Фота Настассі УТКІНАЙ.

Дарагія чытачы! Сёння выйшаў чарговы выпуск папяровай версіі «Рэгіянальнай газеты». Але тыя, хто набываў выданне праз «Еўраопт», ужо не змогуць гэта зрабіць.

На гэтым тыдні гандлёвая сетка вырашыла прыбраць з крамаў усе газетныя стойкі. Гэта значыць, што сетка перастала прадаваць усе друкаваныя перыядычныя выданні па ўсёй краіне, як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя.

Пры гэтым крама пра сваё рашэнне не палічыла патрэбным паведаміць сваім бізнес-партнёрам – рэдакцыям. З-за гэтага частка чытачоў пазбавілася зручнага канала атрымання інфармацыі.

У рэгіёне выхаду «РГ» менавіта нашае выданне – адзіны беларускамоўны папяровы сродак масавай інфармацыі, які усе 25 год трымаецца прынцыпаў аб’ектыўнасці, праўдзівасці і плюралізму меркаванняў. Мы лічым сваёй місіяй асвятляць самыя важныя падзеі рэгіёна, і лічым, што нашы чытачы павінны мець бесперашкодны доступ да журналісцкіх публікацый.

Мы ведаем, што ў некаторых сем’ях атрымалася знайсці паразуменне па важных пытаннях дзякуючы менавіта друкаванай інфармацыі. Таму што ёсць частка людзей, якія надрукаванаму вераць больш, чым словам блізкіх людзей.

Сябры, мы цяпер жывём у вельмі незвычайны перыяд, калі кожнаму асабліва моцна патрэбная падтрымка. Часам гэта адзінае, што дапамагае рухацца наперад. Нам таксама патрэбная ваша падтрымка. Калі ласка, падтрымайце беларускамоўнае выданне, якое, на нашу думку, выконвае вельмі важную функцыю – праўдзіва расказвае пра самыя хвалюючыя пытанні. Для гэтага просім зрабіць наступнае:

  1. Купіце папяровы нумар газеты. Прадаецца ў кіёсках «Белсаюздруку», магазінах «Чыгуначны», «Водар хлеба», «Фестывальны», «Капеечка» на «Модулі», «Гастраном 1», «Дабраном» на Касманаўтаў, «Каля рынка», на Лясных 60-ы. Вазьміце асобнік для сябе і сваіх блізкіх.
  2. Падпішыцеся на папяровую газету, інструкцыя тут.
  3. Падпішыцеся на нашы сацыяльныя сеткі:
    Ютуб, Тэлеграм, Інстаграм, Укантакце, Аднакласнікі, Фэйсбук.
  4. Часцей зазірайце на наш сайт.
  5. Калі вас абурылі дзеянні магазіна «Еўраопт», вы можаце пакінуць адпаведнае паведамленне ў Кнізе скаргаў і прапаноў.