На трэцім судовым пасяджэнні ў Маладзечне, 18 верасня, па справе Пяскова і Еўсцягнеева выступалі сведкі.

Ужо традыцыйна ў зале судовага пасяджэння знаходзіліся супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС. А на месцы для прэсы сеў следчы, які прадставіўся работнікам расійскага СМІ.

Гарбачоў: сутычкі не бачыў, толькі чуў

Учора, 17 верасня, дапытвалі сведак з АМАП, якія бачылі сутычку паміж людзьмі і іншымі супрацоўнікамі. Адзін са сведак, Аляксей Гарбачоў, не з’явіўся на пасяджэнне, таму што быў на службе.

Сёння ён даў паказанні па відэасувязі з Мінскага абласнога суда. Гарбачоў працуе міліцыянерам-кіроўцам у АМАП УУС Мінаблвыканкама.

19 чэрвеня ён прыехаў у Маладзечна для аховы грамадаскага парадку. У бусе знаходзіліся амапаўцы Баранаў, Якавенка, Шыйко і Амяльчэня. Акрамя іх на працы па ахове грамадскага парадку сядзелі і тры маладзечанскія міліцыянеры. Іх прозвішча Гарбачоў не памятае.

Гарбачоў не бачыў сутычку, толькі чуў. Увесь час знаходзіўся на месцы кіроўцы, на вуліцу не выходзіў. Па яго словах, Алейнік знаходзіўся на крэсле за ім пасля затрымання.

— Ну я ж бачыў, адкуль ён уставаў, калі мы прыехалі ў РАУС, — тлумачыць амапавец.

Ужо ў РАУС Гарбачоў бачыў пашкоджанні ў Якавенкі — парваная штаніна, драпіна на локці. Не памятае, ці былі пашкоджанні ў Баранава.

На папярэднім следстве 16 ліпеня Гарбачоў таксама пацвердзіў, што бачыў сутычку толькі па відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце, і са слоў іншых амапаўцаў. У гэтым пратаколе пазначана, што перад затрыманнем Алейнік спрабаваў схавацца, збегчы ў бок парку. Аб гэтым яму паведамілі Баранаў і Якавенка ўжо пасля затрымання.

Гарбачоў ў пратаколе допыту ў ліпені пазначаў, што быў нейкі трэці мужчына, які цягнуў Якавенку. Адвакат Касцюк спрабуе даведавацца пра трэцяга чалавека, пра якога амапавец казаў на папярэднім следстве. Але той ужо не памятае ўсе абставіны.

— Відэа паглядзім і зразумеем, што гэта быў за чалавек.

Гарбачоў паведаміў на судовым пасяджэнні, што не бачыў, як хтосьці з супрацоўнікаў даставаў зброю. Пасля ўдакладніў, што вечарам таго ж дня Шыйко сказаў, што папраўляў зброю, але не даставаў яе.

Судовае пасяджэнне перапынялася на паўгадзіны пасля допыта сведкі Гарбачова. Пракурор спасылаўся на кепскае самаадчуванне.

Судніковіч: пашкоджанняў не бачыў, амапаўцаў хвалявала больш форма

Дзмітры Судніковіч працуе міліцыянерам ў Маладзечанскім РАУС. 19 чэрвеня ўваходзіў у групу інфармавання, хадзіў з мегафонам.

У тым жа бусе, у якім ездзілі амапаўцы, сядзеў і Судніковіч. Разам з ім там былі іншыя супрацоўнікі Малазечансага РАУС — Туровіч, Гамбіцкі, Посах. Усе супрацоўнікі былі ў міліцэйскай форме, мелі спецсродкі.

З машыны Судніковіч і супрацоўнікі АМАП выходзілі разоў пяць ці шэсць, дакладна не памятае.

Судніковіч не бачыў моманту затрымання Алейніка. Ён знаходзіўся ў некалькіх метрах ад месца падзей, пайшоў дапамагаць амапаўцам. Судніковіч бачыў, як Пяскоў цягнуў амапаўца, але не бачыў, як амапавец і Еўсцягнееў апынуліся на зямлі. Сутычка працягвалася не больш за адну хвіліну.

Судніковіч паведаміў, што з машыны выходзіў Гамбіцкі, стаяў каля дзвярэй аўто. А потым з боку гімназіі №6 падбег супрацоўнік АМАП у цывільнай вопратцы.

Судніковіч сказаў, што Алейніка везлі на падлозе аўто, ён ляжаў, а амапаўцы яго трымалі. Пяскова і Еўсцягнеева Судніковіч таксама бачыў недалёка ад месца сутычкі перад самой сутычкай.

У РАУС Судніковіч убачыў, як амапаўцы паказвалі парваныя штаны. Сказаў, што цялесных пашкоджанняў не бачыў. Па яго словах, амапаўцаў хвалявала больш тое, у чым яны будуць хадзіць.

Па словах Судніковіча, грамадзянін па прозвішчу Непагода знаходзіцца ў вышуку — па справе аб гвалце над супрацоўнікамі АМАП.

Паказанні Гамбіцкага

Сяргей Гамбіцкі працуе начальнікам крымінальна-выканаўчай інспецыі Маладзечанскага РАУС. Падчас несанкцыянаванага мерапрыемства знаходзіўся ў службовым транспарце супрацоўнікаў АМАП. У салоне былі тры супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС.

Гамбіцкі выходзіў з аўто пасля таго, як пачалася сутычка. Аднак заставаўся каля дзвярэй, размаўляў там з дзвюма жанчынамі.

Па словах Гамбіцкага, Алейніка планавалі затрымаць, таму што ён абразліва выказваўся ў бок супрацоўнікаў органаў. Успомніў толькі, што Алейнік нібыта сказаў «Казлы».

Паказанні Туровіча

Яраслаў Туровіч – начальнік аддзелу правапарадку і прафілактыкі Маладзечанскага РАУС.

19 чэрвеня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства знаходзіўся ў службовым аўто. Судніковіч, Гамбіцкі, Посах з Маладзечанскага РАУС працавалі разам з Туровічам. Туровіч з’яўляўся старшым у гэтай групе, але амапаўцам даваў каманды не ён, яны іх прымалі самі.

Туровіч не бачыў, хто затрымліваў Алейніка. Моманту затрымання таксама не бачыў. Алейніка паклалі паміж двух крэслаў, Туровіч трымаў яго, каб той не пашкодзіў сам сябе.

Сутычкі не бачыў, таму што не выходзіў са службовага аўто. Туровіч даведаўся пра падрабязнасці сутычкі ў РАУС, яму распавялі іншыя супрацоўнікі міліцыі, а таксама бачыў відэа.

Суд прыцягнуў у якасці сведкаў усіх міліцыянераў маладзечанскага РАУС, што былі ў тым бусе, акрамя Посаха.

Жонка Пяскова: прысутнічаю, каб пазлараднічаць

Наступным сведкам на судзе выступіла жонка Пяскова Алена Пяскова. У шлюбе з Паўлам яна ад 2014 года. З Паўлам ёсць сын Яраслаў.

Сумесна не пражываюць паўтара года. Павел выплачвае аліменты. Па словах Алены, Павел хоча браць сына да сябе кожныя выхадныя, але яна не дазваляе.

Алена расказала, што ў іх з Паўлам канфліктныя адносіны. Адвакат Касцюк запытаўся, чаму яна напісала Паўлу, калі даведалася пра суд, што будзе рада прысутнічаць. Алена сказала, каб пазлараднічаць. Адвакат таксама запытаўся, ці пісала ў адрас Пяскова, калі даведалася пра суд, — «бяздушная істота». Алена адказала, што пісала розныя рэчы, у тым ліку і гэта.

Хруцкі: бачыў затрыманне Алейніка, сутычку цалкам — не

Андрэй Хруцкі ведае візуальна Паўла Пяскова, Еўсцягнеева – не. 19 чэрвеня Хруцкі ішоў да дому бацькоў разам з бацькам з парку. Бачыў супрацоўнікаў ДАІ, перакрытую дарогу. Бачыў двух чалавек у чорнай форме з шэўронамі АМАП, якія затрымлівалі Алейніка.

Пра затрыманне Алейніка расказаў, што амапаўцы не прадстаўляліся і не паказвалі пасведчанне. Самаго Алейніка цягнулі ў бус, з якога выходзілі амапаўцы.

Хруцкі бачыў, як супрацоўнік АМАП падаў. Па яго словах, чалавек зачапіўся за парэбрык, таму падаў і ў гэты ж час схапіў амапаўца, таму  яны ўпалі разам. Сказаў, яму падалося, што Пяскоў наадварот дапамагаў супрацоўніку падняцца. У руках амапаўца Хруцкі бачыў і пісталет, які той выняў з кабуры.

Французава: амапаўцы Алейніку дакументы не паказвалі і не прадстаўляліся

Апошнім сведкам на судзе ў пятніцу была Вераніка Французава. Яна паўтара года пражывае сумесна з Паўлам Пясковым. Паясніла, што жонка Паўла дазваляе сустракацца яму з сынам толькі калі той дае грошы. Збіраліся па суду вырашыць пытанні сустрэч з сынам.

Французава расказала падрабязнасці наконт Алейніка. Яна пацвердзіла словы Хруцкага: амапаўцы не прадстаўляліся, службовыя дакументы не паказвалі, падхапілі хлопца са спіны за рукі і пацягнулі ў аўтобус.

***

Пракурор Габруковіч хадайнічаў, каб змянілі меру ўтрымання ў адносінах да Пяскова, які знаходзіўся пад хатнім арыштам. Хатні арышт заканчваўся 20 верасня. Пасля каля перапынку суддзя Паляшчук аб’явіла, што задавальняе хадайніцтва. Пяскова ўзялі пад варту ў зале судовага пасяджэння.

Пасля аб’яўлення пастановы і завяршэння пасяджэння ў залу зайшлі тры міліцыянеры. Два з іх затрымалі Пяскова. Трэці схапіў аб’ектыў нашага карэспандэнта, не даў весці фотаздымку затрымання.

Наступнае пасяджэнне пройдзе 22 верасня ў 11:00.

• Текст доступен на языке: Русский