За ўдзел непаўналетніх у масавых акцыях пратэсту ім самім і іх бацькам пагражае адміністрацыйная адказнасць: ад штрафу да таго, што дзіця забяруць з сям’і. Пра гэта начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Беларусі Аляксей Падвойскі распавёў у эфіры тэлеканала «СТВ».

Аляксей Падвойскі заявіў, што ўдзел непаўналетніх у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах азначае парушэнне як унутраных, так і міжнародных прававых актаў, якія рэгулююць правы дзіцяці і адказнасць бацькоў,бо дзіця ў такім выпадку знаходзіцца ў месцы, дзе няма гарантый яго бяспекі, а бацькі нясуць адказнасць за падобныя дзеянні не толькі ў нас, але і за мяжой.

Ён распавёў, што ў асноўным з бацькамі, якія бралі дзяцей на акцыі, праводзяцца гутаркі, а таксама ў іх адрас выносяцца афіцыйныя папярэджанні, але ў некаторых выпадках органы апекі і папячыцельства могуць ставіць пытанне аб сацыяльна небяспечным становішчы дзіцяці.

Як распавёў прадстаўнік Генпракуратуры, калі ў несанкцыянаванай акцыі прымае ўдзел падлетак, старэйшых за 16 гадоў, то на яго, як і на паўналетніх удзельнікаў, можа накладацца штраф. А калі на акцыі з’явілася малодшае дзіця, то адказнасць могуць панесці ўжо бацькі па артыкуле 9.4 (Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

– Мы ўжо па розных фактах папярэдзілі больш за сотню бацькоў, дзяцей. У большасці выпадкаў яны слухаюць пракурора. Можна прыводзіць розныя выпадкі ў гарадах – у Жодзіне, Мінску, Брэсце, Гомелі, – калі пракурор вынес бацькам афіцыйнае папярэджанне і пасля гэтага дзіця ў поле зроку праваахоўных органаў не трапляла. І гэта добра, – заявіў Падвойскі.

Па словах Аляксея Падвойскага, канфіскацыя дзіцяці з сям’і ў некаторых выпадках таксама магчымая. У прыклад ён прывёў відэаролік, на якім нецвярозая мама знаходзіцца на несанкцыянаванай акцыі. Згодна з пастановай № 22 Савета міністраў Беларусі і дэкрэтам № 18 Кодэкса аб шлюбе і сям’і ў падобным выпадку становішча дзіцяці можа быць прызнана сацыяльна небяспечным, а яго могуць забраць з сям’і і змясціць у прытулак або замяшчальную сям’ю на тэрмін да паўгода. Аднак, паводле яго слоў, у гэты час з бацькамі вядзецца рэабілітацыйная работа, каб дзіця хутчэй магло вярнуцца да родных, а само адабранне дзяцей не з’яўляецца мэтай дзяржаўных органаў.

• Текст доступен на языке: Русский