведамілі журналістам, што мужчына быў не адзіным затрыманым. Паведамілі яшчэ пра некалькіх жанчын. Каля РАУС журналісты сустрэлі сястру затрыманай Вікторыі. Дзяжурны сказаў жанчыне, што затрыманых у хуткім часе павінны вызваліць.

Затрыманая Вікторыя працуе настаўнікам. Яна працавала на выбарчым участку №35 на гэтых прэзідэнцкіх выбарах.

Сястра і бацька Вікторыі спрабуюць даведацца, калі яе адпусцяць.

У 22:10 з будынку РАУС выйшаў Вадзім Прыгара. Ён сеў у аўто, пад’ехаў да Вялікага Гасцінца, павярнуў назад да аддзялення і заехаў ва ўнутраны дворык. Пасля гэтага манеўра з РАУС выйшла затрыманая Вікторыя, якую чакалі сваякі.

Вікторыя разам са сваякамі пасля вызвалення.

У 22:35 выпусцілі яшчэ адну дзяўчыну, Юлію. Яна паведаміла, што ў яе забралі тэлефон і бел-чырвона-белы сцяг. Вядома, што на яе склалі пратакол па артыкулу 23.34 КоАП.

Юлія выходзіць з РАУС.

У 23:05 з аддзялення міліцыі выйшла яшчэ адна жанчына. Яе завуць Наталля. Наталля паведаміла, што на яе склалі пратакол па артыкулу 23.34. Яна ўдакладніла, што ў РАУС ёсць яшчэ адна жанчына, якую затрымалі разам з ёй.

У 23:45 адпусцілі яшчэ адну Вікторыю. Яе затрымалі, калі ехала разам з двума дзяўчынамі — Юліяй і Наталляй, якіх выпусцілі раней. Пасля кароткай размовы з Прыгарай на паркоўцы Тройкі Вікторыя паехала з дзяўчатамі ў бок мікрараёна №11. Па дарозе туды машыну спыніў экіпаж ДАІ. Інспектары збіраліся скласці два пратаколы за няпройдзены тэхагляд і непрышпіленыя рамяні бяспекі ў дзяўчат. Вікторыя хацела, каб пратаколы склалі на месцы, аднак інспектары адвезлі яе і дзяўчат у аддзяленне.

У РАУС на Наталлю склалі пратаколы яшчэ і па артыкуле 23.34 КоАП.

Вікторыя выходзіць з РАУС.

Алег Цітарэнка не выйшаў пасля трох гадзін у РАУС. Магчыма, ён будзе знаходзіцца ў ІЧУ да суда.

Фота Настассі УТКІНАЙ.