У судзе Маладзечанскага раёна 24 верасня прайшло пасяджэнне па справе Яраслава Стасілевіча, якога ўчора затрымалі пасля пратэстнай акцыі.

«Лічу, што бел-чырвона-белы сцяг — наш гонар»

Яраслаў Стасілевіч патлумачыў на пасяджэнні, якое вяла суддзя Вікторыя Паляшчук, што прыехаў на плошчу на аўтамабілі разам з жонкай і трыма малымі дзецьмі. Яны прайшліся па Брадвеі, былі каля фантана «Залаты трохлістнік».

Стасілевіч сказаў, што бачыў натоўп з каля 50 чалавек. Яны ішлі з боку вуліцы Прытыцкага. За людзьмі ішла міліцыя. Міліцыянер у мегафон казаў, што дзеянні людзей незаконныя, прасілі грамадзян разысціся. У гэты момант сям’я Стасілевічаў ішла каля фантана.

Стасілевіч сказаў, што ў гэты момант нейкі супрацоўнік зняў яго на відэакамеру, а ён памахаў рукой.

Потым Стасілевіч з сям’ёй пайшлі да свайго аўтамабіля. Да аўто падышлі міліцыянеры, якія папрасілі мужчыну праехаць разам з імі, каб высветліць асобу Стасілевіча. Яраслаў паказаў пасведчанне кіроўцы, сказаў, што можна такім чынам высветліць асобу. Аднак маёр Яраслаў Туровіч сказаў, што калі Стасілевіч адмовіцца выканаць загад міліцыянера, то ў дачыненні яго будзе прымененая фізічная сіла.

Стасілевіч сказаў, што быў абнорнуты ў бел-чырвона-белы сцяг.

— Я лічу, што бел-чырвона-белы сцяг — гэта наш гонар.

Яраслаў Стасілевіч са сваім адвакатам.

«Усё залежыць ад лозунгаў»

Першым сведкам на судзе выступіў міліцыянер Маладзечанскага РАУС Ігар Рыснік. Міліцыянеры ў той дзень займаліся аховай грамадскага парадку. Па словах Рысніка, у людзей была бел-чырвона-белая сімволіка. Людзі спачатку сядзелі на лаўках, а пасля выйшлі на Цэнтральную плошчу. Яны скандавалі розныя лозунгі, міліцыянер памятае толькі «Жыве Беларусь».

— Людзі ў гадзін сем вечара пайшлі ў бок кінатэатра «Радзіма», таксама крычалі гэтыя лозунгі. На «Радзіме» пабылі не болей за пяць хвілін і накіраваліся ў бок парку.

Рыснік разам з іншымі міліцыянерамі пайшоў да фантана, а частка іншых супрацоўнікаў пайшла ў бок парку. Там ён заўважыў Стасілевіча.

— Бліжэй да 20 гадзін ішлі ад плошчы да парку, там пабачыў Стасілевіча. На ім быў бел-чырвона-белы сцяг. Наперадзе ішлі яго дзеці і жонка.

Потым міліцыянер Рыснік з калегамі пайшоў да службовай машыны. Яны аб’ехалі парк, затрымалі мужчыну, які таксама ўдзельнічаў у акцыі. Потым прыехалі на плошчу, спыніліся, і Рыснік у другі раз убачыў Стасілевіча.

— Ён знаходзіўся каля свайго аўтамабіля. Дапамагаў жонцы вазок паставіць у машыну.

Адвакат спытаўся, ці ёсць розніца, з якім сцягам — бел-чырвона-белым ці дзяржаўным — будуць хадзіць людзі, і ці будзе гэта кваліфікавацца як парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Рыснік адказаў, што будзе залежыць ад лозунгаў.

Сведка з міліцыі бачыў Стасілевіча толькі адзін раз

Андрэй Жалевіч — другі сведка па справе Стасілевіча. Жалевіч працуе міліцыянерам у Маладзечанскім РАУС.

23 верасня Жалевіч сумесна з іншымі міліцыянерамі знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Каля 17:30 паступіла інфармацыя, што людзі збіраюцца на Цэнтральнай плошчы на несанкцыянаваную акцыю.

Па словах сведкі, людзі хадзілі па алеі і плошчы, папярэджвалі аб несанкцыянаваным мерапрыемстве і наступствах удзелу ў ім.

— Прыехала нейкая жанчына на ровары. Стаяла, крычала і плявалася. Потым людзі пайшлі шэсцем, вярнуліся на плошчу, прайшлі па скверы і разышліся.

Жалевіч пайшоў за калонай, разам з іншымі міліцыянерамі яны стаялі каля галоўнага ўваходу ў парк. Пасля паехалі ў Маладзечанскі РАУС.

Жалевіч сказаў, што каля фантана бачыў Стасілевіча разам з жонкай і дзецьмі, у яго быў на плячах бел-чырвона-белы сцяг. Ён не памятае, у колькі бачыў Стасілевіча. Жалевіч не бачыў Стасілевіча ні на плошчы, ні на Брадвеі. Таксама не чуў ад мужчыны лозунгаў.

Адвакат запытаўся ў Жалевіча, ці з’яўляецца хаджэнне з бел-чырвона-белым сцягам парушэннем заканадаўства. Той адказаў, што не з’яўляецца.

Жонка Яраслава — Анастасія.

Жонка Стасілевіча: міліцыянеры не прадстаўляліся

Адвакат хадайнічаў аб выкліку сведкі — жонкі Стасілевіча Анастасіі. Анастасія цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, яна цяжарная. У іх разам са Стасілевічам трое малых дзяцей.

23 верасня Яраслаў забраў Анастасію, якая вярталася з вучобы ў Мінску. Яны прыехалі ў Маладзечна каля пяці гадзін. Пасля сямі гадзін разам з мужам і дзецьмі паехалі гуляць. Гулялі каля фантана і па Брадвеі. Потым вярнуліся да аўто. Міліцыянеры падышлі, калі муж грузіў вазок ў машыну, а дзеці ўжо сядзелі ў машыне.

— Міліцыянеры не прадстаўляліся, гэтага не чула. Пазнала, што гэта міліцыянеры, па форме. Яны падышлі да мужа, калі той грузіў вазок у багажнік.

Анастасія сказала міліцыянерам, што цяжарная, і з ёй разам малыя дзеці. Маўляў, як супрацоўнікі могуць зараз пакінуць яе без мужа, як яна даедзе дадому. Анастасія адзначыла, што міліцыянеры пагражалі прымяніць сілу, калі Яраслаў адмовіцца ісці з імі.

У судзе прадставілі аператыўны  відэазапіс міліцыянераў Маладзечанскага РАУС. На ім быў Яраслаў Стасілевіч. Ён ішоў, абгорнуты ў бел-чырвона-белы сцяг, паказаў на камеру знак «вікторыі». Стасілевіч пазнаў сябе на відэа.

Яраслаў Стасілевіч не прызнаў віну.

Суддзя Паляшчук пастанавіла, што Яраслаў Стасілевіч парушыў артыкул 23.34 КоАП. Яна прызначала яму адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе арышту на 7 сутак.

• Текст доступен на языке: Русский