Бел-чырвона-белыя сцягі часам з'яўляюцца на вуліцах Мінска. Адзін з іх прасілі зняць вілейскага альпініста. Фота twitter.com/belteanews/status.

Віляйчук Дзмітры Субач некалькі год працуе прамысловым альпіністам у Мінску. У святле апошніх падзей Дмітрыю паступаюць замовы: зняць або павесіць бел-чырвона-белы сцяг на нейкі будынак у сталіцы.

– Неяк была замова на мантаж бел-чырвона-белага сцяга на адзін з будынкаў у Мінску. Я, на жаль, не змог пад’ехаць, быў заняты іншай працай. Але перакінуў замову свайму калегу. І ён выканаў.

Па словах Дзмітрыя, звярталіся і для таго, каб зняць сцяг. Але ён адмовіўся па ўласных перакананнях:

– Я не прымаю таго, што цяпер адбываецца ў краіне.

Я вымушаны сядзець без інтэрнэту, не магу выйсці вечарам з дзяўчынай пагуляць, бо атрымаю па галаве.

Цяпер адно з міністэрстваў, з якім я не раз супрацоўнічаў, прапануе пафарбаваць дах будынка. Гэта лёгкія грошы. Тым больш, я нядаўна набыў неабходнае абсталяванне. Але я не вазьмуся за гэтую працу. Бо маю права вырашаць: рабіць гэта ці не рабіць. Я б зрабіў усё якасна, як заўсёды.

Але пасля таго, што робіцца ў краіне, я не хачу больш супрацоўнічаць з гэтымі людзьмі.

Нагадаем, што акрамя асноўнай працы, Дзмітры Субач з калегамі займаецца дабрачыннасцю. Раней мы пісалі пра тое, як прамысловыя альпіністы ладзілі акцыі для хворых дзяцей: мылі вокны ў РНПЦ анкалогіі, раздавалі дзецям навагоднія падарункі ў РНПЦ хірургіі.

Навагоднія альпіністы на працы падчас леташняй акцыі. Фота забяспечанае Дзмітрыем Субачам.

• Текст доступен на языке: Русский