16 верасня ў судзе Маладзечанскага раёна прайшло слуханне па справе Пяскова і Еўсцягнеева. Іх абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікамі АМАП на акцыі салідарнасці 19 чэрвеня ў Маладзечне. «РГ» расказвае, як усё адбывалася на судовым пасяджэнні.

19 чэрвеня ў Маладзечне затрымалі Міколу Алейніка. Падчас яго затрымання адбылася сутычка людзей з міліцыянерамі.

View this post on Instagram

A post shared by Рэгiянальная газета (@rg_rhby) on

«Ланцуг салідарнасці» ў Маладзечне. Як прайшла палітычная акцыя

Пасля стала вядома, што Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».

***

16 верасня прайшло першае пасяджэнне па справе Пяскова і Еўсцягнеева. У будынку суда прысутнічала шмат супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС у цывільнай вопратцы. Яшчэ да моманту, калі абвінавачваемыя зайшлі ў памяшканне, дзе праходзіў суд, там сядзела не менш за дзесяць супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС у цывільнай вопратцы.

Зала судовага пасяджэння. Амаль усе прысутныя — супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС у цывільнай вопратцы. На першай лаве — абвінавачваемыя Пяскоў і Еўсцігнееў, прадстаўнік пацярпелых.

Абвінавачваемыя — Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў. У абвінавачваемых адвакаты Філіповіч і Касцюк.

Пацярпелыя — супрацоўнікі АМАП УУС Мінаблвыканкама Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Вікторыя Паляшчук. У якасці дзяржаўнага абвінаваўцы выступаў пракурор Габруковіч.

У судзе пацярпелых прадстаўляе чалавек з прозвішчам Прыгодзіч. Адвакат Філіповіч хадайнічаў аб адводзе прадстаўніка пацярпелых, таму што, па яго словах, ён быў дапытаны ў якасці сведкі. Аднак суд не ўхваліў адвод.

Пацярпелыя Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў у Маладзечне 19 чэрвеня.

Пацярпелыя асабіста не прысутнічалі на судзе. Яны давалі паказанні праз відэасувязь у Мінскім абласным судзе. Адвакат Касцюк хадайнічаў, каб пацярпелыя прысутнічалі на судзе асабіста. Абвінаваўца заўважыў, што пацярпелыя знаходзяцца разам з сакратаром у памяшканні Мінскага абласнога суда, таму парушэнняў няма. Адвакат Філіповіч падтрымаў калегу. Суддзя Паляшчук заявіла, што пацярпелых можна дапытваць і па відэасувязі.

Яшчэ адным хадайніцтвам з боку абаронцаў быў выклік сведкі Французавай. Суддзя ўхваліла хадайніцтва, аднак на працягу першага слухання яе не выклікалі.

У ходзе судовага пасяджэння спачатку будуць заслуханыя паказанні пацярпелых, сведак, абвінавачваемых, даследаванне пісьмовых і рэчавых доказаў па справе.

У чым абвінавачваюць Пяскова і Еўсцягнеева

Пракурор Габруковіч агалошваў абвінавачванне. У ім ён адзначыў, што Пяскоў і Еўсцягнееў мелі намер на супраціўленне супрацоўнікам органаў унутраных спраў, спалучылі гэтае супраціўленне з гвалтам да гэтых супрацоўнікаў. Мужчын абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса.

Па матэрыялах справы, Пяскоў прымяніў гвалт у адносінах да Якавенкі. Той меркавана ударыў левае калена, а таксама ў выніку парвалася левая штаніна абмундзіравання.

Еўсцягнееў нібыта прымяніў гвалт у адносінах да Баранава. У выніку той ударыў правую руку ў двух месцах.

На працаздольнасць Якавенкі і Баранава гэтыя пашкоджанні не паўплывалі.

Еўсцягнееў прызнаў сваю віну. Пяскоў прызнаў віну часткова.

Баранаў: не хацеў бы адказваць, дзе і калі нарадзіўся

Пасяджэнне пачалося з апытання Яўгена Баранава.

Суддзя: Пацярпелы Баранаў, высвятляем вашу асобу. Правільна назавіце суду ваша імя, імя па бацьку, прозвішча.

Баранаў: Яўген Віктаравіч Баранаў.

Суддзя: Дата і месца вашага нараджэння.

Баранаў: Я б не хацеў адказваць.

Суддзя: Суд высвятляе вашу асобу, назавіце дату і месца вашага нараджэння.

Пасля невялікай паўзы Баранаў сказаў, што нарадзіўся ў 1990 годзе ў гарадскім пасёлку Обаль у Віцебскай вобласці. Пацярпелы працуе ў АМАП УУС Мінаблвыканкама.

19 чэрвеня Яўген Баранаў знаходзіўся ў Маладзечне на службе па ахове грамадскага парадку. Ён не памятае, у колькі супрацоўнікі АМАП прыехалі ў Маладзечна ў той дзень. Пасля прыезду ў горад адразу накіраваліся ў аддзяленне міліцыі. Там з супрацоўнікамі АМАП правялі інструктаж. Баранаў дакладна не памятае, хто праводзіў інструктаж. Па яго меркаванні, гэта быў начальнік аховы грамадскага парадку. Прозвішча не памятае.

На аўтамабілі «Форд Транзіт» супрацоўнікі ездзілі па дарозе, побач з якой былі людзі, што ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Разам з супрацоўнікам Маладзечанскага РАУС амапаўцы выходзілі да людзей, каб папярэдзіць іх, што тыя парушаюць заканадаўства.

Адвакаты Філіповіч і Касцюк.

— Яны крычалі розныя лозунгі, скандавалі гэтыя лозунгі, хлопалі. Некаторыя грамадзяне нават дапускалі крычаць «Ганьба» супрацоўнікам міліцыі, — апісвае мерапрыемства Баранаў.

Перад затрыманнем Алейніка з супрацоўнікам маладзечанскай міліцыі выходзіў з буса Баранаў і Якавенка. Пасля адбылося само затрыманне. Рашэнне аб аперацыі прыняў Баранаў, папярэдзіў Якавенку. Па словах Баранава, Алейніка затрымалі таму, што ён скандаваў лозунгі, а астатнія людзі крычалі лозунгі ў адказ, таксама махаў рукамі і правакаваў супрацоўнікаў тым, што хадзіў за імі і здымаў на тэлефон.

— Ён быў своеасаблівым завадатарам, які падштурхоўваў іншых людзей крычаць лозунгі, — сказаў Баранаў.

Баранаў сказаў, што яны разам з Якавенкам падышлі да Алейніка. Прадставіліся яму, папрасілі прайсці ў службовы транспарт. Алейнік адмовіўся. Баранаў і Якавенка пачалі затрымліваць яго з прымяненнем фізічнай сілы — заламалі рукі за спінай. Баранаў таксама паведаміў падрабязнасці затрымання Алейніка, якіх раней не паведамляў на судзе па адміністрацыйнай справе. Напрыклад, што Баранаў падышоў да Алейніка з раскрытым пасведчаннем супрацоўніка міліцыі.

Пяскоў і Еўсцягнееў.

Як апісвае гвалт у свой бок Баранаў

— Я стаў спінай да ўдзельнікаў мерапрыемства, тварам да службовага транспарту. Потым адчуў, як мяне цягнуць уніз за левую руку. У выніку чаго ўпаў. Потым даведаўся, што грамадзянінам, які цягнуў мяне, аказаўся Еўсцягнееў. Пры падзенні ўпаў на рукі і калена. Пачаўся ціск, на мяне падалі яшчэ людзі. Я ўпаў на локаць яшчэ больш. У момант падзення перакінаў праз сябе грамадзяніна Еўсцягнеева, каб мець магчымасць устаць. Устаў, і мы з’ехалі.

Суддзя сказала, што паказанні Баранава супярэчаць тым, што ён даваў раней. Баранаў адказаў, што трэба прытрымлівацца тых, што ён даваў раней, таму што ўжо мог прызабыць некаторыя моманты.

Якавенка: цягнулі за абмундзіраванне, шыю

Другім пацярпелым з’яўляецца супрацоўнік АМАП УУС Мінаблвыканкама Вячаслаў Якавенка. Ён нарадзіўся ў Полацку. Якавенка паўтарыў паказанні, якія раней даваў Баранаў, пра мэту прыбыцця амапаўцаў у Маладзечна 19 чэрвеня.

Як апісвае гвалт у свой бок Якавенка

— Я не бачыў, хто мяне схапіў за плячо. Пасля паспеў павярнуцца, то ўбачыў, што цягнуў мужчына ва ўзросце ў светлай кашулі. Я развярнуўся, пабачыў, што Баранаў ужо ляжыць. Я ўпаў левым каленам на зямлю, а перыферыйным зрокам бачыў, што падыходзяць людзі. Пасля таго, як упаў на калена, адчуў, што мяне цягнуць за абмундзіраванне, за шыю. Я ўпаў яшчэ раз.

17 верасня ў 10:30 у судзе Маладзечанскага раёна слуханне працягнецца. На ім будуць дапытваць сведак.

• Текст доступен на языке: Русский