Учора ля "Модуля". Фота Ігара Палынскага.

Учора мы пісалі пра пажар у краме камп’ютарнай тэхнікі ў ГЦ «Модуль», што ў Маладзечне. Сёння ў ГРАНС паведамілі падрабязнасці здарэння.

У 19.22 дыспетчару сектара маніторынгу сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і перадачы паведамленняў аб надзвычайных здарэннях, паступіў сігнал, што спрацавала аўтаматычная пажарная сігналізацыя і заўважылі задымленне ў краме.

Інфармацыю перадалі ў цэнтр аператыўнага кіравання Маладзечанскага ГРАНС. Да месца пажару былі накіравалі дзесяць машын. На месцы выратавальнікі заўважылі задымленне ў складскім памяшканні на першым паверсе двухпавярховай часткі «Модуля» ў краме «Эўрыка».

У выніку пажару пашкоджаныя бытавыя электрапрыборы, якія захоўваліся на стэлажах, і мэбля. Закураныя сцены і столь.

На месцы здарэння. Фота забяспечанае Марынай Ганчаровай.

Калі ўзнік пажар, крама не працавала, людзей там не было. Пацярпелых няма. Прычыну пажару высвятляюць. Разглядаюць версію – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

МНС папярэджвае: прычынай многіх надзвычайных сітуацый з’яўляецца безадказнасць чалавека і невыкананне правілаў пажарнай бяспекі. Памятаеце, за бяспеку прыходзіцца плаціць, за яе адсутнасць двойчы. Не грэбуйце жыццёва важнымі правіламі. У выпадку пажару і іншых надзвычайных сітуацый неадкладна тэлефануйце па тэлефонах 101 або 112, не забываючы ўказваць адрас і месца пажару.

• Текст доступен на языке: Русский