28 верасня прайшло пятае пасяджэнне па справе гвалту над амапаўцамі. Апошнім сведкам выступіў судмедэксперт, прайшлі спрэчкі бакоў.

19 чэрвеня ў Маладзечне падчас ланцуга салідарнасці затрымалі Міколу Алейніка. Пасля гэтага адбылася сутычка паміж людзьмі і амапаўцамі. Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».

Пацярпелыя — супрацоўнікі АМАП Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка. Абвінавачваемымі з’яўляюцца Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцягнееў. Адвакаты абвінавачваемых — Ігар Касцюк і Уладзіслаў Філіповіч. Адзін з падазраваных — Уладзімір Непагода — знаходзіцца ў вышуку.

Дзяржаўны абвінаваўца — Сяргей Габруковіч. Суддзя — Вікторыя Паляшчук.

Судмедэксперт: фотафіксацыя пашкоджанняў не прадугледжаная

Міхаіл Скабей — судовы медэксперт. Менавіта ён аглядаў пацярпелых амапаўцаў, даваў заключэнне па іх пашкоджаннях.

Экспертызу правялі 20 чэрвеня. Скабей зафіксаваў у Якавенкі драпіну на левым калене памерам 2 см на 1,5 см. Адвакат Касцюк запытаўся, ці былі ў Якавенкі пашкоджаныя далоні. Судмедэксперт сказаў, што ў дакументах гэта не зафіксавана, таму не былі.

У Баранава па выніках судмедэкспертызы зафіксавалі дзве драпіны на правым локце і назе.

Па словах Скабея, фотафіксацыю пашкоджанняў не рабілі, таму што гэта не прадугледжана ўнутраннымі распараджэннямі.

Суддзя Паляшчук сказала, што судовае следства завершана.

Павел Пяскоў.

Спрэчкі бакоў

Дзяржаўны абвінаваўца Габруковіч лічыць, што на працягу следства высветліліся ўсе абставіны справы: Пяскоў аказаў супраціўленне Якавенку, а Еўсцягнееў — Баранаву.

Па словах Габруковіча, паказанні амапаўцаў дакладныя і не супярэчаць адзін аднаму.

Заўважыў, што ў іх былі маленькія недакладнасці, аднак у задачы амапаўцаў не ўваходзіць усё запамінаць, а потым дававаць паказанні.

Габруковіч лічыць, што Пяскова і Еўсцягнеева трэба прызнаць вінаватымі ў парушэнні артыкула 363 Крымінальнага кодэкса. Абвінаваўца запрасіў для Паўла Пяскова 3,3 гады выпраўленчай калоніі, для Уладзіслава Еўсцягнеева — 3 гады выпраўленчай калоніі.

Уладзіслаў Філіповіч (адвакат Еўсцягнеева) заўважыў, што ў судовым разбіральніцтве відавочна прывілеяванае становішча пацярпелых, якія нават не прысутнічаюць асабіста на пасяджэннях. Няма і прадстаўніка пацярпелых Прыгодзіча, які быў толькі на першым пасяджэнні.

Філіповіч лічыць, што трэба ведаць усе акалічнасці справы, каб выносіць прысуд. Напрыклад, па яго меркаванню, Еўсцягнееў не разумеў, што прысутнічае на несанкцыянаванным мерапрыемстве. Міліцыянеры не растлумачылі, чаму тады было незаконна прысутнічаць у тым месцы.

На думку адваката, у той вечар на дзеянні Еўсцягнеева паўплывалі і асабістыя акалічнасці — гвалт бацькі ў дачыненні да маці. Таму Еўсцягнееў і кінуўся ў бок амапаўцаў, калі пачуў крык жанчыны.

Філіповіч заўважыў, што Еўсцягнееў характаразуецца вельмі станоўча з месца вучобы і працы, з’яўляецца каштоўным членам грамадства.

Ігар Касцюк (адвакат Пяскова) у сваёй прамове спаслаўся на міжнародныя акты, якія рэгулююць мірныя стыхійныя сходы. На яго думку, акцыя 19 чэрвеня ў Маладзечне была стыхійным сходам. Ён лічыць, што тады атрымаць дазвол ад райвыканкама ў кароткі прамежак часу было немагчыма.

Згодна з міжнароднымі актымі, якія ратыфікавала Беларусь, стыхійныя сходы могуць праходзіць у нашай краіне. Ім нельга перашкаджаць, толькі ў выпадку, калі яны перастаюць быць мірнымі.

Касцюк сказаў, што амапаўцы Баранаў і Якавенка затрымалі Мікалая Алейніка толькі таму, што акцыю не санкцыянаваў Маладзечанскі райвыканкам. Падчас затрымання яны не прадстаўляліся і не патлумачылі Алейніку, чаму абмяжоўваюць яго правы і свабоды.

Па словах Касцюка, прадстаўнікі ўлады — амапаўцы — умяшаліся ў ход мірнага стыхійнага сходу. Касцюк лічыць, што канфлікт пачаўся менавіта з брутальнага затрымання Алейніка. Ён сказаў, калі б амапаўцы Баранаў і Якавенка паказалі пасведчанні, папрасілі прайсці ў службовы аўтамабіль, то сітуацыя развівалася інакш. Касцюк лічыць, што брутальнае і агрэсіўнае затрыманне Алейніка спарадзіла агрэсію з боку людзей.

Па словах адваката, паказанні амапаўцаў, як сведак, так і пацярпелых, трэба ўспрымаць крытычна.

У многіх момантах ёсць разыходжанні ў паказаннях: напрыклад, тое, што Шыйко насамрэч даставаў пісталет. Касцюк сказаў, што амапаўцы, мяркуючы па іх паказаннях, дамовіліся даваць іх у адным ключы. А іх паказанні па перавозцы Алейніка з’яўляюцца наогул непраўдзівымі — паказанні супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС абвяргаюць паказанні амапаўцаў.

Уладзіслаў Еўсцягнееў.

Апошнія словы Еўсцягнеева і Пяскова

— Я разумею, што здзейсніў кепскі ўчынак. Я каюся ў зробленым. З улікам таго, што тут было сказана, хачу падзякаваць свайму абаронцу Уладзіславу. Спадзяюся, што высокі суд абярэ тое пакаранне, з якім я застануся са сваёй маці, — сказаў Еўсцягнееў.

Пяскоў ўстрымаўся ад апошняга слова.

Наступнае пасяджэнне пройдзе 29 верасня ў 10:00.

• Текст доступен на языке: Русский