13 верасня ў Маладзечне прайшло мірнае шэсце. Па назіраннях нашых карэспандэнтаў пасля яго затрымалі не менш за 8 чалавек. На наступны дзень дома затрымалі Наталлю Шыдлоўскую — за ўдзел у акцыі пакінулі ў ІЧУ да суда. Наталля распавяла «РГ» пра затрыманне, умовы ў маладзечанскім ІЧУ і суд.

14 верасня Наталля прачнулася ад званка ў дзверы. Яна не ведае, ці прадстаўляліся супрацоўнікі міліцыі — дзверы адчыніў яе тата. Міліцыянеры былі ў цывільнай вопратцы, папрасілі праехаць Наталлю разам з імі.

У Маладзечанскім РАУС на Наталлю склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу па артыкуле 23.34 КоАП. Наталля не прызнала сваю віну. Прачакала яшчэ гадзіну ў РАУС, а пасля супрацоўнікі паведамілі ёй, што дзяўчына застаецца ў аддзяленні да суда.

— Спытала ў іх, на якой падставе. У адказ нічога тлумачальнага не пачула. Забралі ўсе мае рэчы, пасадзілі у так званы «стакан». Гэта памяшканне метр на тры з лавачкай ў сцяне і ледзь падпаленай лямпачкай, — распавядае Наталля.

Наталля кажа, што была вельмі незадаволеная гэтымі ўмовамі. У «стакане» адсядзела пракладна чатыры гадзіны, пасля яе перамясцілі ў ІЧУ.

— Суседка была добрая, я ёй вельмі ўдзячная за коўдру, якую яна мне дала. Было халодна. Што па ўмовах: дзірка ў падлозе для выпраўлення патрэбы, ракавіна, ложкі са смярдзючым матрацамі і падушкамі без бялізны, тумбачка. Па ежы ўсё вельмі дрэнна.

За той час, што Наталля правяла ў ІЧУ, ёй далі шклянку кіпеню і катлету.

— Стаўленне міліцыі было нейтральнае, ніхто нікога не біў і ня паніжаў. Маю суседку перыядычна частавалі цыгарэтамі.

Апоўдні на наступны дзень Наталлю прывезлі ў суд. Бацькі знайшлі ёй адваката. Наталля дзеліцца, што ёй складана зразумець, як міліцыя па відэа апазнала яе.

У судзе Наталлі далі 25 базавых велічынь.

— Вельмі баялася, што дадуць суткі сядзець, бо ўмовы там крыху лепш чым у Асвенцыме. Тата напісаў хадайніцтва, што б мяне выпусцілі да суда, на падставе майго пасведчання інваліда і таго, што я не небяспечная для грамадства. Яго нават не разгледзелі, бо ў таго, хто мог бы яго разгледзець скончыўся працоўны час.

Наталля дадае, што вельмі перажывае за тое, што адбываецца ў краіне, за нявінна пакараных людзей.

— Я прымала ўдзел у міжнародных студэнцкіх семінарах ў Асвенцыме і Дахау, дзе раней былі канцэнтрацыйныя лагеры. І, на жаль, бачу відавочную паралель паміж падзеямі Халакоста і тым, што сёння робіцца ў маёй краіне.

• Текст доступен на языке: Русский