Германія. Актобэрфэст. фота omniworld.ru.

Восень – не толькі сезон дажджоў і халадоў. У Германіі – гэта час, багаты на розныя святы.

Дзень ведаў і Актобэрфэст

Святочны сезон пачынае Дзень ведаў. У Германіі бацькі на гэта свята дораць дзецям вялікія пакункі ў выглядзе конуса, даверху запоўненыя ласункамі.

Кажуць, каб вучоба ў школе была салодкая.

Актобэрфэст – галоўны піўны фестываль Германіі. Свята называюць найбуйнейшым народным гуляннем у свеце. Актобэрфэст святкуюць ужо больш за дзвесце гадоў у Мюнхене. Упершыню свята зладзілі 12 кастрычніка 1810 года ў гонар вяселля прынца Людвіга і прынцэсы Тэрэзы. Часам свята адмянялі з-за войнаў або эпідэмій. Першапачаткова фэст ладзілі ў кастрычніку. Адсюль назва Oktoberfest – кастрычніцкае свята. Але ў канцы 19 стагоддзя перанеслі на сярэдзіну верасня, бо ў гэты час тут больш камфортнае надвор’е.

У 1980 годзе ў выніку тэракту ля галоўнага ўвахода на Актобэрфест загінула 13 і было паранена больш за 200 наведнікаў.

Тэрарыст, правы экстрэміст Гундольф Кёлер, таксама загінуў падчас выбуху. Тым не менш, гэты тэрарыстычны акт не прывёў да адмены свята. Па выніках афіцыйнага расследавання лічыцца, што тэрарыст дзейнічаў у адзіночку, але да гэтага часу ёсць сумневы ў правільнасці афіцыйнай версіі.

Свята аматары піва ад мюнхенскай піваварні адзначаюць на працягу амаль трох тыдняў. Традыцыйна ў першую раніцу фестывалю пачынаецца шэсце гаспадароў піўных намётаў. А роўна ў 12 гадзін дня гарматнымі залпамі афіцыйна адкрываюць пеннае свята. Пазней больш за восем тысяч апранутых у гістарычныя і карнавальныя касцюмы людзі пад гукі аркестраў праходзяць ад будынка парламента Баварыі да лугу Тэрэзы – плошчы ў Мюнхене. Тут і чакае сваіх гасцей мноства намётаў з півам, кілбаскамі, сасіскамі і іншымі закускамі. Для ахвотных працуюць атракцыёны.

Дзень адзінства Германіі і свята Кірмеса

Дзень адзінства Германіі адзначаюць 3 кастрычніка – дзень, калі падпісалі Дагавор пра аб’яднанне краіны і ГДР увайшла ў склад ФРГ. Свята існуе ад 1990 года. Гэты дзень у Германіі з’яўляецца нерабочым.

У Берліне і некаторых іншых гарадах ладзяць музычныя выступленні і святочны салют.

Дзень адзінства. Фота toberlin.ru.

Дзень Кірмеса адзначаюць у трэцюю нядзелю кастрычніка. Гэта старадаўняе свята прысвечанае збору ўраджаю. Кірмесам называюць галоўнага героя свята – саламянае пудзіла з бутэлькай шнапсу ў руцэ. За пару тыдняў пудзіла закопваюць у зямлю, а на свята дастаюць і прымацоўваюць да верхавіны ўпрыгожанага дрэва. Мерапрыемства суправаджаецца танцамі, спевамі, гульнямі, набажэнствамі.

На наступны дзень пудзіла зноў закопваюць у зямлю з кавалкамі пірага, асколкамі шклянкі, галавой пеўня і ўсё той жа бутэлькай шнапсу.

Гэта своеасаблівая ахвяра зямлі за добры ўраджай. Свята адзначаюць у гарадах і сельскай мясцовасці, асабліва ярка – у Дзюсельдорфе.

Хэлоўін і Дзень усіх святых, 31 кастрычніка – 1 лістапада

У Германіі любяць напярэдадні Дня ўсіх святых пераапранацца ў нячысцікаў і іншыя страшныя карнавальныя касцюмы. Не абыходзіцца без падсвечніка з гарбуза і традыцыйных пачастункаў. Самая грандыёзная вечарынка звычайна праводзіцца ў замку Франкенштэйна, што месціцца на вяршыні амаль чатырохметровай гары масіву Одэнвальд, у зямлі Гесэн. Замак вядомы з 13 стагоддзя.

Хэлоўін у Берліне. Фота toberlin.ru.

1 лістапада немцы наведваюць магілы сваякоў-нябожчыкаў, каб ушанаваць іх памяць. У некаторых раёнах краіны 1 лістапада – выхадны дзень.

Дзень усенароднай жалобы

Памятную дату адзначаюць 18 лістапада. У 1919 годзе Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі прапанаваў адзначаць дзень памяці загінулых у Першай сусветнай вайне. Упершыню яго адзначылі ў рэйхстагу ў 1922 годзе. Ад 1926 года яго сталі адзначаць па ўсёй краіне ў другую нядзелю Вялікага посту.

Пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1934 годзе гэты дзень быў перайменаваны ў Дзень памяці герояў (Heldengedenktag). Ад 1939 яго сталі адзначаць 16 сакавіка. Апошні раз адзначылі ў 1945 годзе.

Вянок ад нямецкай амбасады, ускладзены ля мемарыяла на Міншчыне ў Дзень усенароднай жалобы. Фота: Амбасада Германіі.

Ад 1948 года ў Заходняй Германіі зноў сталі адзначаць Усенародны дзень смутку, цяпер ужо па ахвярах як Першай сусветнай, так і Другой сусветнай войнаў.

Ад 1952 года дату пачалі адзначаць у перадапошнюю нядзелю перад першым днём Адвенту – каляднага посту.

У гэтыя дні па традыцыі належыць думаць аб смерці, часе і вечнасці. Сёння гэта дата прысвечаная не толькі ахвярам войнаў, але і ахвярам дзяржаўнага гвалту.

18 лістапада прэзідэнт Германіі робіць прамову ў прысутнасці членаў урада і замежных дыпламатаў. Пасля гэтага гучыць Гімн Германіі і песня Der gute Kamerad – «Добры таварыш» – нямецкі вайсковы жалобны марш, напісаны ў 19 стагоддзі. Па ўсёй краіне ўрачыста ўскладаюць вянкі да мемарыялаў.

«Пятая пара года» – 11 лістапада ў 11:11

Па старадаўняй традыцыі «пятая пара года» пачынаецца штогод 11 лістапада ў 11:11. Фармальна ад гэтага часу ўлада перадаецца жанчынам.

Яны штурмуюць гарадскую ратушу і зразаюць гальштукі мужчынам, якія трапляюцца ім на шляху.

«Пятая пара года» азначае пачатак падрыхтоўкі да калядных гулянняў і адкрыццё сезона фестываляў. Сезон доўжыцца да лютага і завяршаецца карнавалам.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский