Гуманітарная дапамога для "Надзеі". Фота з сайта ДРАЦ "Надзея".

Адзін з відаў дзейнасці дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра «Надзея», што на Вілейшчыне, – праекты па санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні дзяцей і дарослых у супрацоўніцтве з замежнымі і беларускімі грамадскімі аб’яднаннямі.

У 2019 годзе тут прынялі на аздараўленне 682 дзіцяці і 196 дарослых. Рэалізавалі сорак праектаў з 17 грамадскімі аб’яднаннямі васьмі краін свету і з 12 грамадскімі арганізацыямі Беларусі.

Нямецкі бок падтрымаў фінансава аздараўленчыя праекты

Сёлета працу ў гэтым кірунку працягваюць. Амаль увесь жнівень у дзіцячым цэнтры «Надзея» ўвасаблялі шэсць праектаў. Пяць з іх з удзелам арганізацый Германіі.

Ад 4 да 28 жніўня ў рамках аднаго з праектаў на Вілейшчыне папраўлялі здароўе дзеці з Гомельшчыны. Праект ладзілі ў супрацоўніцтве з гомельскай ГА «Дзіцячая гематалогія» пры фінансавай падтрымцы нямецкай грамадскай арганізацыі «Сябры дзяцей Чарнобыля ў Вюртэмбергу», што знаходзіцца ў Штутгарце.

У гэтыя ж дні ў «Надзеі» ладзілі яшчэ адзін праект па аздараўленні дзяцей з Гомельскай вобласці ў супрацоўніцтве з фондам «Здароўе дзецям» з Гомеля. Праект фінансава падтрымала нямецкая працоўная супольнасць «Дапамога дзецям Чарнобыля» пры Евангелічна-лютэранскай мясцовай царкве.

Дзяцей з Нясвіжа, а таксама Брагінскага і Ельскага раёнаў аздараўлялі падчас яшчэ трох жнівеньскіх беларуска-нямецкіх праектаў, апошні з якіх завяршыўся за пару дзён да пачатку восені.

У «Надзеі» паведамляюць, што ўсе ўдзельнікі праектаў атрымалі курс лячэбна-аздараўленчых працэдур, далучыліся да культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, наведалі заняткі разнастайных гурткоў.

Многія партнёры сёлета не прыехалі ўпершыню

Нагадаем, што «Надзею» з нямецкімі арганізацыямі і фондамі звязвае даўняе сяброўства. Некалькі арганізацый Германіі з’яўляюцца заснавальнікамі фонду. Партнёры з Германіі падтрымліваюць цэнтр фінансава, прыязджаюць сюды ў якасці валанцёраў, праводзяць рамонтныя работы, ладзяць гульні, спаборніцтвы і гутаркі з беларускімі дзецьмі, дасылаюць гуманітарную дапамогу.

У ліпені цэнтр атрымаў чарговы гуманітарны груз – мэблю, ровары, страховачнае абсталяванне для вяровачнага гарадка, запчасткі для катла на дровах, цацкі, адзенне. Арганізацыю і фінансавую падтрымку гуманітарнага грузу забяспечылі арганізацыі «Бобі» і «Жыццё пасля Чарнобыля», «Зямельны саюз садаводаў-аматараў Вестфаліі і Ліпэ». Але самі нямецкія партнёры сёлета не прыехалі ў «Надзею». Прычына таму – пандэмія.

– Мы нікога не прымалі ў сябе, ды і межы былі закрытыя. Таму многія нашы партнёры і сябры з Германіі ўпершыню ад часу заснавання «Надзеі»  не прыехалі да нас, – паведаміла карэспандэнту спецыяліст па сувязях з грамадскасцю дзіцячага цэнтра «Надзея» Таццяна Мейсак.

• Текст доступен на языке: Русский