Фота Настассі Уткінай.

Аляксей Крымоўскі – той самы мужчына, якога затрымала міліцыя 13 верасня проста на касе, калі малады чалавек купляў бургер.

Суд па справе Крымоўскага прайшоў 14 верасня. Пасяджэнне вяла суддзя Інэса Южык. На 24-гадовага мужчыну суд пастанавіў ускласці адміністрацыйнае спагнанне па частцы 1 артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» у памеры 20 базавых велічынь. Такую ж суму штрафу з яго спаганяе суд і па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў».

Агульная сума штрафу склала 40 базавых велічынь, 1080 рублёў.

Суд высветліў, што 13 верасня мужчына «прымаў актыўны ўдзел у арганізаваным масавым руху грамадзян, шэсці па пешаходных частках вуліцы Вялікі Гасцінец, ад дома №102 да дома №54, Маладзечна з мэтай публічнага выказвання незадавальненнем дзеючай уладай і парадкам правядзення выбараў без адпаведнага дазволу Маладзечанскага райвыканкама».

Паводле пастановы суда, Крымоўскага затрымалі каля 16:27. Пры затрыманні ён «адмаўляўся выконваць неаднаразовае законнае і відавочнае патрабаванне супрацоўніка міліцыі Міцкевіча прайсці ў службовы аўтамабіль, каб даставіць у Маладзечанскі РАУС, упіраўся, размахваў рукамі, хапаўся за форменнае абмундзіраванне».

Крымоўскі віну на судзе не прызнаў.

«Супраціўляцца не збіраўся»

Аляксей пасля вызвалення расказаў журналістам «Рэгіянальнай газеты», як адбывалася затрыманне і што было пасля яго:

– Я далучыўся да калоны, удзельнічаў у шэсці, гэтага не адмаўляю. Спачатку затрыманні былі каля крамы «Гастраном», я гэта бачыў. Пасля шэсце вярнулася да Лядовага палаца, я пайшоў у гандлёвы цэнтр, зайшоў у «Суседзі», купіў бургер. Міліцыянеры ішлі не за мной, а за дзяўчатамі са сцягам. Заўважылі мяне, сказалі: «Здаецца, гэта ён». Пачакалі, пакуль аплачу ежу, і затрымалі. Супраціўляцца не збіраўся, але мяне схапілі і пацягнулі. Я згубіў раўнавагу і слізгаў па плітцы, казаў, што купляў ежу, нічога ж кепскага не зрабіў.

Пакуль валаклі да машыны, адзін з іх сказаў, што мяне паб’юць. Адказаў, біце тут жа. Яны былі ў балаклавах, без апазнавальных знакаў. Хацелі мяне засунуць ва УАЗік.

Я паклаў бургер і стаяў, спрабаваў пачаць дыялог. Але мяне кіданулі ўнутр, хаця я быў у шоку і супраціўляўся. Унутры машыны адзін з іх паказаў мне непрыстойны жэст.

У міліцыі завялі спачатку ў адзін пакой, дзе людзі ў балаклавах патрабавалі разблакаваць тэлефон. У міліцыі ніхто не біў. Пасля павялі на допыт. Спачатку трапіўся следчы, які ўсё спакойна запісаў з маіх слоў так, як я і казаў.

Другі пратакол афармляў супрацоўнік, які так і не зняў балаклаву.

Пасадзілі ў «стакан». Пасля павялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Камера відаць, што старая, але прыбраная. На наступны дзень павезлі ў суд. Там не прызнаў, што супраціўляўся. Лічу, што ўсё рабіў у межах чалавечнасці.

Што тычыцца бургера, то палову з’еў у камеры, палову ўжо дома.