Герб Пагоня – старадаўні сімвал і шматвяковы дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага. «РГ» разбіраецца, як, калі і чаму вершнік на кані стаў адным з галоўных сімвалаў на беларускай тэрыторыі.

Як міфічны Нарымонт і рэальны Віцень звязаныя з Пагоняй

Летапісцы канца 15 – пачатку 16 стагоддзя распавядалі пра з’яўленне герба Пагоні яшчэ ў канцы 13 стагоддзя. Стваральнікам рабілі міфічнага вялікага князя Нарымонта Раманавіча.

У Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай гэта апісваюць такім чынам: «Той Наримунт мел герб або клейнот рицерства, Великому князству Литовскому заставил его», сам герб апісвалі і тлумачылі так: «В гербе муж збройный на коню белом, в полю червоном, меч голый, як бы кого гонючи держал над головою, и есть оттоля названы погоня». Існаванне князя Нарымонта ў рэальным жыцці не даказвае ні адна гістарычная крыніца.

У Густынскім летапісе, які датуецца 15 стагоддзем, герб Пагоню прыпісваюць ужо рэальнаму вялікаму князю Віценю. Густынскі летапіс сведчыць, што Віцень увайшоў у беларускую гісторыю як дзяржаўны дзеяч, які надаў Пагоні дзяржаўны статус: «Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: Рыцар збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня».

Частка гісторыкаў сумняваецца, што ў 13 стагоддзі на тэрыторыю Беларусі ўжо праніклі геральдычныя традыцыі, якія дазваляюць сцвярджаць аб умацаванні Пагоні як дзяржаўнага герба.

Назва Пагоня з’явілася ў герба пазней, чым з’явіўся сам герб

У кнізе «Сфрагістыка і геральдыка Беларусі» адзначаецца, што герб Пагоня з’явіўся ў выніку працэсу геральдызацыі ад канца 14 – да канца 15 стагоддзя з выявай пячатак вялікіх князёў Ягайлы і Вітаўта.

Спачатку гербавая выява ўвасабляла суверэннага ўладара-князя і магла мець пэўныя адрозныя элементы: цмока пад капытамі каня, адсутнасць тарчы ў вершніка, дзіду замест мяча або асабістыя гербы Ягайлы ці Вітаўта на тарчы вершніка – «Бойчу» ці «Калюмны».

Менавіта апошні варыянт – з «Калюмнамі» – зафіксаваны ў заходне-еўрапейскіх гербоўніках 1-й паловы 15 стагоддзя Armorial Lyncenich і Codex Bergshammar, дзе герб быў падпісаны Hertoghe van lettouwen onde van rusen і Hertoge lettouwen. Гэта сведчыць аб познім часе з’яўлення назвы Пагоня, бо яе не ведаў і польскі храніст Ян Длугаш, які ў другой палове 15 стагоддзя апісваў харугвы ВКЛ з выявай вершніка пад Грунвальдам.

Толькі ў канцы 15 – першай палове 16 стагоддзя за гербам замацавалася назва Пагоня, што было звязанае з пераасэнсаваннем гербавай выявы. Пра замацаванне назвы сведчыць загад аб чаканцы манет ад апошняга з Ягайлавічаў – караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста. У 1562 годзе ён загадаў біць манеты-траякі, «а на сем з одное стороны два першие слова, которими ся починаеть писати имя нашо господарское, а з другое стороны… герб Погоня». Гэта сведчыць пра тое, што ён разумеў Пагоню не столькі як свой дынастычны, колькі дзяржаўны герб ВКЛ.

Статут ВКЛ 1566 года фіксаваў менавіта такі яго статус. У такой якасці герб праіснаваў да канца 18 стагоддзя на канцылярскіх пячатках, манетах, ваяводскіх гербах і харугвах ВКЛ.

Чаму менавіта Пагоня стала дзяржаўным гербам

Герб Пагоня мог бы застацца звычайным дынастычным гербам, як, напрыклад, падобныя гербы з вершнікамі заставаліся дынастычнымі ў Заходняй Еўропе. Аднак умовы жыцця і беларуская гісторыя паўплывалі на яго дзяржаўны статус.

Міжнароднае становішча, умовы жыцця народа вымушалі знаходзіцца ў бесперапыннай гатоўнасці да абароны: бясконцыя напады крыжакоў, татараў, бітвы супраць галіцка-валынскіх князёў. Нарэшце, гатоўнасці да абароны патрабаваў і вялікакняжацкі ліст ад 1387 года:

«Згодна са старадаўнімі звычаямі, ваенны паход з’яўляецца абавязкам, які выконваецца за кошт уласных магчымасцей і сродкаў. У тым выпадку, калі ўзнікае неабходнасць праследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых… У праследаванні ворагаў, якое па-народнаму завецца Пагоняю, павінны ўдзельнічаць не толькі рыцары, але і кожны мужчына, які можа насіць зброю, якога б ён не быў паходжання і стану».

Так у гісторыю Беларусі ўвайшло паняцце пагоні – вайсковай павіннасці, якая прадпісвала кожнаму здольнаму мужчыну насіць зброю і конна ўдзельнічаць у праследаванні ворага, выява вершніка стала разумецца як сімвал абаронцы Айчыны.