Вольга Шостак і Ігар Шабан.

Сёння, 22 верасня, шэсць вілейчукоў сустрэліся з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ірынай Супрановіч.

– Мы выкарысталі сваё права выбаршчыкаў – раз на год папрасіць у дэпутата пазачарговую справаздачу,  –  патлумачыла карэспандэнту перад сустрэчай вілейская актывістка Вольга Шостак. Прыйшлі невялікім складам, выступаем за дыялог.

Вырашылі ўзяць на сустрэчу спакойных людзей, каб было менш эмоцый.

За гэту сустрэчу падпісаліся 430 чалавек. Падпісныя лісты перадавалі і мядзельцы, якія таксама маюць пытанні да Ірыны Супрановіч – дэпутата, што курыруе іх раён.

Падчас сустрэчы гараджане звярнуліся да дэпутата з наступнымі пытаннямі і пажаданнямі.

Перагледзець грашовую дапамогу па доглядзе за інвалідам і дапамогу па беспрацоўі

Пытанні агучыў віляйчук Ігар Шабан:

–  У сям’і маіх знаёмых жонка даглядае мужа-інваліда першай групы. Такі догляд – вельмі цяжкая праца. І 250 рублёў – гэта малыя грошы.  Да таго ж догляд за інвалідам ідзе ў агульны стаж, а ў страхавы – не ідзе. Праз два гады жанчына стане пенсіянеркай. І з-за гэтага атрымае меншую пенсію.

Ірына Супрановіч (у цэнтры) і яе памочнік Вольга Шляпо.

Тое ж самае і з дапамогай па беспрацоўі. Як чалавеку пражыць на 50 рублёў, пакуль ён шукае новую працу або перавучваецца? Я лічу, што трэба плаціць хаця б мінімальны заробак. Некаторыя не ідуць на біржу толькі таму, што не хочуць прыніжацца за гэтыя 50 рублёў. Таму трэба перагледзець падыходы і выплаты.

Ірына Супрановіч адзначыла, што пытанні выплат па доглядзе за інвалідам ужо разглядаюць у Палаце прадстаўнікоў. На павелічэнне дапамогі па беспрацоўі трэба знайсці грошы, але прапанова таксама патрэбная.

Адкрыць беларускамоўныя класы ў Вілейцы

Прысутныя прыгадалі лічбы апошняга перапісу. Згодна з імі, у параўнанні з 1999 годам менш людзей у Мінскай вобласці назвалі беларускую мову роднай.

А быў час, калі беларускамоўныя класы працавалі ў гімназіі «Логас». Прайшло некалькі гадоў – іх не стала.

– Такая сітуацыя ідзе ад вышэйшага кіраўніцтва. Колькі разоў Аляксандр Лукашэнка за сваё кіраванне краінай выступіў па-беларуску? Чаму ва ўсіх краінах былога СССР прэзідэнты размаўляюць са сваім народам на нацыянальнай мове? Адзін наш – па-руску. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу таксама, відаць, мала людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Пакуль кіруючыя колы краіны мы не павернем да беларускай мовы, да гэтага часу будзе праблема, – перакананы Ігар Шабан. – Такімі тэмпамі мы хутка забудзем родную мову. А гэта адна з прыкмет незалежнасці. Беларускамоўныя школы засталіся толькі на вёсцы. Мне крыўдна за мову.

Дэпутат пагадзілася з тым, што развіццё беларускай мовы трэба пачынаць з адукацыі і што прадстаўнікі дзяржаўнай улады павінны размаўляць па-беларуску.

Стварыць працоўныя месцы

Гараджане заўважылі, што ў Вілейцы будуюць мікрараёны для моладзі, а працаваць маладым людзям няма дзе. Ездзяць у іншыя гарады і краіны. Патрэбная вытворчасць. А развіваецца гандаль.

Вырашыць праблему са старым будынкам кілбаснага цэха

Напалову разбураны будынак знаходзіцца не на ўскрайку, а ў цэнтры Вілейкі, побач з рэстаранам, гасцініцай, паркам. Ён псуе выгляд горада. Ужо некалькі год унутры будынка растуць дрэвы.

Ірына Супрановіч паабяцала падняць пытанне былога кілбаснага цэха на ўзроўні Мінаблвыканкама.

Пабудаваць спартыўную залу для гульнявых відаў спорту

Гэта пытанне таксама прагучала ад Ігара Шабана як ад старшыні Федэрацыі футбола Вілейшчыны. У горадзе ёсць добры стадыён. А залы для гульнявых відаў спорту няма. У баскетбол, футбол спартсмены вымушаныя гуляць у непрыстасаваных залах, ад чаго могуць быць траўмы. Залы ў ФОКу і арганізацыях, напрыклад, у лясгасе, не падыходзяць па шматлікіх паказчыках, адзначыў мужчына. Сказаў, што гатовы дапамагчы вілейскім уладам скласці пісьмо ў вышэйшыя інстанцыі і абгрунтаваць неабходнасць такой залы.

Адрамантаваць тратуары на вуліцы Астроўскага

З пажаданнем звярнулася жыхарка вуліцы Галіна. Па словах жанчыны, апошні раз тратуары рамантавалі ў 1980-я гады. Нават дзеці-школьнікі вымушаныя хадзіць па аўтадарозе, бо тратуарная плітка ў дрэнным стане.

Віляйчанка Галіна пыталася, калі адрамантуюць тратуары на яе вуліцы.

Прысутныя падтрымалі Галіну. Адзначылі, што праблема дарог заўсёды была балючай для Вілейкі.

Адрамантаваць будынак Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

– З нядаўняга часу я не працую ў цэнтры. Але хачу сказаць, што яму даўно патрэбны рамонт. Гэта гістарычны будынак, які шмат дзесяцігоддзяў служыць адукацыі. А сёння ён у крытычным выглядзе, – заўважыла Вольга Шостак. – Многія класы ў аварыйным стане. Таму і цэнтр іх не выкарыстоўвае, і ў арэнду здаць немагчыма. Туды нават заходзіць баяцца, каб са столі нешта не абвалілася.

Дзе і як праводзіць масавыя мерапрыемствы, каб гэта было законна

Пытанне ад імя віляйчан таксама агучыла Вольга Шостак.

– Упершыню з парушэннем сваіх правоў на масавыя мерапрыемствы я сутыкнулася, калі ў Вілейку павінна была прыехаць давераная асоба Святланы Ціханоўскай. Мерапрыемства дазволілі ўлады, а потым там пачалі экстранна рамантаваць тратуарную плітку на месцы планаванай сустрэчы. Нам улады адказалі, што рамонт планавы. Але ж няўжо яго нельга было зрабіць на дзень пазней?

Вольга адзначыла таксама, што ў законе аб масавых мерапрыемствах ёсць  неадпаведнасці  Канстытуцыі. Напрыклад, Канстытуцыя гарантуе свабоду сходаў і мітынгаў. А закон кажа, што за правядзенне масавых мерапрыемстваў трэба плаціць немалыя грошы.

Ірына Супрановіч пагадзілася з тым, што ў Законе аб масавых мерапрыемствах ёсць пэўныя прабелы.

Удасканаліць выбарчую сістэму

Вілейчукі звярнулі ўвагу на тое, што падчас выбараў на некаторых участках не пабачылі пратаколаў, што незалежных назіральнікаў не пускалі на падлік галасоў. Адзначылі, што дадзеныя па ўчастках можна было б надрукаваць у СМІ і на сайце выканкама. Але з сайта выканкама ўвогуле зніклі ўсе дадзеныя па выбарах за 2020 год.

Калі мы ў інфармацыйным вакууме, складаецца ўражанне, што ад нас нешта хаваюць, фарміруецца недавер, сцвярджалі выбаршчыкі.

Ірына Супрановіч расказала, што ў Палаце прадстаўнікоў разглядаюць, як удасканаліць выбарчую сістэму. Асабліва звяртаюць увагу на наступныя пытанні:

– калі і дзе павінны быць вывешаныя пратаколы і колькі яны павінны вісець;

– як выкарыстоўваць інтэрнэт для інфармавання пра ход выбараў;

– як удасканаліць датэрміновае галасаванне

Дзе і калі можна выкарыстоўваць пэўную сімволіку

У прысутных было пытанне пра тое, які нарматыўны акт забараняе выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга ў грамадскіх месцах і ва ўласных аўтамабілях. Па словах вілейчукоў, яны асабіста сутыкаліся з тым, што работнікі ДАІ спынялі машыны з бел-чырвона-белым сцягам і патрабавалі яго зняць.

Дэпутат паабяцала, што разгледзіць усе пытанні больш дэталёва, пры неабходнасці звернецца з запытамі ў пэўныя інстанцыі. Адзначыла таксама, што яна адкрытая да супрацоўніцтва і гатовая пагутарыць з кожным асабіста.

Пасля сустрэчы.

Фота аўтара.

 

• Текст доступен на языке: Русский