Яўген Астрамовіч. Фота nashaniva.by.

У ліпені 46-гадовы Яўген Астрамовіч наведаў мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Ашмянах. Пасля гэтага на жорсткую размову яго выклікаў дырэктар мясцовага каледжа, у якім Яўген працаваў 24 гады. Тады мужчына вырашыў, што больш не можа падпарадкоўвацца сістэме, і звольніўся. Пра тое, як хутка яму прыйшлося знайсці новую працу і пераехаць у іншы горад, Яўген распавёў «Нашай Ніве». 

«Тады, у ліпені, я падумаў, што трэба паглядзець, як ашмянцы прымуць Ціханоўскую. Аказалася, шмат народу было, чалавек 500! І я, канечне, застаўся. На мітынгу таксама была і чыноўніца з райвыканкама, загадчыца аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі. Яна там, зразумела, была па загадзе. Заўважыла мяне, бо ведала, што я працаваў педагогам-арганізатарам у каледжы. Яна падышла і спытала: «Што, таксама ў далоні пляскаеце?»

Калі я выйшаў на працу, мяне адразу ж выклікаў дырэктар «на дыван». Казаў мне: «Чым я цябе пакрыўдзіў? Ты ж у нас у першай васьмёрцы па заробку! А цяпер праз цябе ў мяне праблемы з выканкамам».

А я наогул не разумеў, аб чым ідзе гаворка. Гэты мітынг быў узгоднены з гэтым жа выканкамам. Чаму я не магу спакойна прыйсці і паслухаць кандыдата ў прэзідэнты? Чым я пакрыўдзіў дырэктара? Я сказаў яму, як стаміўся ўжо ад гэтай сістэмы.

На што дырэктар мне адказаў: «Не падабаецца гэта сістэма — шукай сабе іншую». І я не вытрымаў — тут жа напісаў заяву аб звальненні.

Пасля маёй заявы дырэктар яшчэ тыдзень чакаў, што я прыду да яго і буду прасіцца назад, выбачуся перад ім. І калегі некаторыя мяне ўгаворвалі. А я моцна пакрыўджаны. Бо ў каледжы працаваў 24 гады! Я быў не толькі педагогам-арганізатарам, я закрываў пытанні і па фотаздымках, і па відэа, і па мантажы, і газету, бывала, вёў, і інфармацыйныя тэхналогіі выкладаў.

Канечне, для мяне было праблемай вось так сысці «ў нікуды». Здаецца, з такімі цяжкасцямі я ніколі ў жыцці не сутыкаўся. Ведаеце, калі ты ў маленькім горадзе пакрыўдзіў нейкага начальніка, то ўсё — усе шляхі для цябе закрытыя.

Я звяртаўся па аб’явах аб працы, але ўсе адмаўлялі. А я ж у Ашмянах і святы раней арганізоўваў, канцэрты розныя. І вядучым, і музыкам, і эканамістам, і выкладчыкам магу працаваць. І нікуды не бралі.

Вырашылі з жонкай шукаць штосьці ў Мінску — горад усё ж вялікі. Тады я ўзгадаў пра свайго аднакурсніка, які тут цяпер жыве. Звярнуўся да яго: можа, яму эканаміст які патрэбны. І сапраўды — ён для свайго прыватнага бізнэсу шукаў бухгалтара. І вось з пачатку верасня я ўжо працую.

І кватэру знайшоў! Так, пакуль канурачка, на першым паверсе, без балкона. Але я вельмі ўдзячны і за яе. Грошы на аплату першых двух месяцаў мне дапамаглі за тыдзень сабраць «Сумленныя людзі». Я ім вельмі ўдзячны, без іх дапамогі я б і не пераехаў нікуды.

Жонка мая, дарэчы, працуе ў гэтым жа каледжы. Але яе сітуацыя не зачапіла. Можа, у каледжы зразумелі, як моцна яны мяне пакрыўдзілі, і вырашылі ўжо яе не чапаць. Але яна вырашыла, што дапрацуе там да канца кастрычніка, і таксама сыдзе.

Непаразуменняў у нас з ёй не было, яна мяне цалкам падтрымала. І хутка я чакаю яе пераезд да мяне ў Мінск з нашым трохгадовым сынам. Я нават параўноўваю яе са Святланай Ціханоўскай, якая таксама пайшла за сваім мужам у цяжкі час. Так, змена жыцця ў нас адбылася вельмі хутка, але я лічу, што гэта да лепшага».