У судзе Маладзечанскага раёна прайшлі тры пасяджэнні па справе гвалту над амапаўцамі падчас ланцуга салідарнасці 19 чэрвеня. «Рэгіянальная газета» распавядае, што адбывалася падчас слуханняў.

Чытайце яшчэ: Прайшло першае пасяджэнне па справе гвалту над амапаўцамі ў Маладзечне

Чытайце яшчэ: Зброю не даставалі, пазабывалі абставіны. Што расказалі амапаўцы па справе Пяскова і Еўсцягнеева

Чытайце яшчэ: Трэці дзень па справе гвалту над амапаўцамі. Пяскова ўзялі пад варту

Судовае пасяджэнне вядзе суддзя Вікторыя Паляшчук. Дзяржаўны абвінаваўца — Габруковіч. Пацярпелыя — супрацоўнікі АМАП Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка. Абвінавачваемыя — Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцягнееў, іх абараняюць адвакаты Касцюк і Філіповіч.
Разбіральніцтва па справе пачалося 16 верасня.
У судзе выступілі пацярпелыя Баранаў і Якавенка. Яны паведамілі, што 19 чэрвеня падчас службы па ахове грамадскага парадку ў Маладзечне затрымалі Міколу Алейніка, таму што ён, па іх словах, быў актыўным удзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Перад затрыманнем Алейніку Баранаў паказаў службовае пасведчанне супрацоўніка органаў унутраных спраў, прадставіўся і з прымяненнем фізічнай сілы разам з Якавенкам даставіў у службовы аўтамабіль.
Пасля гэтага на Баранава і Якавенку накінуліся людзі. Амапаўцы апынуліся на зямлі. Падчас гэтага Баранаў ударыў правую руку ў двух месцах, а Якавенка ўдарыў левую нагу і парваў штаніну. Працаздольнасць з-за гэтых пашкоджанняў супрацоўнікі АМАП не страцілі.
У судзе выступілі чацвёра сведкаў, супрацоўнікаў АМАП, якія былі на службе разам з Баранавым і Якавенкам. Віталь Дукі, Мікіта Шыйко, Васіль Амяльчэня, Эдуард Навіцкі і Аляксей Гарбачоў пацвердзілі словы Баранава і Якавенкі па затрыманню Алейніка і сутычкі амапаўцаў з людзьмі. Усе амапаўцы абвяргаюць, што адзін з іх даставаў пісталет падчас сутычкі. У ходзе допыта высветлілася, што амапаўцам, у якого ў руках быў пісталет, з’яўляецца Мікіта Шыйко.
Паказанні сведак з міліцыі, якія таксама знаходзіліся ў машыне з супрацоўнікамі АМАП, разыходзяцца ў адной частцы з паказаннямі амапаўцаў. Усе амапаўцы сцвярджаюць, што Міколу Алейніка пасадзілі на крэсла за кіроўцам і так давезлі да РАУС. Міліцыянеры Яраслаў Туровіч і Дзмітры Судніковіч сказалі, што Алейніка перавозілі на падлозе аўтамабіля, а сам Туровіч трымаў рукамі Алейніка ў гэты час.
Сведкі, якія знаходзіліся на месцы падзей, сцвярджаюць, што пацярпелыя Баранаў і Якавенка не паказвалі пасведчанне і не прадстаўляліся Алейніку, а схапілі яго і пацягнулі ў бус. Сведкі Андрэй Хруцкі і Вераніка Французава кажуць, што людзі і амапаўцы маглі апынуцца на зямлі, таму што зачапіліся за бардзюр. Сутычкі цалкам не бачыў ні Хруцкі, ні Французава.
Падчас трох судовых пасяджэнняў у зале пастаянна прысутнічала не менш за пяць супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС у цывільнай вопратцы.
Напрыканцы трэццяга судовага пасяжэння пракурор Габруковіч заявіў, што ў распараджэнні начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгары ёсць аператыўная інфармацыя па Паўлу Пяскову. Па гэтай інфармацыі, падрабязнасці якой не раскрылі ні пракурор, ні суддзя, Пяскоў збіраецца з’ехаць за мяжу, каб схавацца ад крымінальнага пераследу. Таму пракурор хадайнічаў аб змяненні меры ўтрымання Пяскова — з дамашняга арышту ўзяць яго пад варту. Суддзя Паляшчук ухваліла хадайніцтва пракурора, абвінавачваемага Пяскова ўзялі пад варту.
Пасля завяршэння пасяджэння ў залу зайшлі супрацоўнікі міліцыі. Частка з іх была каля Паўла Пяскова і выводзіла яго з залы судовага пасяджэння. Яшчэ адзін супрацоўнік схапіў рукой за аб’ектыў камеры нашага карэспандэнта, не даў весці фотаздымку затрымання Пяскова, хоць судовае пасяджэнне было ўжо завершана.
Чацвёртае судовае пасяджэнне пройдзе 22 верасня. Засталося праслухаць паказанні сведкі Пятра Хруцкага, абвінавачваемых Пяскова і Еўсцягнеева, праглядзець пісьмовыя і рэчавыя доказы.

• Текст доступен на языке: Русский