Сёння вечарам, 23 верасня, у Маладзечне на цэнтральнай плошчы адбылася пратэстная акцыя з нагоды таемнай інагурацыі Лукашэнкі. Вядома пра затрыманне аднаго мужчыны.

Ад 18 гадзін дзве групы міліцыянераў па чатыры супрацоўнікі ў кожнай хадзілі па плошчы. У мегафоны супрацоўнікі казалі, што людзі ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мітынгу, большасць людзей сядзелі на лаўках.

Некаторыя людзі былі абгорнуты ў бел-чырвона-белыя сцягі.

Міліцыянеры здымалі людзей на відэакамеры. Пераважна жанчыны падыходзілі да супрацоўнікаў, каб паразмаўляць. Міліцыянеры ніяк не рэагавалі на спробы пагутарыць з імі.

На адзінкавыя воклічы «Жыве Беларусь» людзі адгукаліся тым жа воклічам.

У цэнтры плошчы жанчына на ровары чытала Малітву за Айчыну. Яна прапанавала далучыцца да яе ўсім, хто хоча. Каля яе сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Да іх падыйшлі дзве групы міліцыянераў. Яны перарывалі Малітву папярэджаннямі аб несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Да людзей ў цэнтры плошчы далучаліся дзяўчаты, якія ішлі ў счэпцы.

Бурныя эмоцыі ў людзей на плошчы выклікала фура ў бел-чырвона-белай расфарбоўцы.

У нейкі момант людзі вырашылі акружыць адну з груп міліцыянераў сваеасаблівым карагодам. Міліцыянер Жылевіч схапіў за руку жанчыну, спрабаваў вырваць яе з гэтага карагода, каб вызваліць сабе дарогу.

Пасля людзі сталі ў счэпку і прайшліся да помніка Леніну.

На плошчы запалілі святло, а людзі прайшлі невялічкім шэсцям па Брадвею. Міліцыянеры пайшлі за імі. Людзі вярнуліся назад на плошчу, пайшлі ў бок да парку. Там асноўная частка дэманстрантаў разыйшлася, а частка засталася ў парку. Міліцыянеры ў хуткім часе з’ехалі.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

23 верасня ў Маладзечне

Публикация от Рэгiянальная газета (@rg_rhby)

Вядома, што пасля акцыі затрымалі аднаго чалавека. Гэта — Яраслаў Стасілевіч.

Чытайце яшчэ: У Маладзечне, на Цэнтральнай плошчы, затрымалі мужчыну. Ён быў з жонкай і дзецьмі

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский