22 верасня ў судзе Маладзечанскага раёна прайшло чарговае пасяджэнне па справе гвалту над амапаўцамі. На ім заслухалі паказанні сведак і абвінавачваемых, вывучылі доказы.

«Рэгіянальная газета» расказвае, як прайшло чацвёртае пасяджэнне па справе Пяскова і Еўсцягнеева.

19 чэрвеня ў Маладзечне прайшла акцыі салідарнасці. Падчас яе затрымалі Міколу Алейніка. Пасля яго затрымання адбылася сутычка людзей і супрацоўнікаў АМАП. Праз некалькі дзён стала вядома, што ўзбуджана крымінальная справе аб гвалце над амапаўцамі.

Момант затрымання Міколы Алейніка 19 чэрвеня. Фота Настассі Уткінай.

Супрацоўнікі АМАП — Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка — выступаюць у якасці пацярпелых. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Габруковіч. Суддзя — Вікторыя Паляшчук. Абвінавачваемыя — Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцягнееў, іх адвакатамі з’яўляюцца Касцюк і Філіповіч. Падазраваным па справе праходзіць Уладзімір Непагода, месцазнаходжанне яго невядома, яго аб’явілі ў вышук.

Чытайце яшчэ: Прайшло першае пасяджэнне па справе гвалту над амапаўцамі ў Маладзечне

Чытайце яшчэ: Зброю не даставалі, пазабывалі абставіны. Што расказалі амапаўцы па справе Пяскова і Еўсцягнеева

Чытайце яшчэ: Трэці дзень па справе гвалту над амапаўцамі. Пяскова ўзялі пад варту

Хруцкі: схапілі, пацягнулі, як мяшок бульбы

Пасяджэнне пачалося з апытвання сведкі Пятра Хруцкага. З абвінавачваемымі ён незнаёмы. 19 чэрвеня гуляў разам з сынам па Вялікаму Гасцінцу, ішоў ад галоўнага ўваходу ў парк. Калі праходзіў скрыжаванне Гасцінца-Хмяльніцкага, там стаяў малады чалавек, глядзеў нешта ў тэлефоне. Хруцкі заўважыў у яго на руках пальчаткі, на твары — маску. Сказаў сыну, што менавіта так трэба захоўваць сваё здароўе. Сын Хруцкага Андрэй сказаў, што ў Алейніка хворае сэрца.

— У гэты момант схапілі чалавека і, як мяшок бульбы, закінулі ў машыну, — расказвае пра затрыманне Алейніка Пётр Хруцкі.

Пётр Хруцкі кажа, што не бачыў, каб супрацоўнікі прадстаўляліся ці што-небудзь казалі Алейніку. Па яго словах, на Алейніка проста рэзка кідануліся.

— Палічыў, што гэта мой грамадзянскі абавязак –папярэдзіць супрацоўнікоў пра хворае сэрца затрыманага хлопца.

Ён паспеў гэта сказаць міліцыянерам, а потым ледзь не ўпаў — зачапіўся аб бардзюр. Пётр Хруцкі сказаў, што першы раз у жыцці бачыў, як супрацоўнік трымаў у руках пісталет і накіроўваў яго ў бок людзей. Потым амапаўцы заскочылі ў бус і з’ехалі.

Пяскоў і Еўсцягнееў падчас пасяджэння 16 верасня.

Еўсцягнееў: пачуў крык жанчыны і пабег да амапаўца

Уладзіслаў Еўсцягнееў нарадзіўся ў Маладзечне. У 13 год яго забралі ад маці, таму што тая не магла яго даглядаць. У жанчыны бястэрміновая інваліднасць. У 18 год Еўсцягнееў пераехаў назад да маці. Частка кватэры пасля смерці бацькі належыць яму. Еўсцягнееў сказаў, што ў 18 год прадухіліў суіцыд маці, калі аднойчы вярнуўся дадому. Па яго словах, даглядаць сябе без яго дапамогі маці не можа.

Ён не аформіў догляд за інвалідам, таму што не змог бы тады афіцыйна нідзе працаваць. А грошай па доглядзе, кажа Еўсцягнееў, не хапіла бы на жыццё ім з маці.

У Еўсцягнеева сярэдняя спецыяльная адукацыя. Апошняе месца працы — маладзечанская бальніца №1. Там працаваў дезынфектарам у інфекцыйных аддзяленнях.

АМАП затрымлівае людзей падчас акцыі ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

19 чэрвеня да 20:30 знаходзіўся дома, глядзеў відэа. Еўсцягнееў жыве недалёка ад месца, дзе ў той дзень праходзіла акцыя. У яго быў адкрыты балкон, таму чуў, што на вуліцы нешта адбываецца. Выйшаў з дому пасля 20:30, пайшоў у бок гімназіі №6. На скрыжаванні Гасцінца-Хмяльніцкага бачыў людзей, асноўная частка знаходзілася каля былой крамы «Елгава».

Еўсцягнееў бачыў, што частка Вялікага Гасцінца перакрытая супрацоўнікамі ДАІ, інспектар рэгуляваў рух. Там жа мужчына запісаў відэа на тэлефон, паспеў прайсці да галоўнага ўваходу ў парк і назад. Еўсцягнееў на скрыжаванні Гасцінца-Хмяльніцкага паспеў паразмаўляць з суседам пра каронавірус.

Потым пабачыў супрацоўніка міліцыі з мегафонам, амапаўцаў у чорнай форме. Супрацоўнік міліцыі прасіў людзей разысціся. Частка сыходзіла, частка заставалася на скрыжаванні.

Пасля Еўсцягнееў перайшоў дарогу да былой крамы «Елгава». Пайшоў у бок прыпынку, наперадзе яго ішоў Мікола Алейнік. Еўсцягнееў сказаў, што з ім быў кароткі дыялог. Еўсцягнееў сказаў Алейніку, каб той не стаяў на траве. Раней Алейнік і Еўсцягнееў не былі знаёмыя.

Еўсцягнееў памятае, як Алейнік сядзеў на кукішках. Еўсцягнееў у гэты момант глядзеў у тэлефон. Потым пачалі затрымліваць Алейніка, аднак самаго моманту затрымання Еўсцягнееў не пабачыў.

Еўсцягнееў пачуў, як крычыць жанчына, убачыў, як кагосьці цягнуць у бус. Тады падбег да супрацоўніка АМАП, якім аказаўся Яўген Баранаў. Еўсцягнееў левай рукой схапіў левую руку Баранава, а правай хацеў схапіць за тулава, і пацягнуў амапаўца. У гэты час Еўсцягнееў падвярнуў нагу, таму разам з амапаўцам яны ўпалі. Натоўп ужо быў каля іх. Еўсцягнееў упаў, на яго ўпаў і Баранаў. Пасля Баранаў перакінуў Еўсцягнеева праз сябе. Яшчэ адзін супрацоўнік адцягнуў Еўсцягнеева.

Баранаў крыкнуў у бок Еўсцягнеева «Ляжаць!». Еўсцягнееў прыкрыў галаву рукой, каб абараніцца ад магчымых удараў. Потым амапаўцы з’ехалі на бусе.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Рэгiянальная газета (@rg_rhby)

З Паўлам Пясковым Еўсцягнееў не быў знаёмы да гэтых падзей. Еўсцягнееў у той дзень бачыў Пяскова, але толькі на відэа зразумеў, як той падае. Сказаў, што падалося, што яго кідаюць.

Еўсцягнеева затрымалі 20 чэрвеня, калі ён вяртаўся з аўтавакзала дадому. Супрацоўнікі затрымалі ў пад’ездзе.

19 чэрвеня пасля сутычкі Еўсцягнееў перапісваўся з сябрам Дзмітрыем Арлянковічам. Потым схадзіў пагуляць з сяброўкай Марыяй Сяргеевай у парк каля 12 гадзін. З сяброўкай размаўлялі пра тое, што адбылося: затрыманне чалавека падчас ланцуга салідарнасці.

Відэа са скрыжавання Еўсцягнееў убачыў у маладзечанскай суполцы «Типичное Молодечно» каля 23 гадзін. Еўсцягнееў захаваў відэа на сваёй старонцы.

— Раскайваюся, што прынёс шкоду. Непрымальна, калі супраць цябе здзяйсняюць нейкія дзеянні.

Суддзя агалошвала папярэднія паказанні Еўсцягнеева, таму што з паказаннямі, якія той дае ў судзе, ёсць супярэчнасці. Па словах адваката Еўсцягнеева Філіповіча, супярэчнасці ўзніклі з-за таго, што ён пасля паглядзеў відэа і можа не аддзяляць тое, што ўбачыў у відэа ад таго, што адбывалася з ім у той момант. Еўсцягнееў падтрымаў словы адваката.

Пяскоў: адцягваў за форму амапаўца, які стаяў ракам

Павел Пяскоў жыве разам з бабуляй, у якой ёсць інваліднасць па зроку. Ён афіцыйна не працуе, а даглядае бабулю.

19 чэрвеня ў другой палове дня быў з бабуляй дома на вуліцы Маркава. Потым пайшоў да скрыжавання Гасцінца-Хмяльніцкага. Нейкія людзі ў тым месцы сказалі Пяскову, што там збіраюць подпісы за кандыдатаў у кандыдаты ў прэзідэнты. Пяскоў убачыў людзей каля галоўнага ўваходу ў цэнтральны парк. Яны стаялі ў ланцугу. Падумаў, што гэта чарга, каб падпісацца.

На скрыжаванні Гасцінца-Хмяльніцкага бачыў супрацоўнікаў унутраных органаў. Адзін быў у міліцэйскай форме, двое — у чорнай форме. Супрацоўнік у міліцэйскай форме звяртаўся да людзей, казаў пра несанкцыянаванае мерапрыемства.

Пяскоў спыніўся ля ўваходу ў былую краму «Елгава». Каля яго двойчы праходзілі супрацоўнікі міліцыі. Там Пяскоў збіраўся паставіць подпіс за кандыдата ў кандыдаты, але сам пікет ён не бачыў.

Пракурор Габруковіч: Вы носіце з сабой пашпарт?

Пяскоў: Канешне, заўсёды. Толькі зараз з сабой няма.

— Я павярнуўся ў бок парку. Хацеў адысці пакурыць, а потым пачуў крык. Азірнуўся, убачыў, як амапавец цісне, напэўна, каленам на чалавека ў паласатай кашулі. Амапавец стаяў, скажу так, — ракам. Чалавек у той момант ляжаў пад амапаўцам.

Пяскоў падбег, схапіў амапаўца за форму.

— Хацеў выратавацьчалавека, трэба было завяршыць гэты канфлікт. Вакол жа былі дзеці.

Пяскоў пацягнуў амапаўца за форму, і пасля сам упаў. Тады падняўся з кален, стаў каля натоўпу. Ён не бачыў, што адбывалася побач.

Пасля сутычкі Пяскоў пайшоў да Веранікі Французавай. 20 чэрвеня Паўла затрымалі супрацоўнікі міліцыі каля рынку.

Пяскоў падкрэсліў, што не згодны з тым, што нанёс супрацоўніку АМАП цялесныя пашкоджанні.

***

У судзе вывучылі пісьмовыя і рэчавыя доказы. Таксама праглядзелі скрыншоты з трох відэа, фотаздымкі «Рэгіянальнай газеты» і відэазапісы.

Той самы фотаздымак, на якім у руках у амапаўца заўважылі пісталет. У стойцы ў цывільным ля буса — амапавец Віталій Дук. Фота Настассі Уткінай.

Адвакат Касцюк хадайнічаў, каб змянілі меру стрымання ў дачыненні да Паўла Пяскова, якога ўзялі пад варту 18 верасня на падставе ліста начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгары. Суддзя Паляшчук адхіліла хадайніцтва Касцюка. Таксама Паляшчук адхіліла хадайніцтва адвакатаў аб выкліку сведкі Судніковіча і пацярпелых Баранава і Якавенкі. Суддзя ўхваліла хадайніцтва пракурора Габруковіча аб выкліку на наступнае судовае пасяджэнне судмедэксперта, які рабіў экспертызу пашкоджанняў Баранава і Якавенкі.

Наступнае пасяджэнне пройдзе 28 верасня ў 14:30.

• Текст доступен на языке: Русский