У маладзечанскім парку. Ілюстрацыйны здымак. Фота Зоі Хруцкай.

Учора Экскурсавод Ірына Багамолава правяла для жадаючых экскурсію па Парку Перамогі. Паслухаць цікавыя факты пра горад сабралася больш за 20 чалавек.

Падчас экскурсіі да людзей падыходзілі міліцыянеры. Іх запрашалі далучыцца і паслухаць. Прыводзім некаторыя факты, пачутыя на экскурсіі.

1. Стоячы спінай да цэнтральнага ўвахода ў парк перад вачыма паўстае фантан. У народзе яго называюць «Папараць», «Адам і Ева». Але на самай справе яго назва – «Залаты трохлістнік». Гэта апошняя праца скульптара Уладзіміра Жбанава. Праз некалькі месяцаў пасля усталявання скульптуры-фантана аўтар Жбанаў пайшоў з жыцця.

2. Вялікі Гасцінец – частка адной з самых старажытных дарог Беларусі, Старавіленскага тракта. На Маладзечаншчыне, каля Мясаты, усталяваны адзіны вядомы помнік дарозе.

3. У маладзечанскім парку вялікая калекцыя дрэваў лістоўніц.

4. Самы вялікі фантан у вадаёмах парка дасягае ў вышыню 14 метраў.

5. Мемарыяльны комплекс у парку ў гонар вызваліцеляў Маладзечна ўтрымлівае стэлу, якая нагадвае злучаныя стужкай штыкі. Сімвалізуе, што ў вызваленні ўдзельнічалі аб’яднаныя розныя вайсковыя падраздзяленні. Вышыня стэлы складае 25 метраў.

6. З заходняга ўваходу ў парк відаць помнік Герою Савецкага Саюза Фёдару Маркаву. Вайсковыя дасягненні Маркава ніхто не адмаўляе, але разам з тым нельга хаваць інфармацыю пра злачынствы, якія чыніла частка партызынаў ў час акупацыі ў тым ліку пад яго камандаваннем.

– Трэба ведаць і гаварыць усю праўду, якая яна б ні была. Ад гэтага становіцца лягчэй, – заўважыла экскурсавод».

7. Насупраць заходняга ўваходу ў парк размешчаны помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Беларусы ўдзельнічалі ў больш чым 3000 ваенных канфліктаў, не звязаных са змаганнем за беларускія ідэі і незалежнасць.

8. Помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць беларусаў» – адзіны вядомы з такой ідэяй. У 90-я гады, пры Генадзю Карпенку, камень для помніка прывезлі з ГУЛАГа. Яго асвяцілі тры святары – праваслаўны, каталіцкі і ўніяцкі. Раней ён стаяў у тым месцы, дзе цяпер размешчаная скульптура-фантан «Залаты трохлістнік». Яго перанеслі спачатку на паўночна-заходні кут парка, а пасля ў цяперашняе месца.

– Мы так шмат губляем, калі не ўнікаем у многія рэчы, а пасля атрымліваем тое, што атрымліваем. Уся гісторыя беларусаў як барацьбітоў за волю і незалежнасць непараўнальная. Мы павінны яе ведаць і ганарыцца.

Экскурсію скончылі хвілінай маўчання.