2. Вадзім Трухачоў на чэмпіянаце свету па футболе ў 2018 годзе. Фота са старонкі vk.com.

Беларуская палітычная павестка стала адным з важных пытанняў у эфіры расійскіх медыяў. Прычым як свабодных, так і не, якія не грэбуюць прапагандысцкімі прыёмамі.

Напрыклад, у публікацыі Вадзіма Трухачова «Русское предложение» для Белоруссии – трудно, но выполнимо» аўтар заяўляе, што рускія і беларусы з’яўляюцца адным народам. Сумненні ў аўтара ёсць толькі наконт беларусаў-каталікоў. Тэзісы выкладчыка кафедры замежнага рэгіёназнаўства і знешняй палітыкі Гісторыка-архіўнага інстытута Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Трухачова абвяргае школьная праграма па гісторыі Беларусі. Апублікаваны тэкст на сайце інфармацыйнага агенцтва Eurasia Daily, створанага ў 2015 годзе.

Трухачоў з’яўляецца кандыдатам гістарычных навук, мае шэраг публікацый пра адносіны паміж еўрапейскімі краінамі. Вось некалькі назваў: «Олимпиада как заложница политики», «О братстве СССР и Югославии», «Отношение к Украине в политической элите Чехии».

Гісторык па адукацыі, Трухачоў піша, што Польшча працуе над укараненнем у краіне празаходняй, антырасійскай і антырускай свядомасці.

Пры гэтым «В силу особенностей белорусов Россия может достойно ответить на данный вызов, только отталкиваясь от русского единства и русской общности».

Аўтар заяўляе, што ў адрозненне ад суседніх краін і іншых краін Еўропы беларусы маюць не вельмі высокі ўзровень этнічнага «я». Трухачоў расказвае, што сталіцамі для беларусаў маглі быць Масква, Вільня, Варшава, Пецярбург, але не Мінск, Полацк і Гродна. Пры гэтым аўтар апускае факт шматлікіх ваенізаваных сутыкненняў і войнаў паміж жыхарамі сучаснай Беларусі і маскоўскіх зямель.

Ад 14 да 16 стагоддзя паміж ВКЛ і Масковіяй адбылося восем войнаў. Пасля ўваходу тэрыторый Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай паміж бакамі адбылося пяць войнаў – Інфлянцкая праходзіла ў час існавання ВКЛ і РП. Такім чынам, казаць пра гістарычную еднасць народаў ніяк не выпадае.

Аўтар звяртае ўвагу, што нацыянальны рух беларусаў аформіўся ў канцы 19 стагоддзя, а народ не меў уласнай назвы. І што нацыянальныя героі Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі насамрэч польскія, лічылі сябе палякамі і змагаліся за польскую справу. Касцюшка – прадстаўнік беларускага шляхетнага роду, нарадзіўся на Брэстчыне. Сам Тадэвуш называў сябе ліцвінам – менавіта так зваліся жыхары ВКЛ. У сям’і размаўлялі па-польску, таму што большасць шляхты ў той час ужывала польскую мову. Гэтак жа, як у Расіі ў першым дзесяцігоддзі 19 стагоддзя была мода на французскую мову сярод дваранства.

Каліноўскі паходзіць з беларускай шляхетнай сям’і, яго газета «Мужыцкая праўда» выходзіла па-беларуску. Кіраваў ён нацыянальна-вызваленчым паўстаннем, а сярод паўстанцаў існаваў пароль, які ведаюць усе беларусы: «Каго любіш?» – «Люблю Беларусь!» – «Дык узаемна!».

Аўтар заяўляе, што калі беларусы пяройдуць на «”цёмны” бок еўраінтэграцыі», то не толькі атрымаюць эканамічныя страты, беларусаў давядзецца яшчэ ламаць праз калена наконт мовы. Таму што нягледзячы на ўсе спробы ўкараніць мову, большасць беларусаў лічыць роднай мовай рускую.

У сямі раёнах Павілля беларускамоўныя школы існуюць толькі ў вёсках. Працоўная мова для большасці дзяржаўных устаноў – руская. Нагадаем шыльду маладзечанскага кінатэатра «Радзіма», якую пасля рамонту да рэспубліканскіх “Дажынак” замянілі на рускамоўную. Разам з тым па ўсё краіне працуюць курсы беларускай мовы «Мова Нанова», якія ініцыявалі проста жыхары.

Праблема з беларускай мовай ёсць. Але не таму, што беларусам яна чужая, а таму, што з боку ўлады з году ў год працягваецца палітыка русіфікацыі.

1. Выкладчык Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Вадзіма Трухачоў у Крыме летам 2014 года. Фота са старонкі vk.com.

Трухачоў заяўляе, што «опора на русское единство выглядит как оптимальная стратегия по недопущению отрыва Белоруссии от России» і дадае, што рускія і беларусы з’яўляюцца адным народам, пытанні ёсць толькі да беларусаў-каталікоў. Чаму аўтар у пытанне нацыянальнасці дадае рэлігію, незразумела.

Расійскі гісторык падсумоўвае, што расійскаму боку неабходна працаваць над стварэннем вобраза беларуса як часткі рускага народа.

Таму што ў супрацьлеглым выпадку у Беларусі запануе ліцвінства або «палонафілія». «И более болезненного удара для России и русских трудно себе придумать».

Беларусам не прывыкаць да рускіх амбіцый з боку ўлады і праўладных інстытутаў у бок Беларусі. Ці новая гэта з’ява ў расійскай медыяпрасторы? Пракаментаваць гэта мы папрасілі палітычнага аглядальніка і медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага:

– Наратывы падобнага роду ідуць хвалямі. Калі ў беларускай улады было пагаршэнне адносін з Масквой, такія публікацыі ў выданнях для беларусаў таксама былі, але не так часта, бо варта разумець, што беларускія аўтары, якія працуюць у рэчышчы расійская прапаганды, раней улічвалі дзве лаяльнасці – Пуціну і Лукашэнку.

Пасля 9 жніўня пытання лаяльнасці ўжо няма: Лукашэнка больш не шукае “руку Масквы” сярод сваіх палітычных апанентаў і наадварот звінавачвае Захад у інспіраванні пратэстаў.

Заявы пра еднасць з рускімі адпавядаюць пазіцыі Пуціна пра тое, што беларусы і рускія – “фактычны адзін народ, падзелены мяжой”, а таксама пазіцыі Рускай праваслаўнай царквы пра трыадзінства рускага народа (вялікаросы, маларосы і беларусы). Гэта не знаходка сённяшняга дня. Але калі мы бачым актывізацыю дзейнасці ў гэтым кірунку, то можам дапусціць, што ёй кіруе нейкая адна метадычка.