Фота newsler.ru.

Работнікі Мінскага электратэхнічнага завода расказалі, што ў іх у адным з цэхаў работнік скончыў жыццё самагубствам. Прычыны невядомыя.

Як паведамляецца, усё адбылося 19 верасня падчас абеду. Чаму ён гэта зрабіў, невядома. Але калегі мяркуюць, што гэта можа быць звязана з праблемамі на працы.

Завадчанін працаваў зборшчыкам, яму было 33 гады. Калегі кажуць, што нішто ў яго паводзінах і настроі не насцярожвала.

– Але 19 верасня мужчына скончыў жыццё самагубствам у адным з цэхаў, – распавёў нам адзін з працаўнікоў прадпрыемства. – На завод прыехала ўсё начальства, у тым ліку і дырэктар. Стала вядома, што за два дні да гэтага ў яго быў канфлікт з адным з начальнікаў.

Яшчэ адзін работнік завода сказаў, што мужчына пакінуў перадсмяротную запіску.

– Ён прасіў нікога не вінаваціць у сваёй смерці, – сказаў калега мужчыны. – Чаму ён скончыў з сабой, ніхто не ведае, матывы зараз спрабуюць высветліць.

Па словах работнікаў, да іх на прадпрыемства прыязджаў святар, чытаў малітвы каля лесвіцы, дзе адбылося самагубства.

– Учора (20 верасня) ў моргу мінскай 10-й бальніцы было развітанне з калегам. Пахаванне адбылося сёння (21 верасня) на гарадскіх цэнтральных могілках у Вілейцы, – распавядаюць калегі. – У яго застаўся дзевяцігадовы сын. Жонка кажа, што мае намер разабрацца ў прычыне смерці мужа.

Яго сябры, з якімі нам удалося звязацца, пакуль размаўляць адмовіліся. Аператыўна пагаварыць са сваякамі, як і з кіраўніцтвам Мінскага электратэхнічнага завода, не ўдалося.

Як выбраць жыццё, калі яно падаецца невыносным