Пасведчанне Асановіча аб узнагароджванні памятным нагрудным знакам. Фота Настассі Уткінай.

Ігара Асановіча прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

55-гадовы былы міліцыянер цяпер працуе вартаўніком у вайсковай часці ў Красным, а жыве ў Маладзечне.

Пасяджэнне правяла суддзя Іна Каханоўская 15 верасня.

На пачатку пасяджэння Асановіч хадайнічаў аб тым, каб суд дазволіў азнаёміцца з матэрыяламі справы, хадайніцтва задаволілі. Пасля перапынку Асановіч заўважыў, што пратакол аформлены з памылкай. Месцам складання пратакола пазначаны горад Маладзечна, хаця міліцыянеры апытвалі яго па месцы працы ў Красным.

На судзе Асановіч заявіў, што не ўдзельнічаў у шэсці, але ведае, што яно было, таму што сам мужчына жыве ў доме, каля якога ўдзельнікі праходзілі. Таксама патлумачыў, што на відэа зафіксавалі не яго, а чалавека, падобнага да яго. Па меркаванні Асановіча, супрацоўнікі міліцыі яго агаворвалі з-за таго, што раней ён апазнаў на відэазапісе са збіццём людзей ва ўнутраным дворыку РАУС двух людзей з кіраўніцтва міліцыі. «Я ўказваў іх прозвішчы і асуджаў дзеянні», – заявіў Асановіч.

На пытанне, якім чынам ён мог апазнаць міліцыянераў, мужчына патлумачыў:

– Я ветэран, пенсіянер Міністэрства ўнутраных спраў, да 2007 года працаваў у Маладзечанскім РАУС. Ад 2010 года атрымліваю пенсію за выслугу гадоў.

Асановіч выказаў меркаванне, што яго агаварылі па распараджэнні кіраўніцтва. На пытанне суда, на чым грунтуецца меркаванне, адказаў «на асабістым досведзе».

У якасці сведкаў былі трое міліцыянераў Маладзечанскага РАУС – Жалевіч, Кушаль і Мурза. Жалевіч здымаў шэсце на камеру, Кушаль вёў аўтамабіль. Яны сказалі, што заўважалі Асановіча ў натоўпе, і той паказваў непрыстойны жэст.

Жалевіч сцвярджаў, што чалавек, падобны да Асановіча, выказваўся ў бок міліцыянераў. Ён зразумеў гэта па руху вуснаў. На відэа, прадстаўленым міліцыяй, відаць, што меркаваны Асановіч быў у медыцынскай масцы.

Кушаль адзначыў, што бачыў чалавека, падобнага да Асановіча, толькі на пешаходным пераходзе скрыжавання Прытыцкага і Грамадоўскай.

Мурза пасля ў аддзеле праглядаў відэа. Хтосьці пазнаў у чалавеку на відэа Асановіча. Тады зверылі чалавека на відэа з пашпартнай базай і вырашылі, што гэта ён.

Пастанова суда

Суд пастанавіў, што 30 жніўня днём Асановіч прымаў удзел у шэсці і публічна выказваў незадаволенасць дзеючай уладай і парадкам правядзення выбараў.

На судзе Асановіч віну не прызнаў. Суд пастанавіў накласці на Асановіча адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 25 базавых велічынь, што складае 675 рублёў.

Перад судовым пасяджэннем Ігар Асановіч паказаў журналістам пасведчанне аб узнагароджванні памятным нагрудным знакам «100 год Крымінальнаму вышуку Мінскай вобласці Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», зацверджанае загадам ад 7 жніўня 2018 года.