Крэва. Фота Сяргея Гапона.

Днямі наш зямляк, ураджэнец Смаргоні, паэт і палітык Уладзімір Някляеў даслаў у «Рэгіянальную газету» свой верш «Крэўскі шлях».

Твор напісаны 19 верасня і публікуецца ўпершыню.

Крэўскі шлях                       Уладзімір Някляеў

Я пушчу са Смаргоняў да Крэва трамвай,
І ўсім людзям з далёкага свету
Буду баяць-казаць пра чароўны мой край,
Пра зямлю крывічанскую гэту.

Будзе грукаць трамвай праз барок, праз лясок,
Цераз лугу раскінуты веер,
І адчуюць усе, хто прыехаў здалёк,
Як тут пахне прыпечаны сонцам пясок
І марозам прыхоплены верас.

Я гісторыі нашай вузлы развяжу,
Што звязаны сівымі вякамі,
Я пра Суцькава міты гасцям раскажу,
Байкі пра Наваспаск з Багушамі.

Раскажу я ім казкі дажджоў і снягоў,
І ў трамваі, прадзьмутым вятрамі,
Паспрабую сказаць, што такое любоў –
З вершалінамі і каранямі.

Раскажу, як я край гэты крэўны люблю,
Прытуляю да сэрца ашчадна
Каранямі ўсіх продкаў, што леглі ў зямлю,
Вершалінамі юных нашчадкаў.

І пачуюцца ўсім бомы крэўскіх званоў
На сямі скрыжаваннях сусвету,
І на вечнай дарозе вялікіх князёў
Мы сустрэнём князёвы карэты.

Выйдзе Вітаўт з карэты і выйдзе Альгерд,
Выйдзе Кейстут з Ягайлам на пару…
Ён жыве! Не ўмірае наш крэўскі сусвет!
Як легенда жыве і як мара!

І калі прагрукоча трамвай праз Сялец
На зваротным шляху да Смаргоні,
Раскажу я паданні пра княскі вянец,
Пра змаганні, пра бітвы, пагоні.

Калі ж мовіць мне хтосьці: “Ты ўсё распавёў!” –
У трамваі апошнім, што поўны сяброў,
Поўны цудаў пражытых і дзіваў,
Я сыграю мелодыю родных палёў:
Паланэз развітання з Радзімай.

А калі я прайду скрозь жыццё і скрозь смерць,
І скрозь тое, што назвы не мае,
Я падзякую ўсім і за ўсё!..
Што ж хацець
Вам яшчэ
ад кіроўцы
трамвая?

19.09.2020                                                                     

«Я працую Някляевым, і нікому не зняць мяне з гэтай пасады». Пра што распавёў пісьменнік на сустрэчы з землякамі ў Маладзечне

“Сынок, ты ўжо, можа, хоць дзе-небудзь давучыся”. Уладзімір Някляеў прыехаў на сустрэчу з маладзечанцамі