13 верасня ў Маладзечне прайшло шэсце пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Напрыканцы акцыі пачаліся затрыманні ўдзельнікаў. Карэспандэнты «РГ» распавядаюць і паказваюць, як гэта адбывалася.

View this post on Instagram

Як прайшла акцыя ў Маладзечне 13 верасня.

A post shared by Рэгiянальная газета (@rg_rhby) on

Каля 14:30 прыкладна 200 чалавек сабраліся каля Лядовага палаца. Некаторыя людзі былі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Супрацоўнікі міліцыі дзяжурылі ля Лядовага палаца і на паркоўцы Тройкі яшчэ да пачатку акцыі.

Пасля таго як людзі дасталі бел-чырвоная-белыя сцягі і сталі ў групу, пад’ехала міліцэйская машына. Міліцыянер з аўтамабіля на аўтобусным прыпынку паўтараў, што дадзенае мерапрыемства несанкцыянаванае, і прасіў разысціся, а ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць.

Пратэстоўцы ўключылі аўдыёзапіс прысягі беларускіх сілавікоў.

З дынаміка пратэстоўцаў гучаць таксама артыкулы Крымінальнага кодэкса і адказнасць за іх.

Удзельнікі акцыі перайшлі на іншы бок Вялікага Гасцінца — ад Лядовага палаца да Тройкі. Адтуль яны крочылі шэсцем па праспекту.

Пратэстоўцы скандуюць «Маладзечна, выхадзі», «Лукашенко, уходи». Шэсце суправаджалі не менш за чатыры машыны міліцыі.

Людзі скандуюць «Мы здесь власть», «Трибунал», «Сколько стоит совесть».

У міліцэйскіх аўто сядзяць людзі ў міліцэйскай форме, балаклавах і са схаванымі пад чорнай тканінай пагонамі. У кожным з такіх аўто — супрацоўнік з мегафоном, які кажа пра несанкцыянаванае мерапрыемства і адказнасць за яго, і супрацоўнік з відэакамерай, які здымае дэманстрантаў.

Сілавік у балаклаве паказвае пальцам на кагосьці з удзельнікаў акцыі.

Хлопчыкі ўбачылі шэсце, пачалі вітаць яго ўдзельнікаў воклічам «Жыве Беларусь».

Пратэстоўцы дайшлі да парку. Там з акна машыны высунуўся мужчына, пачаў крычаць, нецензурна лаяўся ў бок дэманстрантаў. Удзельнікі акцыі ніяк не рэагавалі на яго.

Дэманстрантаў шмат людзей падтрымлівалі з вокнаў сваіх дамоў. Некаторыя махалі бел-чырвона-белымі сцягамі з балконаў.

Пратэстоўцы дайшлі да перасячэння скрыжавання вуліц Забэйды-Суміцкага — Таміліна. Яны перайшлі на іншы бок Вялікага Гасцінца і павярнулі зноў у бок Лядовага палаца. Падчас гэтага мужчына ў балаклаве на заднім сядзенні міліцэйскага аўто (на фота ніжэй) паказаў непрыстойны жэст удзельніцы акцыі, якая паказвала яму знак «V».

Удзельнікі акцыі ішлі назад да Лядовага палаца. На адваротным шляху пратэстоўцы пачалі разыходзіцца.

На скрыжаванні Вялікага Гасцінца і Віленскай жанчына з балкона пачала абражаць удзельнікаў акцыі, паказваць непрыстойныя жэсты.

Яшчэ адна жанчына на Вялікім Гасцінцы спрабавала даведацца колькі плацяць пратэстоўцам за ўдзел у акцыі. Яна выказала здагадку, што пяць долараў.

Людзі падышлі да Магістральнай, пачалі абмяркоўваць, куды яны рушаць далей. У гэты ж час ля крамы «Гастраном», на Вялікім Гасцінцы, затрымалі маладзечанца Аляксандра. Яго жонка распавяла карэспандэнтам, што мужчына быў на шэсці ўпершыню. У Аляксандра сардэчная хвароба. Родныя хваляваліся, ці змогуць перадаць лекі.

Дэманстранты пайшлі ў бок Тройкі, міліцэйскія машыны паехалі на паркоўку Модуля і Тройкі. Там пачаліся затрыманні.

У краме «Суседзі» затрымалі чалавека. Міліцыянеры зайшлі ў краму, пачакалі, пакуль мужчына аплаціць пакупкі, падышлі да яго і сказалі, што затрымліваюць за ўдзел у акцыі. Мужчына казаў, што проста прыйшоў у краму. Але міліцыянеры адвялі яго ў службовае аўто.

На паркоўку Тройкі пад’ехаў яшчэ адзін міліцэйкі аўтомабіль. У ім ужо сядзеў адзін з затрыманых.

Відавочцы паведамілі, што ля Модуля затрымалі жанчыну і мужчыну, калі яны сядалі ў сваю машыну.

Міліцыянеры працягнулі затрымліваць людзей і каля Лядовага палаца. Па назіраннях нашых карэспандэнтаў, супрацоўнікі затрымалі мінака, ён не супраціўляўся.

У 16:50 ва ўнутраны двор Маладзечанскага РАУС заехалі аўтобус і бус без нумароў. У салоне знаходзіліся сілавікі ў чорнай форме, бронекамізэльках і абарончых шчытках. На тэрыторыі РАУС яны прабылі не больш за паўгадзіны, пасля з’ехалі.

На 17:00 было вядома, што ў Маладзечне затрымалі не менш за сем чалавек.

Марына, у якой затрымалі мужа ля «Гастранома», спрабуе даведацца, дзе ён знаходзіцца і як перадаць яму лекі. Спачатку ёй казалі, што яго ў РАУС няма, а пасля запрасілі зайсці ў будынак. Жанчыны не было дастатковы прамежак часу. Пасля ёй патэлефанавала знаёмая, якая таксама знаходзілася ля РАУС. Марына паведаміла, што яе затрымалі і склалі пратакол.

У гэты ж час міліцыянер у балаклаве зачыняў і адчыняў дзверы з чырвона-зялёным сцягам, а таксама махаў ім.

Гісторыя з чырвона-зялёнымі сцягамі не завяршылася. Пасля мужчына ў цывільным ва ўнутраным дворыку РАУС замацаваў адзін са сцягоў да міліцэйскага аўто. Другі сцяг ужо знаходзіўся ў «Патрыёце». Пасля калона з двух міліцэйскіх машын з дзяржаўнымі сцягамі выехала ў горад.

Пасля 20:00 з аддзялення міліцыі выйшла Марына. Яна расказала, што зайшла ў РАУС, каб перадаць лекі мужу Аляксандру, якога затрымалі каля «Гастранома». За ёй зачынілі дзверы і сказалі, што яна затрыманая. Жанчына падпісала пратакол, у яе забралі мабільны тэлефон. Сказалі, што суд па яе справе мае адбыцца 14 верасня. Жанчына паведаміла, што маглі адпусціць яшчэ адну дзяўчыну.

Праз паўгадзіны, у 20:30, з міліцыі выйшаў той самы Аляксандр, якога затрымлівалі каля «Гастранома». Расказаў пра затрыманне — міліцыянеры былі ў форме, але не прадстаўляліся. У міліцыі супрацоўнікі размаўлялі ветліва, збіцця не было. Склалі пратакол па артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, сказалі чакаць суда. Лекі ад жонкі яму перадалі.

Больш нікога з затрыманых у гэты вечар не адпусцілі. Верагодна, яны застануцца да суда ў ІЧУ.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский