Фота nn.by.

Міністэрства замежных спраў Літвы спросціць выдачу нацыянальных віз беларускім грамадзянам, яны будуць выдавацца на паўгода і пры афармленні спатрэбіцца мінімальны пакет дакументаў, піша Interfax.by.

Паводле інфармацыі МЗС, ад 21 верасня ў Літве да беларусаў будуць прад’яўляцца такія ж умовы выдачы нацыянальных віз, як да грамадзян Аўстраліі, Японіі, Злучанага Каралеўства, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Новай Зеландыі і Паўднёвай Карэі.

Таксама беларусы павінны будуць прадставіць доказ сваёй фінансавай забяспечанасці — сродкі на тры месяцы, альбо абавязацельства юрыдычнай асобы па забеспячэнні такіх сродкаў.

Мяркуецца, што спрошчаны візавы рэжым будзе дзейнічаць да 21 сакавіка 2021 года.

«Літоўская дыпламатычная служба здольная забяспечыць зладжаны і хуткі працэс выдачы віз без стварэння бюракратычных і адміністрацыйных перашкод», — заявіў кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус.

У сваю чаргу міністр унутраных спраў Літвы Рыта Тамашунене паведаміла, што для паскарэння працэдур выдачы віз Дэпартамент міграцыі пачне разглядаць просьбы высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі яшчэ да іх прыбыцця ў Літву.

«У дадзены момант самае важнае — забяспечыць зладжаны працэс рэалізацыі працэдур», — сказала Тамашунене.