На другім пасяджэнні 17 верасня па справе маладзечанцаў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева дапытвалі сведак-амапаўцаў.

«Рэгіянальная газета» транслюе, што сілавікі расказалі пра сутычку ў Маладзечне 19 чэрвеня.

Чытайце яшчэ: Прайшло першае пасяджэнне па справе гвалту над амапаўцамі ў Маладзечне

На другім судовым пасяджэнні не прысутнічалі пацярпелыя супрацоўнікі АМАП Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка, а таксама прадстаўнік пацярпелых Прыгодзіч. Суд ухваліў працяг пасяджэння без пацярпелых і прадстаўніка пацярпелых.

Супрацоўнікі АМАП, якіх сёння дапытвалі, давалі свае паказанні ў памяшканні Мінскага абласнога суда. У памяшканні Мінскага абласнога суда прысутнічалі трое амапаўцаў: Віталь Дукі, Мікіта Шыйко, Васіль Амяльчэня.

Двое амапаўцаў былі сёння на службе, таму на раняшняе пасяджэнне яны не з’явіліся. Толькі пасля перапынку быў дапытаны адзін з гэтых сведак, Эдуард Савіцкі. Яшчэ адзін сведка, Гарбачоў, не з’явіўся, таму што заставаўся на службе.

Той самы фотаздымак, на якім у руках у амапаўца заўважылі пісталет. У стойцы ў цывільным ля буса — амапавец Віталь Дук. Фота Настассі Уткінай.

Паказанні амапаўца ў цывільным

Першым заслухоўвалі паказанні Віталя Дукі. Нарадзіўся ў 1989 годзе ў Лідзе. Ён з’яўляецца камандзірам узвода АМАП УУС Мінаблвыканкама.

19 чэрвеня Дукі сумесна з калегамі ахоўваў грамадскі парадак у Маладзечне. У Маладзечна супрацоўнікі АМАП прыехалі каля 17 гадзін. З паказанняў Дукі зразумела, што амапаўцы прыехалі ў горад на двух службовых аўто — «Джылі» і «Форд Транзіт». Амапаўцы прыехалі адразу ў аддзяленне міліцыі, там жа правялі інструктаж.

Віталь Дукі падчас акцыі салідарнасці быў у цывільнай вопратцы. Дукі пацвердзіў, што ў цывільным быў яшчэ адзін супрацоўнік АМАП — Савіцкі. Усе амапаўцы называлі Савіцкага старшым.

Дукі паведаміў, што знаходзіўся ў натоўпе на скрыжаванні Вялікага Гасцінца і Хмяльніцкага каля гімназіі №6. Дабраўся туды адзін пешшу ад Маладзечанскага РАУС. Ён там быў раней, чым астатнія амапаўцы ў форме. Задачай Дукі была перадача інфармацыі па становішчы на масавым мерапрыемстве кіраўніцтву.

Дукі не бачыў затрымання Алейніка, таму што перашкаджала службовае аўто, на якім ездзілі амапаўцы. Паспеў убачыць толькі сутычку людзей і супрацоўнікаў АМАП.

— Убачыў, што пачалася сутычка. Я падбег да месца сутычкі. Убачыў, што чалавек з майкай, дзе быў чэрап і косці, наносіў удары нашаму супрацоўніку. Я не бачыў, якому супрацоўніку.

Па словах Дукі, каб спыніць супрацьпраўныя дзеянні грамадзян, ён зрабіў «падсечку». Таксама ўдакладніў, што пабачыў амапаўца, які ляжаў на зямлі, а ўдары супрацоўніку па галаве наносіў чалавек у зялёнай майцы.

Пасля таго, як Дукі зрабіў «падсечку», заставаўся каля мікрааўтобуса. Ён сказаў, што сутычка працягвалася каля хвіліны. Заўважных пашкоджанняў ці траўм у амапаўцаў не бачыў.

Адвакат Касцюк спрабаваў даведацца ў Дукі, ці бачыў той, хто і колькі разоў біў амапаўца, які ляжаў на зямлі. Дукі сказаў, што не памятае, колькі разоў і якой рукой. Пасля Дукі ўдакладніў, што гэтым амапаўцам, што ляжаў на зямлі, быў Якавенка.

Адвакат: Як ён ляжаў?

Дукі: Спінай.

Адвакат: Ці доўга ён ляжаў на спіне?

Дукі: Секунд 10. Ён спрабаваў абараніцца. Яго трымалі яшчэ людзі, якія былі побач.

Адвакат: Хто яго трымаў? Колькі чалавек?

Дукі: Я не памятаю. Гэта была масавая сутычка.

Адвакат: Колькі чалавек, апішыце іх.

Дукі: Не магу гэта зрабіць. Не памятаю. Трымалі Якавенку не менш аднаго чалавека, мінімум адзін.

Адвакат: Як ён трымаў?

Дукі: За форму і за рукі.

Адвакат: За форму як?

Дукі: За частцы тулава. За кіцель. Супрацоўнік спрабаваў абараніцца. Потым супрацоўніку атрымалася вырвацца, стаць у бяспечным месцы.

Адвакат: Хтосьці з вашых супрацоўнікаў меў табельную зброю?

Дукі: Супрацоўнікі ў форме мелі табельную зброю.

Адвакат: Хто-небудзь з супрацоўнікаў даставаў зброю?

Дукі: Не бачыў.

Адвакат: Бачылі відэа эпізода?

Дукі: Мімаходзь.

Адвакат: Патлумачце слова мімаходзь.

Дукі: Проста паглядзеў і ўсё.

Дукі сказаў, што бачыў толькі Якавенку, Баранава — не.

Адвакат Касцюк прасіў удакладніць, якім чынам перавозілі затрыманага Міколу Алейніка. Дукі адказаў, што ён сядзеў у крэсле ўвесь час.

Суддзя сказала, што ў паказаннях Дукі ёсць супярэчнасці. Зачытала яго словы ў пратаколе, які склалі яшчэ ў чэрвені. Згодна з ім, Дукі бачыў каля буса, як невядомыя павалілі Якавенку і Баранава, хапалі за форму. Гэтых грамадзян дакладна не запомніў.

На першым плане — амапавец Мікіта Шыйко, а на другім — Вячаслаў Якавенка. Фота зробленае ў Маладзечне 19 чэрвеня.

Шыйко: пісталет не даставаў, але папраўляў

Другім сведкам стаў Мікіта Шыйко. Ён таксама міліцыянер АМАМ УУС Мінгарвыканкама, працуе міліцыянерам паўтара года.

Шыйко паведаміў, што ў Маладзечна прыехаў разам з супрацоўнікамі АМАП на службовым аўтамабілі «Форд Транзіт». У яго былі спецсродкі — газ-шок, табельная зброя і рацыя. Ён дакладна не памятае, дзе канкрэтна знаходзіліся ўдзельнікі акцыі — у парку ці на плошчы.

Па словах Шыйко, ён не выходзіў са службовага транспарту.

Сведка паведаміў, што не бачыў моманту затрымання Міколы Алейніка. Аднак бачыў, калі Баранаў і Якавенка вялі затрыманага. Са слоў Шыйко, натоўп накінуўся на Якавенку і Баранава — яны ўдваіх аказаліся на зямлі. Шыйко не памятае, колькі дакладна людзей накінуліся на амапаўцаў. Амапаўцы ўпалі таму, што іх пацягнулі людзі.

Пасля Шыйко выйшаў з аўто, каб дапамагчы Баранаву падняцца. У гэты час Баранаў ляжаў на зямлі. У аўто заставаўся Амяльчэня, які, па яго словах, пасля таксама выйшаў.

Адвакат: Ці даставалі зброю з кабуры?

Шыйко: Не. Зброю толькі папраўляў.

Адвакат: Вы даставалі зброю з кабуры?

Шыйко: Не.

Суддзя папрасіла Шыйко ўдакладніць, што ён пабачыў, калі выйшаў з буса. Той адказаў, што ўбачыў Баранава, які ляжаў на спіне. Шыйко адцягнуў чалавека, які ляжаў на Баранаве. Чалавека таго не запомніў. Пасля Шыйко сказаў, што чалавек на Баранаве не ляжаў, а сядзеў.

Суддзя: Як вы адцягнулі чалавека ад Баранава?

Шыйко: Падыйшоў і адцягнуў акуратна.

Амяльчэня трымаецца за пісталет. Фотаздымак зроблены 19 чэрвеня ў Маладзечне.

Амяльчэня: прытрымліваюся старых паказанняў

Наступным сведкам у справе аб гвалце выступіў Васіль Амяльчэня, які працуе міліцыянерам у першым узводзе АМАП УУС Мінаблвыканкама.

Суддзя: Якія ў вас адносіны з Баранавым і Якавенкам?

Амяльчэня: Нармальныя.

Суддзя ўдакладніла, кім Баранаў і Якавенка з’яўляюцца для Амяльчэні. Той адказаў, што калегамі.

Амяльчэня разам з астатнімі супрацоўнікамі АМАП прыехаў у Маладзечна 19 чэрвеня для аховы грамадскага парадку. Ён не памятае, хто праводзіў інструктаж у Маладзечанскім РАУС перад тым, як амапаўцы выехалі на несанкцыянаванае мерапрыемства.

Амяльчэня выходзіў два разы са службовага аўто. Першы раз з міліцыянерам Маладзечанскага РАУС, каб папярэдзіць людзей, што тыя парушаюць заканадаўства. У другі раз выйшаў ужо пасля сутычкі, каб забраць у аўто Шыйко.

— Я адчыніў дзверы аўто, нам перадалі затрыманага. Яго перадалі Якавенка і Баранаў. Пасля Шыйко выйшаў на дапамогу супрацоўнікаў, я заставаўся ў аўто і назіраў за затрыманым. Пасля сам выбег з машыны, каб забраць Шыйко.

Амяльчэня распавёў, што Шыйко выйшаў з машыны, каб аказаць дапамогу Баранаву і Якавенку. У той момант яны ляжалі на зямлі, а над імі знаходзіліся грамадзяне. Амяльчэня не памятае, як Баранаў і Якавенка апынуліся на зямлі.

Амяльчэня трымаў Алейніка, якога раней перадалі Баранаў і Якавенка. Па яго словах, той сядзеў у крэсле за кіроўцам. Пасля Амяльчэня выйшаў на вуліцу, Шыйко ў гэты момант трымаў чалавека, пісталета не пабачыў.

У пратаколе, які склалі ў чэрвені, пазначаецца, што Амяльчэня бачыў, як натоўп ішоў да службовага аўто яшчэ да таго, як Алейніка даставілі ў машыну. У ім адзначаецца, што Амяльчэня бачыў, як грамадзяне хапаюць Баранава і Якавенку за форму.

Суддзя спыталася, чаму Амяльчэня кажа цяпер, што не бачыў, як яго калег цягнулі грамадзяне. Ён адказаў, што прызабыў, будзе прытрымліваецца паказанняў, якія даваў раней, таму што за тры месяцы пазабываў падзеі.

Савіцкі: нічога не бачыў, ведаю інфармацыю па дакладзе

Эдуард Савіцкі працуе намеснікам камандзіра атрада АМАП УУС Мінгарвыканкама.

Па яго паказаннях, амапаўцы прыехалі ў Маладзечна, таму што ў інтэрнэце былі размешчаныя заклікі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Савіцкі не бачыў ні затрыманне Алейніка, ні сутычку. У гэты момант ён быў каля галоўнага ўваходу ў парк разам з супрацоўнікам Маладзечанскага РАУС у аўтамабілі.

Пасля Савіцкі не бачыў пашкоджанняў у Баранава і Якавенкі. Усю інфармацыю пра затрыманне і сутычку ён ведае з вуснага даклада яго супрацоўнікаў. Таксама Савіцкі двойчы паўтарыў, што яго супрацоўнікі паказалі пасведчанне затрыманаму Алейніку. Падрабязнасці сутычкі і пра гвалтоўныя дзеянні ў бок сілавікоў Савіцкаму не расказалі.

Шыйко, супрацоўнік Маладзечанскага РАУС Дзмітры Судніковіч, Амяльчэня, Якавенка і Баранаў. Фотаздымак зроблены 19 чэрвеня ў Маладзечне.

Адвакат Касцюк удакладніў, што згодна з матэрыяламі следчага Кавалевіча з Маладзечанскага РАСК, які дапытваў сведак, супрацоўнікі АМАП у гэтым судовым пасяджэнні хлусяць. Следчаму распавядалі, што Шыйко даставаў пісталет, а ў судзе Шыйко двойчы гэта адмаўляў. Таксама ўсе амапаўцы сказалі, што Алейніка перавозілі ў РАУС на крэсле за кіроўцам, а ў следчага сказалі, што ён ляжаў на падлозе аўто.

Наступнае судовае пасяджэнне пройдзе 18 верасня ў 10:30.

• Текст доступен на языке: Русский