Каля двухсот маладзечанцаў падпісала зварот да старшыні маладзечанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Святланы Чыжыкавай. Сёння яны атрымалі адказ.

У сваім звароце гараджане прасілі старшыню пракаментаваць шматлікія затрыманні 9-11 жніўня, пыталіся, як абараніў Фонд міру маладзечанцаў, да якіх сілавікі прымянілі фізічную сілу; да якіх органаў звярталіся, каб урэгуляваць сітуацыю з парушэннем правоў чалавека.

  • Якую дапамогу прапанаваў Фонд міру пацярпелым?
  • Як вы асабіста ставіцеся да мірных акцый салідарнасці ў Маладзечанскім раёне?
  • Што вы можаце прапанаваць для падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў і акцый салідарнасці?

Такія пытанні задавалі жыхары Маладзечна Святлане Чыжыкавай. Вось як выглядае адказ:

«Дарагія землякі! Маладзечанская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» занепакоеная сітуацыяй, якая склалася, і нясе відавочныя пагрозы жыццю і здароўю грамадзян, будучаму Рэспублікі Беларусь. Мы шкадуем пра факты прымянення сілы і асуджаем гвалт у любых формах і відах. Мы выказваем спачуванне пацярпелым падчас несанкцыянаваных мітынгаў. Мы – мірныя людзі. Самая вышэйшая і абсалютная каштоўнасць – гэта чалавек, яго жыццё, здароўе і годнасць.

Мы, міратворцы, заклікаем усіх праявіць разважлівасць, кіравацца прынцыпамі гуманізму і агульнымі крытэрыямі маральнасці. Наша раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру» заклікае спыніць вулічныя шэсці, бо яны падвяргаюць небяспецы, у першую чаргу, жанчын і дзяцей. Весці толькі мірны дыялог, і не на плошчах, бо дыскусіі магчымыя ў рамках здаровага палітычнага працэсу і ў строгай адпаведнасці закону.

Хай Беларусь, дзякуючы нашым агульным намаганням, стане зноў мірнай! Хай чалавечыя каштоўнасці – мірнае стварэнне, гуманізм, дабрыня, міласэрнасць, дынамічнае развіццё, стабільнасць – будуць нашымі арыенцірамі і надалей.

З павагай Святлана Чыжыкава, старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру».

• Текст доступен на языке: Русский