Вілейка. Тут патрабуюцца спецыялісты і ў медыцыну, і ў культуру. Фота Аксаны Ярашонак.

Мы прааналізавалі, якія прапановы па вакансіях і заробках па Маладзечне, Вілейцы, Валожыне, Мядзеле з’явіліся за апошні тыдзень на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

Найбольш прапаноў – ад устаноў Маладзечаншчы і Вілейшчыны. Значна менш – на Валожыншчыне і Мядзельшчыне.

Вілейка: патрэбныя культработнікі і дактары

Некалькі вакансій прапануе прадпрыемства «Буддэталі». Сюды патрэбны аператар гранулятара, заробак – ад  620 рублёў, прыбіральшчык – ад 380. Аднолькавую суму – ад 680 – прапануюць трактарысту і інжынеру-тэхнолагу. Сталяру абяцаюць ад 520.

Выкладчык заатэхніі ў Ільянскім аграрным каледжы атрымае ад 600. Камендант там жа – ад 375. Яшчэ дзве вакансіі ад каледжа – інжынер-праграміст – ад 475 і лабарант – ад 400.

У гімназію «Логас» патрэбны шэф-повар. Заробак – ад 500 рублёў. Звычайны повар атрымае тут ад 391.

У вілейскую ЦРБ возьмуць рабочага, які будзе мыць і рамантаваць спецадзенне, прапануюць – ад 375 рублёў. Доктару заплацяць ад 600.

У «Дабраном» патрабуюцца касіры-кантралёры, загадчык аддзела, грузчык. Загадчык атрымае найбольш – ад 800, грузчык найменш – ад 550 рублёў.

Некалькі спецыялістаў возьмуць у Вілейскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дактары – эпідэміёлаг, бактэрыёлаг, гігіеніст. Кожнаму прапануюць ад 800 рублёў. Туды ж патрэбны кіроўца і меддэзынфектар. Заробак кожнаму – ад 400. На сто рублёў больш зможа тут атрымаць памочнік доктара-гігіеніста.

Райветстанцыя шукае некалькіх спецылістаў – дэзынфектара, ветфельчара і доктара, юрысконсульта, намесніка галоўнага доктара, доктара-радыёлага на паўстаўкі. У ветлячэбніцу ў Даўгінаве возьмуць доктара-эпізаатолага і загадчыка. Самы вялікі заробак – ад 600 рублёў – прапануюць намесніку галоўнага ветдоктара ў Вілейцы і загадчыку ветлячэбніцы ў Даўгінаве.

Цэнтралізаваная клубная сістэма запрашае кіраўнікоў гурткоў, прыбіральшчыка, хормайстра, загадчыка клуба ў Ілью, мастацкага кіраўніка і культарганізатара ў Вязынь. Шмат пасад на паўстаўкі. Больш за 500 рублёў атрымюць нямногія.

Маладзечна: сельская гаспадарка, прамысловасць, медыцына

На «Амкадор-Унікаб» возьмуць бухгалтара з заробкам ад 650 і галоўнага тэхнолага з заробкам ад 1400. Прадпрыемству «Маладзечнажалезабетон» патрэбныя апаратчык хімводаачысткі, аддзелачнік, слесар-рамонтнік, фармоўшчык, матарыст бетоназмяшальных установак, кранаўшчык. Самы вялікі заробак – ад 700 – прапануюць матарысту.

Прыбіральшчыкі патрэбныя на «Белхол» і ў яслі-сад №22. Заробкі – ад 400 і ад 375 адпаведна. У гаспадарку ў Селеўцах возьмуць загадчыка рамонтнай майстэрні, інжынера па ахове працы, інжынера-электрыка. Заробкі ўсім – ад 700. А галоўнаму ветдоктару, які прыйдзе ў гаспадарку, прапануюць ад тысячы. Столькі ж абяцаюць аператару па штучным асемяненні жывёлы і птушкі ў гаспадарцы ў Гарадзілаве.

Маладзечанскі дзяржаўны каледж шукае сталяра, выкладчыка радыёдысцыплін з досведам працы два гады, педагога-арганізатара, інжынера-энергетыка, прыбіральшчыка, повара. Заробкі ўсім – ад 375.

Вакансіі ад ЦРБ – механік гаража, інжынер з досведам працы ў будаўніцтве, слесар-сантэхнік, электраманцёр, інжынеры па пажарнай бяспецы і па ахове працы. Найбольш атрымае механік гаража – ад 750 рублёў. Патрэбныя і спецыялісты з медыцынскай адукацыяй – медсёстры і педыятр у Радашкавічы, доктару прапануюць ад 480, медсёстрам крыху менш.

У «Еўрагандаль» патрабуюцца прыбіральшчыкі, касіры, грузчыкі, кандытар. Заробкі – ад 450 да 1000. У «Акдзімол» – абвальшчык мяса, жылоўшчык, прадавец. Заробкі – ад 650 да 800. На паўстаўкі возьмуць дэфектолага і педагога-псіхолага. Кожнаму прапануюць ад 375 рублёў.

Шмат вакансій для спецыялістаў будаўнічага профілю прапануе «Забудова». Самы вы сокі заробак – ад 800 рублёў – прапануюць зваршчыку арматурных сетак і каркасаў.

Валожын, Мядзел: прапаноў менш

У сельскагаспадарчае прадпрыемства «Валожынскае» патрэбны загадчык пункта штучнага асемянення з заробкам ад 600 рублёў і заатэхнік-селекцыянер – ад 800.

У «Еўраторг» возьмуць кантралёра-касіра, камплектоўшчыка, грузчыка. Заробкі – ад 500 да 700. Валожынскі жылкамунгас чакае машыніста бульдозера, прыбіральшчыка, трактарыста, кіроўцу, інжынера па ахове навакольнага асяроддзя. Заробкі – 400-500 рублёў. Качагару, што прыйдзе ў ветстанцыю, прапануюць ад 450. У мясцовы філіял Мінаблгазу патрэбны інжынер-праграміст і інжынер-энергетык. Заробкі – 800 і 1000 рублёў адпаведна.

У «Мядзельаграсэрвісе» чакаюць жывёлавода. Яму прапануюць ад 375. Як і ў большасці гарадоў рэгіёна, працоўныя месцы дае «Еўрагандаль». Гэта касір і прадавец з заробкамі ад 600 і грузчык – ад 700.

• Текст доступен на языке: Русский