Фота Habr.

14 верасня ў Вілейскім судзе агучылі прыгавор мясцоваму жыхару. За крадзеж з банкаўскай карткі ён атрымаў два з паловай гады калоніі. 

Гісторыя пачалася сёлета 4 чэрвеня. 32-гадовы віляйчук, які вызваліўся з турмы 8 мая, выпіваў разам са сваім знаёмым. Калі знаёмы заснуў, узяў яго банкаўскую картку і пайшоў з ёй па магазінах.

Амаль за чатыры гадзіны ён патраціў 243 рублі 74 капейкі. Тавар купляў на такія сумы, што пін-код не патрабаваўся.

Назаўтра пацярпелы заўважыў смс-паведамленні пра спісанне грошай, якія прыходзілі яму на тэлефон.

Па словах памочніка пракурора Вілейшчыны Наталлі Стрэж, абвінавачваемы цалкам прызнаў сваю віну, але грошы не вярнуў. Пацярпелы не настойваў на строгім пакаранні і адмовіўся пісаць іск на вяртанне грошай.

З улікам усіх абставін, абвінавачваему прызначылі пакаранне – два гады і шэсць мясяцаў калоніі па артыкуле 212 частцы 2. Таксама яго будуць лячыць ад алкагалізму. Прыгавор у законную сілу не ўступіў.

Пракуратура нагадвае грамадзянам, каб пільна захоўвалі свае карткі. А таксама памятайце, што карыстанне чужой банкаўскай карткай цягне крымінальную адказнасць.

• Текст доступен на языке: Русский