Загадчык псіханеўралагічнага дыспансера, галоўны пазаштатны доктар-псіхіятр-нарколаг Маладзечанскага раёна Аляксандр Бажко кажа: «Людзі – як алоўкі. Кожны малюе жыццё сабе сам. Хтосьці ламаецца, хтосьці тупіць, а нехта заточваецца і малюе жыццё далей». Фота Настассі Уткінай.

Усім бывае кепска. У некаторых момантах – душэўны або фізічны боль можа быць невыносны. У жыцці кожнага могуць здарыцца непрадбачаныя траўматычныя, крызісныя сітуацыі.

Пасля іх можа з’явіцца адчуванне невыноснасці болю. Жыццё можа падавацца занадта цяжкім выпрабаваннем, і любым чынам захочацца спыніць гэты боль.

Як спраўляцца з такімі сітуацыямі, расказаў загадчык псіханеўралагічнага дыспансера, галоўны пазаштатны доктар-псіхіятр-нарколаг Маладзечанскага раёна Аляксандр Бажко.

З чым сутыкаецца чалавек у стрэсе

У такіх выпадках чалавек сутыкаецца з псіхалагічнай траўмай. У выпадку, калі праблему не вырашаць, можа фарміравацца псіхічнае расстройства.

Псіхалагічная, або псіхічная траўма – гэта шкода, якую нанеслі псіхічнаму здароўю ў выніку інтэнсіўнага ўздзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя або вострых эмацыйных стрэсавых уздзеянняў. Гэта нават не сама траўмуючая падзея, а тое, як мы на яе рэагуем. Звальненне, страта блізкага, сутыкненне з сілавікамі, знаходжанне ў ізалятары, здрада – усе гэтыя падзеі могуць разбурыць цэласнасць псіхікі, якую мы ствараем ад нараджэння.

Першая рэакцыя на псіхічную траўму, як і на фізічную, – гэта шок. Чалавек не разумее, што адбываецца і што яму рабіць. У такі момант неабходная падтрымка. Яна можа быць у тым, што хтосьці знаходзіцца побач, дае інфармацыю кшталту: «Ты цяпер знаходзішся тут, з табой адбылося вось гэта, па дапамогу можна звяртацца сюды».

Калі чалавек у стане шоку, у яго можа ўключыцца феномен тунэльнага бачання. У такім стане чалавек не бачыць іншых варыянтаў выйсця, акрамя аднаго. Чалавеку падаецца, што ў яго ёсць толькі абмежаваная колькасць дзеянняў, якія можа зрабіць.

Але на самой справе варыянтаў заўсёды больш, чым адзін. Таму неабходна дапамагчы яму ўбачыць і іншыя варыянты выйсця і бяспечна пражыць гэты перыяд.

Самае страшнае, з чым можна сутыкнуцца ў такіх сітуацыях, – комплекс празмерных негатыўных пачуццяў, якія раней не былі ім знаёмыя. Страх, жах, сорам, прыніжэнне, гнеў, прычым усё з такой інтэнсіўнасцю, што адчуваеш: далей з гэтым жыць не магу.

Што рабіць, калі апаноўваюць празмерныя эмоцыі

  1. Больш рухацца. Наша цела дапамагае пражываць тое, што ў галаве. У быце так часам і кажуць: дурныя думкі – ідзі вагон блокаў разгрузі, адпусціць. Залаты стандарт – мінімум 30 хвілін фізічнай актыўнасці. Гэта пераключыць ад негатыўных думак і самакапання.
  2. Не ізаляваць сябе. Калі чалавек перажывае празмерныя пачуцці, ён хоча застацца адзін, каб ніхто не бачыў і не ацэньваў яго. Але гэта горшы варыянт, неабходна захоўваць кантакты з сябрамі, сям’ёй. Неабавязкова настойліва абмяркоўваць траўмуючую падзею, размовы могуць быць на зусім іншыя тэмы.

Бяспечны варыянт – знайсці новых знаёмых. Таму што сябры маюць права гаварыць праўду. А з новымі людзьмі ў гэты перыяд можна адчуваць сябе больш камфортна.

  1. Неабходна адрэгуляваць нервовую сістэму. Сілай пераканання чалавек можа сябе напаліць або супакоіць. Могуць дапамагчы простыя рэчы – паслухаць музыку, памедытаваць, прамаўляць афірмацыі – сціслае тэзіснае пазітыўнае сцвярджэнне.

Негатыўныя эмоцыі ўплываюць не толькі на псіхічны стан, але і на фізічны. Ёсць такі выраз «страх паралізуе». Ён можа нібы закаваць думкі, мышцы, цячэнне крыві па арганізме. Калі ж адрэгуляваць нервовую сістэму, то запусцім механізм наладкі.

Многія дапамагаюць сабе тым, што клапоцяцца пра іншых. Можна падтрымаць бяздомнага або дапамагчы камусьці выкапаць бульбу. Гэта дапамагае пераключыцца.

  1. Паклапаціцца пра базавыя патрэбы здароўя – больш спаць, часцей адпачываць, правільна харчавацца.

Як зразумець, што ў чалавека стрэс

Чалавек адчувае душэўны боль, можа перажываць адчай і не бачыць сэнсу жыць далей, можа адчуваць глыбокую адзіноту, асабістую нявартасць. Можа нават не разумець, адкуль бяруцца такія думкі.

Важна памятаць, што ніхто ў гэтым свеце не самотны. Многія прайшлі праз падобнае, і нават горшыя рэчы, і засталіся жыць далей. Няма нічога кепскага ў тым, каб дзяліцца сваімі душэнымі пакутамі. Гаворачы на гэтыя тэмы, чалавек ужо пачынае адчуваць сябе лепш, таму што вынес перажыванні ў знешні свет. А перамены магчымыя толькі тады, калі мы выносім іх з сябе.

Пакуль варымся ўнутры, нічога новага не адбудзецца. А калі чакаем ад кагосьці дапамогі, то пра гэта неабходна сказаць.

Трывога, страх, дэпрэсія, думкі пра невыноснасць жыцця могуць быць прыкметамі цяжкага эмацыйнага расстройства. Прычынай могуць быць страта блізкага, гвалт, разрыў адносінаў, жорсткае абыходжанне. Важна разумець, што гэта ўжо адбылося. А засталося расстройства, а любое расстройства можна лячыць.

Як на псіхіцы адбілася сітуацыя з каронавірусам

Гэта была новая сітуацыя. Многія людзі перафарматавалі лад жыцця, заняткі, размеркаванне часу. Большая частка людзей кажа, што было незвычайна і цікава. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 12-15% з усяго насельніцтва мае псіхічныя расстройствы. Рана ці позна яны праяўляюцца. Чаму і адкуль яны бяруцца – вялікая загадка, адказ на якую прынясе Нобелеўскую прэмію.

Частка людзей гэтыя падзеі вызначала як трывожныя, для іх гэта было цяжарам. Былі звароты ад людзей, якія перажывалі шэраг псіхаэмацыйных станаў, якія выходзілі за межы дапушчальных. Нявызначанасць спараджае жаданне штосьці патлумачыць. І ў гэтым некаторыя выходзілі на стан, пра які кажуць «неадэкватны».

Цяпер пайшла хваля зваротаў па дэпрэсіўных і трывожных станах, і іх выток – змяненні ў штодзённым жыцці з-за каронавіруса. Мы менавіта цяпер маем наступствы таго, што адбылося з-за каронавіруса.

Як дапамагчы людзям, якія перажылі гвалт

Людзі, якія перажылі гвалт, трымаюць такія пачуцці, якімі немагчыма падзяліцца адразу. І наступствы ўсплываюць праз паўтара-два месяцы пасля падзеі. Спачатку ідзе стадыя адмаўлення, таму што чалавеку немагчыма яшчэ раз пражыць гэты жах, такія эмоцыі невыносныя. Псіхалагічная абарона адмаўляе тое, што такая падзея была.

Але непазбежна з цягам часу сутыкнуцца з гэтымі пачуццямі, і яны будуць выклікаць гнеў. Унутры ўсё будзе кіпець, таму важна, куды гэтыя эмоцыі накіруеш. Калі знойдзеш прымальную форму накіравання эмоцыі – гэта будзе добры варыянт. Калі ж гэты этап праходзіць з блакіроўкай, гэта можа прывесці да паталагічных наступстваў для здароўя.

2020 год у Беларусі многае паказаў. Я ў захапленні ад беларускай нацыі. Аб’яднанне супраць агульнай падзеі, таго ж каронавіруса, дае людзям надзею. Гэтае яднанне дапамагае спраўляцца. Яднанне вакол надзеі на лепшае дае сілы на крэатыў і стварэнне.

Вам заўсёды гатовыя дапамагчы

Заўсёды побач ёсць людзі, гатовыя дапамагчы – сваякі, сябры. І ёсць прафесіі, якія дапамагаюць, – псіхолагі, дактары, сацыяльныя работнікі. Ёсць тэлефоны даверу.

Як бы мы ні хацелі дапамагчы, першае дзеянне павінны зрабіць чалавек сам. Падзяліцца перажываннямі з тым, каму давярае. Калі лічыць, што можа зрабіць сабе шкоду, то экстранна звязацца з медыцынскімі работнікамі або блізкімі. Веруючым людзям можа дапамагчы размова са святаром. Многім становіцца лягчэй у групах узаемападтрымкі, дзе збіраюцца людзі, якія перажылі падобныя сітуацыі.

Неабходна запісаць тэлефоны даверу ў запісную кніжку тэлефона, каб адразу знайсці, калі спатрэбіцца самому або іншаму. Гэта можа выратаваць жыццё.

Спадзяёмся, што ў складанай сітуацыі чалавек зможа зрабіць правільны выбар, і гэты выбар будзе на карысць жыцця. Маладзечанскі псіханеўралагічны дыспансер – мы заўсёды побач, з намі надзейна.

(8-0176) 74-66-20 – тэлефон «Даверу», Маладзечанскі РТЦСЗН, 08:00-17:00.
(8-017)- 270-24-01 – тэлефон экстраннай псіхалагічнай дапамогі, Мінскі абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія», круглыя суткі.
(8-029) 175-28-31 – лінія дапамогі асобам, якія перанеслі гвалт, валанцёры
Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера.

• Текст доступен на языке: Русский