26 і 27 верасня ў Маладзечне адбудуцца адразу два чэмпіянаты Беларусі па адзінаборствах.

У суботу ўніверсальная зала гарадскога спартыўна-забаўляльнага цэнтра прыме рэспубліканскія спаборніцтвы па панкратыёне. Гэты від спорту бярэ свой пачатак у старажытнай Грэцыі, быў адроджаны ў ХХ стагоддзі і лічыцца прабацькам папулярных ММА.

Большасць беларускіх байцоў ММА сумяшчае выступы ў гэтых адзінаборствах, многія заявіліся на чэмпіянат краіны, бо з-за пандэміі ў 2020 годзе мноства спаборніцтваў у краіне і за мяжой былі адмененыя. Спартсмены гараць жаданнем паказаць сябе, і ў Маладзечна прыедуць байцы з Мінска і ўсіх абласных цэнтраў, а таксама такіх вядомых у краіне «байцоўскіх» гарадоў, як Мазыр, Бабруйск, Рэчыца.

Акрамя таго, у самым Маладзечне вырасла шмат майстроў баявых мастацтваў.

У нядзелю ўпершыню пад эгідай Беларускай федэрацыі панкратыёна і змешаных баявых адзінаборстваў пройдзе чэмпіянат Беларусі па грэплінгу. Гэты від адзінаборстваў адрозніваецца ад панкратыёна тым, што ў грэплінгу цалкам адсутнічае ўдарная тэхніка, затое практычна без абмежаванняў выкарыстоўваецца ўвесь арсенал болевых і задушлівых праёмаў.

Спаборніцтвы кожны дзень будуць пачынацца ў 10.00. Фінальныя паядынкі намечаны на 16.00.

Па выніках чэмпіянатаў будуць фармавацца зборныя Беларусі па відах спорту. Акрамя таго, у байцоў ёсць шанец паказаць сябе перад вачыма прамоўтэраў прафесійных ліг па ММА, што для многіх будзе дадатковай матывацыяй.

БФПіЗБА запрашае ўсіх на трыбуны спартыўнага цэнтра. Просім не забываць аб сацыяльным дыстанцыяванне і добразычлівым настроі!