Падчас судовага пасяджэння па крымінальнай справе ў Маладзечне амапавец Яўген Баранаў распавёў новы факт пра затрыманне Міколы Алейніка 19 чэрвеня на ланцугу салідарнасці.
У судовым пасяджэнні, якое адбылося 16 верасня, амапаўца Яўгена Баранава прасілі аднавіць падзеі 19 чэрвеня падчас ланцуга салідарнасці, у тым ліку і затрыманне Міколы Алейніка.
Ён расказаў, што перад затрыманнем разам з яшчэ адным супрацоўнікам АМАП Вячаславам Якавенкам падышоў да Алейніка. Перад затрыманнем паказаў яму сваё пасведчанне, прадставіўся і папрасіў прайсці ў службовы транспарт. Па словах Баранава, Алейнік адмовіўся і спрабаваў адысці. Таму амапаўцы з дапамогай фізічнай сілы даставілі Алейніка ў аўто. Усё гэта заняла 5 секунд.
Інфармацыя пра дэманстрацыю службовага пасведчання — новая. У судзе па адміністрацыйнай справе Яўген Баранаў гэтую інфармацыю не распавядаў.

Раней Яўген Баранаў сцвярджаў, што затрыманне Алейніка прайшло так:
— Мы прадставіліся і папрасілі яго праехаць у РАУС. Ён нас ігнараваў. Вырашылі затрымаць з прымяненнем фізічнай сілы. Суправадзілі ў транспарт і даставілі ў РАУС.
Адвакат Алейніка Ігар Касцюк прасіў удакладніць, як прадставіўся Баранаў. Ён адказаў:
— Лейтэнант Баранаў. Добры дзень! Вы парушаеце закон. Прайдзіце, калі ласка, ў службовы аўтамабіль.
***
Нагадаем, 24 чэрвеня Міколу Алейніка асудзілі на 15 сутак па двум артыкулам Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і супраціўленне супрацоўнікам АМАП.
• Текст доступен на языке: Русский