Сёння, 27 верасня, у Беларусі прайшлі пратэстныя акцыі — Марш інагурацыі. У Маладзечне людзі таксама збіраліся правесці акцыю, аднак міліцыя не дала магчымасці сабрацца пратэстоўцам.

Нядзельныя акцыі ў Маладзечне пачынаюцца з шэсця па вуліцы Вялікі Гасцінец. Сёння праспект упершыню з пачатку пратэстаў патрулявалі міліцыянеры — ад Лядовага Палаца да Цэнтральнай плошчы.

На Цэнтральнай плошчы, па словах відавочцы, доўгі час стаяў зялёны аўтобус. У ім былі завешаныя шэрай тканінай вокны. Было бачна, што ў ім знаходзяцца людзі ў балаклавах, у самім аўтобусе ляжаць шчыты.

Па плошчы хадзілі супрацоўнікі маладзечанскай міліцыі. Іх было не менш за 11 чалавек. Людзі сядзелі групамі ў алеі, частка — каля помніка Леніну. Каля міліцэйскіх машын знаходзіўся і начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.

Начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.

Міліцыянеры найстойліва рэкамендавалі людзям, што былі каля помніка Леніну, разысціся па дамах. Таксама адзін сілавік з мегафонам падышоў да журналістаў, і сказаў, што ім таксама трэба ісці дадому.

Гэты працэс два супрацоўнікі здымалі на відэакамеру.

Каля міліцыянераў на плошчы ездзіў сіні «Фольксваген» без нумароў. У ім былі людзі ў балаклавах.

Ад помніка Леніну людзі пайшлі ў бок парку па алеі. З імі ішлі і міліцыянеры. Супрацоўнікі звярталіся да людзей, што сядзелі на лаўках на алеі, што яны ўдзельнічаюць у несанкцыянаванай акцыі.

Каля галоўнага ўваходу ў парк жанчына дастала плакат, разам з ёй стаялі таксама некалькі жанчын. Міліцыянеры падышлі да іх і казалі пра незаконыя дзеянні. Хутка да гэтай жанчыны прыйшлі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Усе яны пастаялі 10-15 хвілін каля ўваходу, потым пайшлі ў парк.

Аўтобус з сілавікамі.

Некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў пайшлі да помніка пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі. У гэты момант у парку ўпала дрэва, хтосьці з натоўпу сказаў, што так упадзе дыктатура.

У хуткім часе пратэстоўцы разышліся. На ўваходзе ў парк і на Цэнтральнай плошчы заставаліся міліцыянеры, якія патрулявалі тэрыторыю.

Ва ўнутраным дворыку Маладзечанскага РАУС стаялі машыны, у якіх знаходзіліся падчас акцыі сілавікі ў балаклавах.

Падчас акцыі затрыманняў не было.

Амапавец махае на камеру.

Фота Настассі УТКІНАЙ.