Самыя высокія заробкі - на АЭС. Фота Настассі Уткінай.

Прапануем агляд вакансій і заробкаў па Ашмянах, Астраўцу і Смаргоні, якія з’явіліся апошнімі днямі на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

Астравец: cамыя высокія заробкі тут

У дзіцячы садок у вёску Малі на 0,4 стаўкі патрэбны прыбіральшчык. Прапануюць ад 150 рублёў. У гімназіі №1 дворніку – ад 375. Туды ж возьмуць рабочага на 0,25 стаўкі. Заробак ад 93 рублёў.

«Еўрагандаль» шукае загадчыкаў крамы і аддзела. Заробкі ад 1110 і ад 900 рублёў адпаведна. Туды ж возьмуць намесніка дырэктара – ад 900 і кантралёра-касіра – ад 750. У «Дабраноме» прапануюць менш: загадчыку аддзела – ад 650, касіру – ад 550.

Шмат спецыялістаў па-ранейшаму шукаюць на БелАЭС. Гэта начальнікі аддзела і цэха, інжынеры. Самы высокі абяцаюць таму, хто прыйдзе на пасаду вядучага спецыяліста – амаль ад чатырох тысяч рублёў.

Ашмяны: балетмайстры і хормайстры – на паўстаўкі

У раённы метадычны кабінет патрэбны метадыст. Прапануюць ад 500. У ЖКГ возьмуць эканаміста, качагараў, прыбіральшчыка, электраманцёраў, рабочых, слесараў, водараздатчыка на паўстаўкі, кіроўцу пагрузчыка, кветкавода, машыніста помпавых установак. Электраманцёрам прапануюць ад 600 рублёў. Астатнім у межах 400-500.

Шукаюць спецыялістаў у культуру раёна – хормайстра, дырыжора, балетмайстраў, мастака-пастаноўшчыка, дырэктара клуба ў Крэйванцы, метадыстаў, кіраўніка, гуртка. Большасць з прапаноў – на паўстаўкі. Гэта значыць, што спецыялісты атрымаюць ад 187,50.

Чакаюць і спецыялістаў у мясцовую ЦРБ. Патрэбная медсястра на паўстаўкі ў стаматалагічны кабінет і на стаўку – у кабінет імунапрафілактыкі. Заробкі – ад 187,50 і ад 375 – адпаведна. Возьмуць таксама доктара агульнай практыкі з заробкам ад 746 і доктара-фізіятэрапеўта – на паўстаўкі. Заробак – ад 285. На 0,75 стаўкі возьмуць інструктара па фізкультурна-аздараўленчай рабоце ў мясцовую ДЮСШ. Заробак – ад 281,25.

Шмат спецыялістаў запрашае сырзавод. Возьмуць эколага на паўстаўкі, сыраробаў, аператараў лініі, слесараў – на стаўку. Найбольш – ад 620 рублёў – атрымаюць аператары.

А ў «Еўрагандаль», як і ўсюды па рэгіёне, патрэбныя кантралёры-касіры. Заробак – ад 650.

Фельчар-лабарант, што прыйдзе ў мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, атрымае ад 460. Сюды ж патрэбныя дактары – паразітолаг, гігіеніст, памочнік гігіеніста, на паўстаўкі – доктар-лабарант. Найбольш атрымае гігіеніст. Яму прапануюць ад 810 рублёў.

У гаспадарку «Прыгранічны» патрэбны кіроўца. Заробак – ад 450. Сюды ж шукаюць агранома, ветфельчара, юрысконсульта. Усім – ад 375. Толькі трактарысту – ад 495. А вось трактарыст-машыніст у гаспадарцы ў Крэйванцах атрымае ад 710. Геадэзісту ў ДСУ-28 абяцаюць ад 650. Галоўнаму энергетыку ў гаспадарцы «Кракоўка» – ад 824.

Ашмянская раённая бібліятэка шукае інжынера-праграміста (ад 375). Ад 400 рублёў тут прапануюць і загадчыку, і рабочаму.

Смаргонь: ёсць такая праца – абрубшчык сукоў

Камбінат хлебапрадуктаў возьме кіроўцу і прасаўшчыка гатовай прадукцыі. Заробкі – ад 500. На дзвесце рублёў больш атрымае электрагазазваршчык на агрэгатным заводзе. Вядучаму спецыялісту там прапаноўваюць ад 600, кіроўцу – ад 550. Філіял прадпрыемства «Пінск-дрэў» запрашае абрубшчыка сукоў. Заробак – ад 800. У ЖРЭС возьмуць муляра, цесляра, дахаўшчыка, электрагазазваршчыка. Усім – ад 600.

У бальніцу патрэбныя санітарка і электраманцёр. Заробак – ад 385. Крыху больш атрымаюць фельчар і медсястра. Дактары ў Смаргоні атрымаюць ад 500 да 700 рублёў, а ў Войстаме – ад 800. У Залессе возьмуць акушэрку. Плаціць абяцаюць ад 400.

У яслі-садок, што ў вёсцы Сінькі, патрэбны кладаўшчык. Заробак – ад 375. У сельскагаспадарчай арганізацыі «Дэйры-фарм», дзе займаюцца вытворчасцю малака, патрэбныя ветэрынарны доктар і аграном. Заробкі – ад 1400 і 1200 адпаведна.

• Текст доступен на языке: Русский