Аляксандр Дарашэвіч.

У Астравецкім раёне жыхары правялі экалагічную акцыю ў межах Сусветнага дня прыборкі. Дзякуючы ёй чысцей стала тэрыторыя вакол двух азёр Сарачанскай групы.

Аляксандр Дарашэвіч – гаспадар аграсядзібы «Камарышкі». Менавіта за прыродаахоўную дзейнасць ён перамог у намінацыі «Учынак года» ў акцыі «Рэгіянальнай газеты» «Асоба года-2017».

19 верасня Аляксандр зладзіў мерапрыемства ў межах Сусветнага дня прыборкі. Кажа, агулам гэта заняло каля трох гадзін. Прыбіраў Аляксандр разам з жонкай Вольгай. На наступны дзень прыборка працягнулася – далучыліся дзяўчаты, якія гасцілі ў аграсядзібе.

Дарашэвіч ужо некалькі год запар арганізоўвае прыборкі на тэрыторыі Сарачанскіх азёраў. У гэтым годзе абышлі возера Падкасцёлак і Галубіна.

Агулам за тры гадзіны ўдвух сабралі каля 500 літраў смецця.

Смецце ад рыбакоў і адпачывальнікаў

Тэрыторыю вакол гэтых азёраў прыбіралі не ўпершыню. Толькі абыходзяць кожны раз іншы маршрут. Аднойчы зрабілі і экасплаў на байдарках, калі прыбіралі смецце з вады.

– У асноўным смецце, што мы сабралі, засталося ад рыбакоў і адпачывальнікаў. Ёмістасць ад прыкормкі, бутэлькі, у тым ліку з-пад алкаголю. Было і такое – людзі адпачывалі, прыбралі смецце, а пакет з ім пакінулі ля дарогі.

На Астравеччыне экалагічныя акцыі праводзіць лясгас – звычайна ў межах іх садзяць дрэвы і прыбіраюць смецце. Запрашаюць да прыборкі і прадстаўнікі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Далучаць дзяцей – слушна

Некаторыя арганізацыі запрашаюць на акцыі па прыборцы ў горадзе, але акцыя заключаецца ў зграбанні лісця і яго вывазе.

Да такіх прыборак эколагі ставяцца скептычна – лісце якраз варта пакідаць, толькі змятаць з тратуараў.

Часта да экалагічных акцый прыцягваюць школьнікаў. Дарашэвіч лічыць, што гэта вельмі слушнае рашэнне:

– На першай акцыі дзецям расказваюць, як смецце ўплывае на прыроду, чым яно шкоднае, калі не прыбіраць з лесу. А на наступны раз ужо гэтыя дзеці расказваюць пра шкоду смецця ў прыродзе сябрам і іншым удзельнікам акцыі. Атрымліваецца такі выхаваўчы момант.

Што за Сусветны дзень прыборкі

Гэта штогадовая акцыя, у межах якой мільёны людзей збіраюцца, каб ачысціць планету ад смецця. У гэтым годзе далучыліся прадстаўнікі больш за 160 краін.

У Беларусі Міжнародны рух у межах акцыі называецца «Зробім!». Акцыі пад эгідай акцыі «Зробім!» у Беларусі ладзяць ад 2012 года.

У гэтым годзе астравецкі актывіст не збіраў шматлюдную акцыю ў сувязі з эпідэміялагічнай і палітычнай абстаноўкай, а здзейсніў яе разам з жонкай.