Ганна Верацейка і Уладзімір Крот пасля сустрэчы з дэпутатам Алегам Семенчуком.

9 верасня шасцёра выбаршчыкаў з выбарчай акругі №73 сустрэліся з дэпутатам Алегам Семенчуком. На наступны дзень да адной з жанчын, якая была на сустрэчы, Ганны Верацейкі, прыехалі супрацоўнікі сілавых структур.

Размаўлялі пра сустрэчу з дэпутатам

10 верасня Аляксею Верацейку, мужу Ганны, патэлефанаваў на мабільны тэлефон чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Гэты чалавек прапанаваў сустрэцца, а пасля прыехаў да Аляксея на работу.

– Прыехалі два чалавекі на звычайным аўто, у цывільнай вопратцы, без масак. Адзін з іх паказаў пасведчанне супрацоўніка ГУБАЗіК. Прапанаваў правесці гутарку.

Размова ішла пра несанкцыяніраваныя масавыя мерапрыемствы. У Аляксея спрабавалі даведацца, ці ўдзельнічае ён у такіх мерапрыемствах, ці збіваў супрацоўнікаў сілавых структур, хто з’яўляецца ініцыятарам і завадатарам.

Пасля гутаркі з Аляксеем супрацоўнікі захацелі паразмаўляць і з яго жонкай. Яны паехалі да Ганны на работу.

– Прозвішча аднаго супрацоўніка, які з ГУБАЗіК, было Дубовік. Іншы супрацоўнік спачатку адмаўляўся паказваць пасведчанне, але пасля паказаў, я ўжо не глядзела.

У Ганны таксама пыталіся пра акцыі, на якія каналы ў «Тэлеграме» яна падпісаная. Яна сказала, што гатовая паказаць мабільны тэлефон, аднак сілавікі адмовіліся яго глядзець.

Супрацоўніка, які адмаўляўся паказваць пасведчанне, цікавіла мэта сустрэчы з дэпутатам Семенчуком. Ганна распавяла, што ад дэпутата спрабавала даведацца, чаму па беларускіх гарадах ходзяць незразумелыя людзі ў цывільнай вопратцы, балаклавах, збіваюць людзей. Гэта ж Ганна распавядала на сустрэчы з Семенчуком.

Па словах Ганны, гэты ж супрацоўнік настойліва ўзгадваў пра сына жанчыны, які вучыцца на бюджэце ў мінскім каледжы і жыве ў інтэрнаце.

Ганне далі падпісаць дакумент, што яна пазнаёмленая з законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму і ведае, якая адказнасць прадугледжаная за дзеянні, накіраваныя на змену канстытуцыйнага ладу і захоп улады.

«Сказалі, што я арганізатар акцый»

14 верасня супрацоўнік, які прадставіўся Максімам Пятровічам, патэлефанаваў
сям’і Верацейкаў.

– Сказаў, што трэба з намі сустрэцца, а таксама з нашым дзіцем. Сыну Аляксея і Ганны 16 гадоў, ён вучыцца ў Мінску і жыве там у інтэрнаце, таму фізічна не змог прыехаць разам з бацькамі ў будны дзень у Маладзечанскі РАУС.

У аддзяленні маладзечанскай міліцыі Ганне сказалі, што нейкія людзі распавялі супрацоўнікам органаў, што яна з’яўляецца арганізатарам акцый. І ў гэтых акцыях нібыта ўдзельнічаў яе непаўналетні сын.

– Проста вельмі цікава атрымліваецца. Спачатку з ГУБАЗіК, а потым сюды пазвалі. Супрацоўнік Маладзечанскага РАУС сказаў, што прыйшла нейкая паперка з Мінска і ў ёй сцвярджалася, што менавіта Ганна Верацейка з’яўляецца арганізатарам акцый.

Ганна выкарыстала права, якое гарантаванае ёй артыкулам 27 Канстытуцыі Беларусі. Яна адмовілася сведчыць супраць сябе і сваякоў. Мужа Ганны ў аддзяленні міліцыі не апытвалі.

У міліцыі Ганне прапанавалі падпісаць паперку, у якой паведамлялася пра адказнасць за ўдзел у масавых несанкцыяніраваных мерапрыемствах.