Фота Настассі УТКІНАЙ.

Экс-кіраўнік Міністэрства аховы здароўя, а цяпер губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік, расказаў, якой будзе другая хваля каронавіруса ў Беларусі. На яго думку, яна будзе менш маштабная. Пра гэта Каранік заявіў у эфіры тэлеканала АНТ, піша TUT.by.

У інтэрв’ю тэлеканалу Уладзімір Каранік яшчэ раз паўтарыў, што абраная ўладамі Беларусі тактыка барацьбы з каронавірусам была правільная.

— Цяпер нават на нашых апазіцыйных сайтах пішуць, нават СААЗ прызнае, што шведскі досвед аказаўся найбольш рацыянальны. Я разумею, што многія пакуль не гатовыя прызнаць, што Беларусь пайшла верным шляхам. Але мы з самага пачатку казалі пра тое, што каранцін сваю эфектыўнасць не даказаў, — заявіў экс-кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

З нагоды другой хвалі COVID-19 Уладзімір Каранік распавёў, што чакае яе менш маштабнай.

— Мы чакаем яе менш маштабнай, таму што ў грамадстве сфарміравалася імунная праслойка і досыць шмат людзей, якія асабліва ўспрымальныя да гэтага віруса, яны на яго ўжо перахварэлі і  ўжо маюць імунітэт, — сказаў ён.

Нагадаем, паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі, паводле стану на 13 верасня, зарэгістравалі 74 173 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Прырост за апошнія суткі склаў 198 выпадкаў. З пачатку распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 750 пацыентаў (плюс шэсць чалавек за мінулыя суткі).

• Текст доступен на языке: Русский